— А потым надыйшоў час, — працягваў гаспадар, — калі нават самую простую і лёгкую ежу мой страўнік перастаў прымаць, і думаў я ўжо, што аддам у вогненнае мора залатыя ключыкі… Дай Бог здароўя шаноўнаму доктару пану Лёдніку, вашаму вучонаму сябру, — Юдыцкі злёгку пакланіўся Пранцішу. — Адратаваў мяне… Але ж прапісаў спецыяльную дыету! А як толькі мы чагосьці пазбаўляемся — тут і пачынаем прагна гэтага жадаць, грэшнікі… — скрушліва прамовіў суддзя і адправіў у рот кавалачак смажанага вожыка. — Таму й вырашыў я, не губячы здароўя дзеля чэраваўгодніцтва, усё-ткі спазнаць высакароднае мастацтва шляхецкай ежы. А якія радасці яшчэ ў жыцці ў мяне, хворага, страціўшага Фартуну, засталіся, дарагі пан Вырвіч!
Юдыцкі мройна пажаваў кавалак і выплюнуў на паднос. Ага, калі не маніць наконт апошняй радасці — значыць, мужчынскую сілу Лёднік пану суддзі ўсё-ткі не вярнуў, зласліва падумалася Пранцішу. На здаровага чалавека суддзя не выглядаў: худы, зжаўцелы… Але не сказаць, каб кволы, а ўжо хітручы які! Нібыта сапраўды патрапіўся яму ласось, які з’еў чароўны арэх. Чаго гэтак абхаджвае маладога драгуна, як бы сам Радзівіл у дом завітаў, робячы выгляд, што забыўся на колішнюю варожасць? Пранціш больш за ўсё на свеце хацеў апынуцца падалей ад гэтага шыкоўна накрытага стала і запляванага перажаваным смакоццем срэбнага падносу.
— Ах, як шкада мне сённяшніх маладых людзей, адважных і кемных, якія не маюць яснай мэты і слаўнай кар’еры на полі бойкі! — амаль са шчырай скрухай завёў Юдыцкі. — Якіх магчымасцяў яны пазбавіліся, калі лепшыя сілы краіны апынуліся ў выгнанні!
Словы суправаджаў востры позірк, які правяраў паводзіны драгуна на гэтае прызнанне. Вырвіч надаў сваім блакітным вачам самы шчыры, наіўны выраз — як перад прафесарам на лекцыі, да якой не падрыхтаваўся. Суддзя вычыкаў трохі, але ж працягнуў, хаця й вельмі асцярожліва.
— Так, мала сёння, у наш сапсаваны час, людзей, якія заслугоўваюць даверу. Вось ягоная мосць пан Малішэўскі напісаў мне, што пан Вырвіч якраз рэдкае выключэнне. Нездарма я чуў, што пан Вырвіч збіраецца ў паломніцтва ў Гуту.
Вырвіча ажно скаланула. Эх, кругом шпегі… Гэта ж ён учора ў карчомцы, дзеля якой адклаў на дзень спатканне з Юдыцкім, сустрэў аднакурсніка родам з-пад Гуты, дый пачаў распытваць пра Гутаўскі кляштар, і ці ёсцека там прыгожыя мнішкі. Гаворка пасля пары-тройкі куфляў зрабілася куртуазнай і гучнай, перацякла ў другую карчомку, потым у трэцюю… Сябрук гучна абвяшчаў, што ягоны таварыш пан Пранціш Вырвіч — самы што ні на ёсць дабрадзейны і збіраецца ў паломніцтва… Карацей, Пранціш цьмяна памятаў падрабязнасці. Так што цяпер уся Вільня тэарэтычна магла ведаць, што драгун Пранціш Вырвіч збіраецца ў Гуту.
Юдыцкі паклаў відэлец, павольна перажагнаўся.
— Рэдка, рэдка сярод моладзі сустрэнеш такую ўхвальную пабожнасць.
Пранціш сціпла апусціў вочы, успомніўшы, як у карчомцы яны крычалі, што трэба ратаваць манашак, і якім чынам гэта належыць рабіць. Ці шпегі данеслі Юдыцкаму ўсё недакладна, альбо сам суддзя хітрыў, але Вырвіч пастараўся надаць твару выраз патрэбнай ступені пабожнасці.
— Хачу з панам Вырвічам параіцца, — мякка сцяліў суддзя. — Ёсць у мяне далёкі сваяк… Хварэе, небарака, пасля перанесеных няшчасцяў, і не толькі цялесна, але і, так бы мовіць, разумова. Няшчасце адно блізкім назіраць за ягонымі пакутамі. Адзінае выйсце — цуд Божы… Таму і вырашылі мы адвезці яго напачатку ў Менск, да цудатворнага абраза Маці Божай, з’яўленага на беразе Свіслачы і пісанага апосталам Лукою. Вы ж, пан Вырвіч, праваслаўны, гэты абраз таксама шануеце?
Пранціш старанна заківаў галавою. З якога перапуду везці хворага на галаву з Вільні ў Менск, прамінаючы іншыя святыні? Для старца міля не круг? Юдыцкі задаволіўся маўклівай згодай слухача і працягваў:
— А тады і ў Гутаўскі кляштар, дзе зараз захоўваецца дзясніца святога Лукініяна. Таму як пачуў пра намеры васпана, палічыў гэта знакам Божым. З Божай дапамогай сваяка майго перастрэнуць і давязуць да рымскага прастолу, дзе, магчыма, пан і будзе ацэлены. Але карэту трэба суправадзіць. А дзе знайсці надзейнага чалавека, які гэта зробіць? Апекуны хворага гатовыя такому заплаціць дзвесце дукатаў.
Вырвічу ажно дух заняло. Менавіта за дзвесце дукатаў Лёднік калісьці і запрадаў сябе ў рабства — запазычыўшыся на рэдкія інгрэдыенты для здабывання філасофскага каменю. Пасля гэтыя грошы князь Багінскі ахвяраваў Лёдніку, каб той выкупіў сябе на волю і ў падзяку палез разам з Саламеяй у полацкія сутарэнні, здабываць рэліквію для будучага караля. Якім, вядома, павінен быў стаць Міхал Багінскі. За дзвесце дукатаў многа можна купіць! Гэта два гадавыя заробкі падхаружага Вырвіча!
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу