Тут немцы выкапалі глыбокі бліндаж. З Малахавай хаты яны зрабілі сцены і накат, а парэчкі перасадзілі на насып для маскіроўкі.
З-пад накату выведзена бляшаная труба, з якой валіць шызы дым і ляцяць іскры. Хацелі мы з Санькам зазірнуць у амбразуру, паглядзець, хто там пасяліўся, але нічога не ўбачылі. У амбразуру ўстаўлена шыбка з кавалкаў замурзанага шкла і вісіць нешта падобнае на фіранку.
За агародамі, у траншэях, процьма пустых нямецкіх гільзаў, большых і меншых, у стужках і насыпам, вінтовачных і ракетных. Але на гільзы мы цяпер і глядзець не хочам. Падумаеш, дабро! Абы толькі была ахвота, дык можна поўны мех назбіраць.
А вось рознакаляровыя тэлефонныя правады – гэта рэч. З іх выходзяць цудоўныя каралі. Многія дзяўчаты такія носяць. Шкада, што ў нас часу няма, а то і мы з Санькам пашукалі б правадоў і нарабілі б караляў усім-усім: маёй бабцы, Санькавай матцы, цётцы Марыне.
На вочы трапілася нямецкая каска. Санька па-заліхвацку падфутболіў яе нагой. Каска з бразгатам пакацілася з гары ў тарфяны кар’ер, а мы пабеглі далей.
Знайсці самалёт аказалася не так проста. За Лісінымі равамі лазы багата. Можна, не ведаючы, цэлы дзень хадзіць і нічога не выхадзіць. А тут яшчэ асака, куп’ё, балота. Балота славутае – Махавое. Усе нашы Падлюбічы дралі тут мох канапаціць хаты, таму што столькі моху нідзе не знойдзеш. Ідзеш, як па падушках.
Не было таго лета, каб у Махавым не тапіўся конь. Бягуць тады дзядзькі па вуліцы: хто з вяроўкай, хто з ручніком, хто з рыдлёўкай, як на пажар.
Калі я быў малы, дык верыў, што ў Махавым жывуць чэрці. Так бабка казала. Бывала, спытаеш:
– Баб, куды ты? А яна:
– У Махавое чарцей сляпіць.
Вось і паспрабуй тут знайсці самалёт. Сунуліся мы з Санькам у адно месца – багна; паткнуліся ў другое – грузне пад нагамі куп’ё. Толькі ў абход застаецца ісці. Па Сухой грыве.
Але і на Сухой грыве не так ужо і суха, каб бокам каціцца. Санька не пацэліў скочыць на купіну і набраў поўныя буркі рудой і халоднай, як лёд, вады. Давялося разувацца і выкручваць анучы.
– Нічога, сагрэюся, – падбадзёрыў ён сам сябе, дробна ляскаючы зубамі.
Нечакана ў кустах мы наткнуліся на лазовы будан, накрыты асакой. Перад буданом невялікая кучка вуголля, недагарэлыя галавешкі, бульбяное лушпінне. Заглянулі ўсярэдзіну – воглае, прымятае сена. Відаць, тут жылі не дзень і не два. Можа, і мой дзед Мікалай. Ён расказваў, што перасядзеў у Махавым усю страляніну, пакуль нашы не прыйшлі. I не адзін ён тут быў: поўнае балота і сваіх, і чужасельскіх. Перад самым прыходам нашых, за адзін усяго дзень, іх агледзелі немцы. Праўда, самі немцы, не ведаючы дарогі, лезці сюды пабаяліся, але адкрылі такі агонь, аж стагнала зямля. Дзедава шчасце, што непадалёку ямка ад бомбы была. Туды і кінуўся стары, проста ў брудную, халодную тарфяную твань. Цяпер кашляе так, што слухаць страшна. Але нічога, кажа: «Калі не памру, то буду жыць».
Чым глыбей мы з Санькам забіраемся ў Махавое, тым часцей нам трапляюцца такія буданы: то накрытыя асакой, то проста з вецця лазы, вялікія і як толькі аднаму залезці. А збітага сёння ўночы нямецкага самалёта нідзе не відаць.
– Нічога! Знойдзем! – не падае духам пасінелы Санька.
– Не мог спытаць у Мамулі? – злуюся я. – Можа, ён і не тут зусім.
Нарэшце мы выбраліся на сухое. Парадзела лаза, сям-там пачалі трапляцца пачарнелыя ад дажджоў копы сена. Значыць, мы цяпер на самай Сухой грыве. Ісці стала весялей, і Санька паспрабаваў нават засвістаць нейкі марш. Але нічога ў яго не выйшла. На холадзе губы сталі неслухмяныя.
I раптам мы спыніліся нібы ўкапаныя. Перад намі ляжаць перакуленыя набок разбітыя калёсы. У паламаных аглоблях адкінуў галаву забіты конь. Амаль побач – глыбокая варонка. I ўвесь мурог навокал густа ўсеяны камякамі торфу.
– Бомба? – спытаў Санька.
– Хто яго ведае, – паціснуў я плячамі.– Мог і снарад.
У сваім сяле мы ведаем кожнага каня. Можам здалёк угадаць, ці гэта Чмышыхіна «кувалда», вымененая ў італьянцаў на ікону Багародзіцы, ці старая кабыла Слепка дзеда Каўрача. А тут глядзелі-глядзелі і не ўгадалі. Не наш, не падлюбскі.
А непадалёку, каля схіленага набок невялікага стажка, стаіць другі конь, жывы, і скубе сена.
– Глянь, – аж не паверыў я сваім вачам. – Што гэта?
Прыгледзеліся лепш – і зусім гэта не конь. Жарабок не болей года. Вараной масці. На лбе белая зорачка. Кашлаты, худы. У хвасце і грыве поўна ваўчкоў.
Жарабок таксама нас заўважыў, насцярожыўся, задраў галаву, натапырыў вушы.
Читать дальше