1 ...8 9 10 12 13 14 ...79 Мы думалі, што будзем першыя, але ў спартыўным зале была ўжо процьма іншагародніх, якія жывуць у казармах, ды і мясцовых — хоць гаць гаці. Яны ўюцца каля сцяны, дзе вывешаны паперы, быццам мошкі мак таўкуць: адны падыходзяць, другія адыходзяць, трэція зноў вяртаюцца, вачам сваім не вераць, хто смяецца, хто руку сябру паціскае, а хто і стаіць моўчкі, апусціўшы галаву, або здзіўлена пазірае па баках — няўжо гэта праўда, што мяне не залічылі?
Санька ў спісе прынятых знайшоў сябе адразу і балюча пляснуў мяне па плячы:
— Ёсць!
А ў мяне — нібы вочы завязаны. Усе прозвішчы на сваю літару прачытаў і зверху ўніз, і знізу ўверх — няма. Сэрца — нібы ў калодзеж упала, і ногі ледзь стаяць.
— Не можа таго быць!— расхваляваўся і Санька.— Глядзі, каб куды так не ўціснулі, не па алфавіту. Не святыя ж яны, могуць і памыліцца.
Прайшліся мы з ім у дзве пары вачэй па ўсім даўжэзным спісе ад нейкага Анікеева да якогась Яцука — ніхто мяне нікуды не ўціснуў, няма мяне сярод тых, каго прынялі. Крыўдна да болю, я ледзь не плачу. Я ж так стараўся, так зжыўся з марай пра вучылішча, пра артылерыю, што лічыў ужо сябе без пяці мінут там, у казармах, у страі са звонкай песняй, каля гармат, і вось — на табе, як абухом па цемю. Кінуліся мы да другой паперы — адзнакі па дыктанту. Тут усё і высветлілася: Саньку — тры, мне — два. Вось дзе я спатыкнуўся, вось дзе пагібель мая.
Цяпер і Санька свайму святу не рады, ён таксама нібы апушчаны ў ваду, але спрабуе мяне суцешыць, маўляў, не ўсё тое і святло ў акне, што вучылішча. Жывуць жа людзі і без яго, не паміраюць. Ён сапраўдны сябра і дзеля мяне гатовы на ўсё:
— Хочаш, і я забяру свае дакументы? Пайшлі яны свіней пасвіць, каб я вучыўся ў іх без цябе.
I я веру, што гэта не проста прыгожае слоўца. Ён можа, ён такі. Але што мне з таго толку — сам не гам і другому не дам? Ён пад гарачку забярэ, а потым усё жыццё каяцца будзе, а я застануся вінаваты. Не хачу я, няхай вучыцца з богам. А мне заставацца вечным шпаком.
Тут адкуль ні ўзяўся Юрка, прыбег даведацца пра нашы поспехі і, даведаўшыся, толькі свіснуў:
— Ну і ну-у, і як ты, Іван, умудрыўся?
А чорт жа мяне ведае, вось умудрыўся ж. Пра што і не думаў, на тым спатыкнуўся. У школе менш чацвёркі ніколі не было, а тут як насланнё нейкае.
Але неўзабаве ўсё высветлілася. Юрка схадзіў у прыймовую камісію, кагосьці там папрасіў і вярнуўся з маім дыктантам.
Выйшлі мы з шумнага спартыўнага зала далей ад цікаўных вачэй, селі на лавачку пад сасной і пачалі разглядваць, на чым я спёкся. А вось на чым — на падвоеных літарах. І памылкі ў асноўным зроблены ў адным сказе, дзе гаварылася, што нейкі прафесар ехаў пасажырскім аўтобусам па нейкай там трасе. Вось гэты самы прафесар са сваёй паездкай мяне і падвёў пад манастыр, каб ён назад не вярнуўся. Усё я напісаў з адной літарай «с»: і прафесар, і пасажырскі, і траса. Проста з галавы вылецела, што па-руску трэба з дзвюма. А там яшчэ і па дробязі назбіралася: недзе проста літару прамінуў, дзве-тры коскі паскупіўся паставіць — і бывай, вучылішча! I ўсё з-за той мымры, што нам дыктавала,— не магла крыху на падвоеных пасіпець, як сіпела наша падлюбская русіца.
I вось я вяртаюся дахаты адзін, без Санькі. Яго паставілі ўжо ў строй і павялі ў сталоўку есці артылерыйскі паёк, а мне і яшчэ такім жа недарэкам вярнулі пасведчанне аб адукацыі, сказалі суцяшальнае слова, што наша яшчэ ўсё наперадзе, і адправілі прэч з вачэй.
Я іду не з вучылішча, я іду з хаўтураў, пахаваўшы сваю артылерыю, свае афіцэрства. Што дома бацьку сказаць, які грошы, пазычаныя ў дзеда мне на новыя штаны, вярнуў ужо назад? А крый божа сустрэнецца хто з настаўнікаў, да якіх таксама дайшла слава пра нашы з Санькам поспехі,— скрозь зямлю мала праваліцца, згарэць можна ад сораму. I хто нас прасіў трубіць: пагоны ў шапцы, пагоны ў кішэні? Саньку пашанцавала, а мая шапка аказалася дзіравая. Вось табе і гарадскія паненкі пад крэндзель. Тут да сваіх цяпер носа не паказвай.
Спачатку я хацеў пераседзець дзе-небудзь за ваколіцай вёскі да цёмнага, каб потым прашмыгнуць, нібы мыш, у свой двор, не сустрэўшы на вуліцы нікога з аднавяскоўцаў, але перадумаў. А ці не лепей зараз, пакуль усе на працы? Толькі не трэба ісці па вуліцы, а па-за гародамі, а потым цераз платы, цераз парканы, дзе дабрачынныя людзі і не ходзяць, а толькі зладзеі ды ўцекачы. Сабак я не баюся. Сабака пабрэша, самае страшнае — за лытку грызне, а пытаць жа не будзе, здаў я экзамены ці не. Значыць, і славы не разнясе.
Наша хата на замку — яшчэ ўсе ў калгасе, і мяне сустрэў толькі Жук, завіляў хвастом, пачаў лашчыцца, за што і атрымаў добрага выспятка. Не лез бы ўжо хоць ён са сваімі пяшчотамі. Сабака зашыўся ў будку і, пакуль я адмыкаў хату, пакрыўджана паглядваў адтуль на мяне, быццам пытаючы: чым ён тут вінаваты?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу