– Стрыжаная! Стрыжаная! Стрыжаная! Вось так. Будзе ведаць, як нас не паважаць.
Праз паўгадзіны пра наш «геройскі» ўчынак ад Кацінай маці даведалася мая бабуля. Яна паставіла нас з Санькам перад сабою і прачытала мараль. А мараль у бабкі адна: мы выраслі пад неба, а дурні – болей не трэба. Знайшлі з чаго смяяцца, недапечаныя. Калі б былі бацькі дома, яны б нам рогі пазбівалі. Вельмі ўжо крутыя сталі ў нас гэтыя рогі. Толькі пад канец яна сказала нешта новае:
– Паглядзіце вы на іх, людзі добрыя. Кашчэі кашчэямі – і ўжо за дзеўкамі гарцуюць.
– Гы-ы, – расплыўся ва ўсмешцы Глыжка. Я крадком паказаў яму кулак.
Усе, напэўна, ведаюць казку пра салдата, які з тапара кашу варыў. Ведаем яе і мы з Глыжкам. Я не раз яе ў кніжцы чытаў і перачытваў. I кожны раз мы дзівімся з салдацкай кемнасці:
– Во мудрыла!
А бабка наконт гэтага мае свой погляд. Яна думае, што лацвей таму салдату было, калі да тапара яму прыклалі і круп, і сала, і солі. Вось няхай бы на яе месца стаў, тады б ужо і хваліўся. Тапароў у нас, дзякуй богу, хапае. Бацька-цясляр назапасіў ажно тры, ды калун – чацвёрты. Пяты тапор з «кошкай» замест абуха бабуля ад немцаў прыхавала. Калі б з усіх іх кашу варыць, можна было б месяц аб’ядацца. Дык не, ні адзін, колькі гэтых салдат у нас перабыло, не тое што кашы, а нават крупніку не згатаваў.
– Адно слова – казка, – зняважліва махае бабка рукой на кніжку. – Вось бы няхай ён на маё месца стаў.
I праўда, бабулі нялёгка. З раніцы да позняга вечара ў яе адны клопаты – чым нас накарміць. Ледзь развіднее, яна ўжо на полі збірае перазімаваўшую ў зямлі бульбу-гнілушку, перамывае яе, перацірае, сушыць на прызбе – здабывае крухмал. Потым, рашчыняючы з гнілушак праснакі, чэша ў патыліцы, дзе б ёй здабыць хоць шчопаць солі. Нашы суседзі больш не пазычаюць: самі ядуць несалёнае. I ўспамінае бабка даваеннае жыццё – вось солі было, хоць заваліся. I соль жа соль – белая, чыстая, і амаль што задарма.
Цяпер соль чорная і больш горкая, чым салёная. Да вайны ёю поле пасыпалі, каб лепей усё расло. А зараз людзі навучыліся крыху выварваць з яго горасць і прадаюць на шклянкі. Самі па хатах носяць: шклянка солі – пуд бульбы, карэц вадкага, чорнага і смярдзючага, як дзёгаць, мыла – таксама пуд. А хто іх нам, тых пудоў, напудзіў?
Ну дык па мылу яшчэ толькі тае бяды. Не дажывуць яны да таго дня, калі мая бабка іхнім мылам будзе мыць нашы з Глыжкам штаны. Ім толькі больш запэцкаеш. Для гэтага ў нас ёсць старое, трэснутае жлукта, а попелу не пазычаць. Вось без солі – не жыццё. Усё такое нясмачнае, прэснае, як трава, хоць на сабаку вылі.
Дрэнь справа і без мукі. Тут і залатых гнілушак вазьмі – хлеб пахнуць хлебам не будзе. Трэба хоць жменя мукі. Праўда, прыбядняцца нам няма чаго: каля прыпечка ў хаце стаіць амаль поўная дзежка збожжа, што бабуля ўратавала ад уласаўскіх коней. Але цэлых зярнят у цеста не насыплеш.
I зноў бабуля заводзіць сваё «вось да вайны». Да вайны ў Падлюбічах быў ветраны млын. Ах, як там мякка малолі! Не мука – пух. А нам з Санькам і ўсім нашым таварышам вятрак падабаўся па другой прычыне. Чапляючыся рукамі за яго крылы, мы любілі катацца. Героем быў той, хто падымаўся вышэй. Але тут трэба было глядзець, каб і не перахапіць залішне. Петрык Смык аднойчы спазніўся саскочыць і як грымнуўся аб зямлю – вадой адлівалі.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.