Плётка зводзілася да таго, што Алесь Загорскі нібыта ўпэўніўся ў поўнай недалёкасці Міхаліны Раўбіч і таму заняўся прыгодамі ў другіх месцах.
— Малады, а такі ўжо распусны, — шапацела чутка. — Звязаўся з гэтай іхняй актрысай, і ў іх там ледзь не кожную ноч пір і усё, што да гэтага…
— Дык божа мой… Яна… Гэта ж ажаніцца трэба. Хіба пэцкаюць жаночую цноту?
— І яна за яго не лепшая. Шлюб пад плотам, а вяселле потым.
Знаходзіліся людзі, якія не верылі. І тады з боку палаца Хаданскіх папаўзло падмацаванне.
— А думаеце, чаму стары Вежа ёй волю даў? Сам, відаць, да нейкага часу… А чаму цяпер ёй увесь час пенсію павялічваюць, мовам вучаць, уборы робяць… То ж бо… Дарэмна не зробяць…
Чутка гэтая дайшла да сям'і Раўбічаў, паслужліва паднесеная пані Эвеліне. Пан Яраш не паверыў і шкадаваў толькі, што жонка не казала, ад каго чула: трымала слова.
— Ну, бабы, — гарачыўся Яраш. — Каб мужыка, дык на бар'ер…
Ад Майкі гэта вырашылі хаваць. І, можа, так бы яно ўсё і абышлося, каб аднойчы ля царквы не пачула яна за спіною шэпт:
— Заручоная таго… Распусніка… А акторка тая цяжарная…
Магчыма, яна і не звярнула б увагі, каб вечарам таго самага дня старая Хаданская "выключна з-за любові да яе" не паўтарыла Міхаліне таго самага:
— Вы павінны глядзець, мілая. У наш час пайшлі зусім іншыя маладыя людзі… Як бы не давялося ведаць, што ў вашых дзяцей будуць браты…
Абарвала яе. Сказала, што не хоча чуць.
— Я не разумею вас, мілая. Я ж не са злосці. Наш святы доўг папярэджваць нявопытных. Заўважылі, як тая, Карыцкая, на яго глядзіць?
Майка змоўкла. Яна "заўважыла" гэта пару разоў за кулісамі тэатра ў Вежы.
— Паверце, мілая, з дзяўчатамі аб такім не гавораць, але яна вось ужо чатыры месяцы не іграе і нікуды не ездзіць.
Заўважыла, што Майчыны бровы здрыгануліся.
— Толькі для вас я дастала ў купца гэты рахунак. Бачыце?
"Даставіць пані… Ну і вось. Карункі, аксаміт, шоўк… кулон… завушніцы".
Майка не ведала, як дбаюць пра Гелену стары Вежа і Алесь, не ведала, як яны лічаць за патрэбнае, каб у актрысы былі, як у сталічных актрыс, свае ўборы і каштоўнасці. Яна проста ўбачыла пад рахункам подпіс Алеся і раптам успомніла, як нядаўна заўважыла ў галерэі Вежы адсутнасць адной карціны, "Хаты" Адама Шэмеша, як спытала ў Алеся, дзе яна, і як той быццам сумеўся, а пасля адказаў:
— Падарыў… Гелене. А што, яна і табе падабаецца?
— Гэта глупства, пані, — спакойна сказала яна.
І ўсё ж яна паверыла.
А потым папаўзла па людзях зусім ужо гнюсь. Нібыта малады Загорскі, не дабіўшыся ўзаемнасці (а Майка, нібы ў пацвярджэнне гэтага, трымала сябе з ім разлічана-халодна і суха), намерваецца ўзяць Міхаліну Раўбіч сілаю. І ўжо нібыта пахваляўся аб гэтым у рэстарацыі п'янай кампаніі.
Алесь нічога не мог зразумець. Што здарылася? Ён паспрабаваў пагаварыць з Майкай, але сустрэў амаль варожы позірк.
— Вы зробіце мне вялікую ласку, калі не падыдзеце да мяне больш, — сказала яна. — Ніколі!
І пайшла. А ў прыбіральні збораў разрыдалася перад люстрам ад гаротнага непаразумення і крыўды. Так яе і заспела старая Клейна, якая таксама "чула пра ўсё".
— Што такое?
— Ён. Не ведаю, нашто яму…
— Дык і да цябе дайшло?
Міхаліна зразумела гэта так, што старая ўсё ведае і ва ўсё верыць.
А Клейна між тым, ведаючы натуру чалавечую, верыла толькі ў тое, што Алесь, можа, і ляпнуў нешта такое, бачачы, як зажывае над ім нарачоная.
— Дагулялася, — сказала Клейна. — Хлопец цябе, па ўсім відаць, кахаў, а ты, гульвіса, зажывала над ім, нібы ў яго не сэрца, а каменьчык.
— Але ж я яго таксама…
— Што "таксама"? Што? Відаць, ужо зусім сіл не ставала, калі на такое рашыўся.
У добрай Клейны сэрца балела і за дачку, і за Майку, і за Алеся. Сапсавала жыццё тром маладзёнам, ды і сама нічога не дабілася, брыдкае дзяўчо. Вось яно да чаго зажывошчы ды капрызы вядуць.
Клейна маўчала, копячы міжвольнае раздражненне супраць дурасці маладых. І таму, калі нехта завёў у яе прысутнасці размову аб брыдкім здарэнні і зноў ужыў словы "ўзяць сілай", старая не вытрымала.
— Ну і ўзяў бы, — іранічна сказала яна. — Падумаеш, бяда вялікая.
Майка пасля сустрэчы з Клейнай паверыла ва ўсё да канца. Наступнага дня яна папрасіла бацьку, каб Загорскім адмовілі ад дому. Пан Яраш аслупянеў і сказаў ніякава:
— І ты чула? Ты пачакай, доню, можа, мана?
— Гэта праўда, — адрэзала тая. — Я прашу цябе, татка, ніколі… нагі яго тут…
Яраш шанаваў дачку, ведаў, што яна — Чалавек і яе нельга мучыць допытамі. Калі яна гаворыць — яна, пэўна, ведае і ўсё абдумала.
Читать дальше