Лёднік, хаця й не паварушыўся, але збялеў. Трапіць у сутарэнні Радзівіла Жорсткага — усё роўна што ў пекла… Ніхто адтуль не выходзіў жывым, вязні розных званняў гнілі жыўцом. А пана яшчэ й падбадзёрвалі крыкі ды стогны зняволеных — таму майстэрства катаванняў цанілася ў ягоных замках вышэй нат за кухарскае.
— Калі васпан мяне памятае, дык мусіць і памятаць, дзе мяне знайшлі, калі пан Геранім замак свайго брата захапіў, — змрочна прагаварыў Лёднік. — У сутарэнні на ланцугу я сядзеў. Бо якраз адмовіўся па загадзе пана чарнакніжніцтвам займацца.
Юдыцкі толькі пакрывіўся.
— Гэта суд вызначыць. Вось улоў у мяне на чарнакніжнікаў… Нядаўна з Полацку адну вядзьмарку забіраў, таксама лекаркай сябе называе. Кніжкамі гандлюе, цьху! І ясна якімі, калі звар’яцелы брат пана Гераніма ў ейнага бацькі кніжкі замаўляў. Вучоная баба! Куды свет коціцца!
Лёднік раптам неяк страпянуўся, зіркнуў цёмнымі вачыма — гэта было, як з абцерханых, някідкіх похваў на хвілю паказалася дасканала вострае, смяротна небяспечнае лязо — адзін з жаўнераў нават мімаволі — спрацаваў інстынкт старога воя — перацяў палонніка на спіне, праўда, той як і не заўважыў.
— А ці не прыпомніць пан імя тае лекаркі?
— А табе нашто? — Юдыцкі задаволена пагладзіў доўгія вусы. — Не ўсё адно, каму суседняя пятля дастанецца? Саламея яе завуць, Рэнічаўна.
— Сумленнага чалавека асляпіла саламандравымі слёзамі! — ўгодліва падказаў віж. — Страшной сілы вядзьмарка!
— Што за блёкат! — на шчоках Лёдніка ажно праступілі чырвоныя плямы — так усхадзіўся. — Саламандравымі слёзамі завецца звычайнае расчынне карбанаду натрыя, ад яго ніякае шкоды не можа быць…
— Ты пра сябе думай! — абсёк яго Юдыцкі. — Сваіх грахоў хапае. Усё, час адпраўляцца! — жаўнеры зараз жа схапілі Лёдніка пад пахі і штурханулі да выхаду з карчмы. Адэля старалася не глядзець на алхіміка, дый астатнія сведкі зашыліся па кутах так, што ні відаць, ні чуваць. Каму ахвота патрапіць пад падазрэнне? Учора ж вядзьмак многіх лекаваў…
Юдыцкі на развітанне холадна кіўнуў Пранцысю.
— Няхай пан наступным разам пільней выбірае сабе знаёмых.
Лёднік жа нават вачэй не падняў. Вараня калісьці гэтак жа пакорліва ішоў у карцэр, нават вачыма не просячы аб спагадзе ды паратунку. Суд… Які там суд? Ясна, суддзя прадасць алхіміка Гераніму Радзівілу, а той у сваёй вотчыне што хоча, тое і робіць. А жыць як з гэтым? Адзінае выйсце… Вырвіч узляцеў па лесвіцы ў іхні пакой… Потым — кулём — назад. З паперынай у руках. На хвілю падалося, што дзверы суседняга пакою прыадчыніліся, і збліснула ў шчыліне цікаўнае блакітнае вока.
— Стойце! Лёднік не можа быць пакараны! Ён мой слуга, халоп мой, мне належыць! Я яму загадаў — вось ён і лячыў… У яго нічога свайго няма! Толькі я маю права яго пакараць!
Суддзя ўзяў паперыну, уважліва прачытаў, яго адтапыраныя вусны варушыліся, як два бледных вусені… Пранцысь сустрэўся поглядам з Лёднікам — і скалануўся. Столькі застарэлага болю, сораму, прыніжанай годнасці… Вырвіч усвядоміў, што гэтаму чалавеку лягчэй было б пайсці на катаванні і ў пятлю, чымся прылюдна пачуць аб сваім рабскім становішчы. Праўда, выгляд у алхіміка стаўся яшчэ больш фанабэрысты, чым у суддзі.
Юдыцкі скруціў шорсткую паперу і вярнуў гаспадару.
— Тут юрыдычны казус: з аднаго боку, названы Лёднік знаходзіцца ў залежнасці ад волі пана, і ягоная маёмасць належыць пану Вырвічу. Але гэтае становішча было дасягнутае па добрай волі самога Лёдніка, за нявыплачаную пазыку. А паводле Статута Вялікага княства Літоўскага, раздзел дванаццаты, артыкул дзевятнаццаты, калі вольны чалавек у голад прадае сябе ў няволю і дае на тое адпаведны ліст, не можа нават у такім выпадку стаць кметам. І ўжо ва ўсялякім выпадку мусіць сам адказваць са свае ўчынкі! Калі ж пан Вырвіч прызнае, што таксама датычны да ягоных злачынстваў…
— Ды не слухайце вы дурнога хлапчыску! — узарваўся Лёднік, чый спакой садзьмула, як саламяную труху. — Я — лекар, я быў у Марціна Шалёнага, я лячыў у гэтай карчме, на што, між іншым, згодна клятве Гіпакрата і свайму дыплому, выдадзенаму ў Лейпцыгскім універсітэце, маю поўнае права. А з ім, з гэтым падшыванцам — я казаў — мы ўчора толькі сустрэліся! Ён да мяне датычны не болей, чым шабля да бота!
— Лекар — мая маёмасць! — не здаваўся Пранцысь. — Пан Агалінскі перадаў мне права спагнаць з яго пазыку ў дзвесце дукатаў. Пакуль не атрымаю гэтых грошай, лекар — толькі ў маёй уладзе!
— Вось як… Практычны малады чалавек, ухваляю, — Юдыцкі дэманстратыўна задумаўся. — Але будзем шчырымі — пан Вырвіч заплаціў за гэтага чарнакніжніка аніяк не дзве сотні дукатаў. А… колькі?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу