1 ...6 7 8 10 11 12 ...70 — Бом-м-м! — заракатала яно густым басам, нібы царкоўны звон.
Мы з Санькам думаем так, што ў бліндажы, дзе цяпер жывуць Брыдкі, або ў іхняй хаце, пакуль яна была цэлая, сядзела нейкая важная нямецкая шышка. Салдат такую аграмадзіну з сабою цягаць не будзе: на плячах яе не панясеш. Тая шышка, мабыць, любіла музыку і вазіла гэтую скрыню з сабой, каб было не сумна, каб, настраляўшыся, можна было і пайграць. А можа, думала зацягнуць яе ў сваю Германію, ды прыпякло — і адцуралася. Хопіць з іх, найграліся — цяпер пайграем мы з Санькам.
На самым версе адчыняецца яшчэ адно вечка. Во струн там дык струн! Не тое што на Косцікавай балалайцы. I тоўстыя, як драты, і крыху танчэйшыя, і зусім тоненькія. I па ўсіх гэтых струнах малоцяць невялікія малаточкі. Толькі ў адным месцы малаточкі не варушацца — там, дзе сценка прабіта асколкам.
Зноў ад пераправы пайшлі грузавікі, недзе ў хаце бабка, мабыць, ужо выпаліла ў печы і, зачыніўшы комін, разважае з пагарэльцамі пра жыццё, Глыжка заходзіцца ад кашлю. А мы тут іграем на раялі.
— Блім-блям, бом-бум!
Мы з Санькам не можам найграцца. Світка на мне расхрысталася, Санькава шапка спаўзае на вочы, а чорная, прабітая асколкамі скрыня то жаласліва стогне, то сярдзіта і грозна гудзе, то заліваецца тонкім голасам. Нам так радасна, што Санька аж заспяваў:
Фрыц на дзежцы сядзіць,
А дзежка з порахам!
Тут і мая душа не вытрымала, тут і я разышоўся на ўвесь Брыдкаў агарод:
Хутка дзежка ўзляціць,
Ды разам з ворагам!
У апошні час мы с Санькам нярэдка заводзім песні, і бабка кажа, што выходзіць у нас матыўна, толькі слухаць праціўна. А тут і зусім: мы спяваем свае, а скрыня свае. Нашы галасы глушыць густы бязладны звон. Тэты звон ляціць над панурымі голымі вербамі, над зямлянкамі і губляецца недзе ў туманнай, працятай сырасцю далечы.
— Блім-блям-бум-бом!
«Канцэрт» спыніла старая Брыдчыха. Яна выйшла з бліндажа і загрукала качаргой па накаце.
— От я вам пакажу, нягоднікі! От я вам дам!
Потым старая доўга ўглядалася падслепаватымі, слязлівымі вачамі, намагаючыся пазнаць, чые гэта такія музыкі. Не пазнала і разышлася зноў:
— Каб яны веку не дажылі, гітлеры праклятыя, як яны прыцягнулі сюды гэтую хваробу. Каб у іх і на тым свеце так у вушах званіла, як звоняць гэтыя басякі. Каб ім так сатана абедню правіў. Толькі адных адагнала, на табе — другія прыйшлі званары. Ну пасяку я яго! На трэскі пасяку!
I яна рашуча завярнулася ў бліндаж, мабыць, пайшла па сякеру. Яе агарод — яе і раяль. Пасячэ — і нічога не зробіш, хоць і вельмі шкада: такая бліскучая, такая акуратная рэч і так гучна іграе. Адзін ратунак — дзядзька Скок. Можа, ён і забароніць Брыдчысе рабіць з той скрыні трэскі. Усё-такі начальства.
Скок усё яшчэ тупаў пад вярбой. Але цяпер сусед быў не ў гуморы: болей гадзіны стыў на золкім ветры, а парожняй машыны не трапілася. I тут мы яшчэ прычапіліся са сваей скрыняй.
— Ды няхай сячэ! — не вытрымаў Скок, а потым перадражніў: — Скрыня... скрыня...
Мы пачалі маляваць у паветры рукамі, якое яно, тое чорнае за Брыдкавым свінушнікам, расказваць, якія там касцяныя дошчачкі.
— Дык то ж піваніна ці спеваніна, як яго? — здагадаўся дзядзька і толькі цяпер схамянууся: — Што? На трэскі?
Праз мінуту ён ужо стаяў каля вайсковай падводы і маліўся перад вусатым ездавым.
— Таварыш камандзір, а, таварыш камандзір, пасячэ дурная баба на трэскі. Ці ж яно есці просіць, мой татка? А мы яго мо ў школу б паставілі, а мо і клуб калі-небудзь у нас будзе. Вунь, бачыш, танцоры растуць.
I вусач паслухаўся. Ці тут памагла дзядзькава «палітыка», ці тое, што Скок сказаў, якое ён начальства, ці прысутнасць такіх танцораў, як мы,— завярнуў ездавы коней.
Пакуль мы прыехалі на Брыдкаў агарод, старая яшчэ не паспела пасеч скрыню. Праўда, яна ўжо стаяла з сякераю і пра нешта сама з сабою разважала. Скок, нягледзячы на сваю кульгавую нагу, проста выпырхнуў з калёс.
— Ну, чаму не сячэш? — са злосцю спытаў ён.
Брыдчыха ўздыхнула.
— Рука не падымаецца,— адказала яна і кіўнула ў бок таго, што дзядзька называў «спеванінам».— Хоць і непатрэбшчына, а ты паглядзі, як зроблена. Грэх глуміць.
Здагадаўшыся, чаго на яе агарод прыехала вайсковая падвода, старая аж узрадавалася:
— Бярыце, бярыце,— велікадушна дазволіла яна, хоць у яе ніхто і не пытаў дазволу,— вязіце з вачэй далоў. Мне хоць ціха будзе. Хоць званары вось гэтыя перастануць званіць цэлымі днямі.
А калі пачалі грузіць на калёсы, дык ужо нібы і пашкадавала: — Добрая ж такая рэч. Гэта ж каб умеў — такую шафку можна было б збіць або яшчэ што...
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу