Хоць і лета, я залез на печ і пакутую, і суцяшаю сам сябе: трэба яно мне, тое вучылішча-мучылішча, шчасце вялікае — строем хадзіць ды кожнаму казыраць. Не вялікі страх і ў калгасе парабіць да салдатаў, толькі вось хлопцы мянушку якую-небудзь прылепяць — гэта ўжо абавязкова. Ну, што ж — пражыву і з мянушкай.
Калі бабуля прыйшла з калгаса, я ўсё яшчэ перажываў.
— Чаго ты там стогнеш? — спытала яна, сеўшы на ўслон перахліпнуць з дарогі.— Захварэу, ці што?
Няпраўда, я не стагнаў, гэта я так уздыхаў, нібы кавальскі мех. А наконт хваробы бабуля добрую думку падала. Цяпер я ведаю, што сказаць бацьку: медыцынскую камісію не прайшоу — «зарэзала»! Дактары праклятыя! Медкамісія — гэта вам не двойка за дыктант. Я ж невінаваты, што здароўя няма.
Так я яму і сказау за вячэрай, нават вокам не міргнуў. Трэба ж як-небудзь пасля ранейшай пахвальбы свой гонар ратаваць. I бацька толькі рукамі развёў — ну і ну, Саньку-замухрышку прапусцілі, а мяне, такога дзябёлага і вышэйшага за яго на галаву,— забракавалі. Тут у самы акурат заступілася за мяне бабуля:
— Чаго ты прычапіўся да чалавека? Санька не валяўся ўсю зімачку з сыпняком, а гэты ледзь выкараскаўся з таго свету. Думаеш, усё гэта бокам не выйшла?
I бацька паверыў.
Пазней за ўсіх заявіўся дахаты Глыжка. Яны з бацькам сёння з апошнім возам снапоў прыпазніліся, дык давялося хлопцу самому на луг каня ў табун адганяць. Убачыўшы мяне, брат кінуўся да стала:
— Ну што, Іван, узялі?
Бабка яго хуценька астудзіла:
— Ідзі памыйся, нячысцік мурзаты! Не бачыш, у чалавека гора — дахтары зарэзалі.
Нячысцік стаіць і вачыма лыпае — зарэзалі, а я жывы.
Ці мала кім можна стаць у жыцці. Хіба на артылерыі свет клінам сышоўся? Бацьку, напрыклад, нават болып падабаецца машыніст паравоза. Залез сабе ў паравозную будку, націснуў што трэба, павярнуў рычаг, даў гудок — паравоз пабег па рэйках, а ты сядзі і куры. Праўда, перад станцыяй ужо асцерагайся, тут глядзі, семафор адкрыты ці не. Калі адкрыты — шуруй сабе далей, ні на што не звяртай увагі, а закрыты — стой і пыхкай парай. Бацьку адзін знаёмы машыніст катаў на паравозе яшчэ да вайны, таму ён усё гэта і ведае. I мундзіры ў іх зараз не горшыя за афіцэрскія, толькі чорныя. Вядома ж, людзі больш каля вугалю. I пайкі ў іх, кажуць, па вайсковай норме. I грошы ім даюць добрыя. Чым не лацвей? А той знаёмы машыніст, калі яго папрасіць, дапаможа мне ўладкавацца ў іх школу — павучуся і буду таксама ездзіць на паравозе ды з акенца паплёўваць. Бацька напяваў мне гэта, пакуль і спаць не палеглі.
— А не хочаш — глядзі сам,— заключыў ён у рэшце рэшт і дзьмухнуў на лямпу.
Ляжу я, а вочы хоць выкалі — не спіцца, усё думаю, куды мне дзецца. Яно і настаўнікам было б нядрэнна, раней мне хацелася ім быць, і ў школе агітавалі, але тут, мабыць, нічога не атрымаецца. Не будзе рэшата бобу, як звычайна гаворыць бабуля. У тэхнікуме, кажуць, стыпендыя такая, што за адзін дзень можна праесці. Гэта, каб тэхнікум быў недалёка ад хаты, дык прыбег ды паабедаў, хоць нішчымніцай. Ды і з вопраткай туга — далей няма куды. Чуў я, як бацька перад сном уздыхнуў:
— Гэта ж цяпер, старая, нам на штаны хлопцу трэба разжывацца, ды і світку нейкую на зіму не шкодзіла б. Парсюка збыць, ці што?
Словам, нарабіў клопату той дыктант і мне і бацьку. Але няхай ён не вельмі журыцца — я і сам сабе зараблю. Падумаю добра і пайду ў прычэпшчыкі. Яны часта змяняюцца. Кажуць, што цяжка. Нічога, перажыву. На плузе за трактарам ездзіць — не пешкі хадзіць. Канешне, зямлі пад'ясі болей, чым хлеба, затое заробкі пастаянныя.
А лепш за ўсё — у конюхі, памагатым да Пецькі Чыжыка. Ён жа мой аднагодак, дык што я з табуном не спраўлюся? Праўда, з Пецькам даглядае коней і дзед Каўрач, але там таго дзеда столькі — адзін кашаль застаўся. Як на луг табун гнаць, дык на каня трэба падсаджваць, быццам на печ. Вось я на яго месца і стану. Таксама што ні дзень, дык працадзень, а то і паўтара.
— Ну калі тое і будзе, то хіба па восені, як снапы звязуць і бульбу пакапаюць,— сказаў раніцай бацька, пачуўшы пра мае намеры пайсці ў конюхі,— а пакуль што паставіць цябе брыгадзірка хутчэй за ўсё на мае месца — снапы вазіць, а мяне, відаць, пашле на малатарню, бо мужыкоў там мала, ды і тыя калекі.
А бабулі мае конныя задумы прыйшліся не па душы:
— Табе на кані гарцаваць, а мне штаны латаць? Дзе гэта я намеюся тых латак ды нітак?
— Там яно яшчэ відаць будзе,— супакоіў яе бацька, і мы пайшлі на калгасны двор, пайшлі ўсёй сям'ёй: наперадзе бацька з бабуляй, за імі я і Глыжка з пугай цераз плячо.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу