На мой «добры дзень» ніхто не азваўся. Вясковы дзед у аблезлай шапцы растапырыў над печкай рукі, быццам хоча яе абняць, і спрачаецца з салдатам-інвалідам ці то з-за англічан, ці то з-за амерыканцаў, якія павінны былі адкрыць супраць Германіі нейкі другі фронт, ды ўсё не адкрываюць.
– Іх Чэрчыль не дурны ў пекла лезці,– разважае дзядок-грамацей. – Ён на Іванавым гарбу хоча ў рай заехаць.
А салдат скептычна ўсміхаецца:
– Многа ты разумееш, дзед. Цяпер яны нідзе не дзенуцца, калі наша бярэ. Цяпер ім чакаць – не паласа.
– Не разумею і не трэба, – пакрыўдзіўся стары. – Толькі я так скажу: абяцанкі-цацанкі…
Салдат быў дзяжурным па шпітальнай прахадной. Даведаўшыся, чаго я прыехаў, ён неахвотна падняўся з цёплага месца і пайшоў адчыняць вароты. Прапускаючы ў двор падводу, дзяжурны, нібы не верачы сваім вачам, спытаў:
– Гэта што – твой конь?
– Конь, – пацвердзіў я.
– I ты справішся?
– Спраўлюся.
– Бач ты, які шустры, – крутнуў ён галавой і, не спяшаючыся, пайшоў наперадзе, паказваючы дарогу. З ветрам мне добра была чуваць яго незадаволеная буркатня: прысылаюць тут розных жэўжыкаў…
I вось я ўжо еду дамоў. Хрупае пад нагамі рыпучы снег, тонка скуголяць палазы. Я бясконца то цмокаю, то нокаю на Буянчыка. Яго бакі ходзяць нібы кавальскія мяхі, з мокрай, потнай спіны валіць пара – хутка ўгрэўся. Каб хоць падкаваны быў, а то коўзаецца і коўзаецца, не можа як след напяцца. Калі дарога ідзе на ўзгорак, жарабок зусім выбіваецца з сілы, раз-пораз спыняецца, цяжка сапе, увесь дрыжыць ад натугі. Тут даводзіцца ўпрагацца і самому. Затое з горкі можна і пад’ехаць, прымасціўшыся побач з дзядзькам, накрытым з галавой саматканай посцілкай. З гары санкі бягуць самі, б’юць перадком Буянчыку па нагах, хамут налазіць яму на вушы.
– Гэй, варушыся, малы!
Абапал вуліцы замест дамоў закураныя сцены камяніц. Вольна гуляе ў руінах вецер, барабаніць кавалкам іржавай бляхі, што вісіць на самым карнізе былой пошты.
Адна за адной мяне абганяюць машыны. У кузавах заснежаныя, як дзяды-марозы, салдаты панастаўлялі каўняры кажухоў, пахавалі рукі ў рукавы.
Затым пайшлі цягачы з гарматамі, грузавікі з накрытымі брызентам кузавамі. Во сіла, дык сіла! Не, не тая, як казаў дзядзька, цяпер геаграфія.
На скрыжаванні дзвюх вуліц махае сцяжкамі дзяўчына ў белым вайсковым кажушку, у валёнках і з карабінам за спінай. I так у яе прыгожа выходзіць, што я аж рот разявіў і тут жа ледзь не трапіў пад колы машыны. Грузавік, аб’язджаючы мае санкі, па восі зашыўся ў снег, рыкнуў усім сваім жалезным нутром, напусціў дыму і паехаў далей, а рэгуліроўшчыца наляцела на мяне.
– Куды прэшся? Куды прэшся? Ану – звярні сваё кацяня! Ух ты – храбрая. Разышлася, як халодны самавар. Буянчык – ёй кацяня. Бачылі мы такіх. Усё гэта я хацеў ёй сказаць, але прамаўчаў, узяў жарабка за аброць і з’ехаў з дарогі ў снег.
А машыны ідуць і ідуць, дзьмухаюць мне ў твар бензінавым чадам, замятаюць снежным пылам. Буянчык пужліва водзіць вушамі, быццам збіраецца ўпудзіцца.
Не пяспела мінуць калона, як рэгуліроўшчыца падбегла да санак.
– Ты што – аслеп? У цябе вочы павылазілі, жаўтароцік?
I раптам, глянуўшы на доўгія дзядзькавы ногі, што тырчалі з-пад посцілкі, асеклася, заплюскала белымі ад інею вейкамі.
– Бацька?
Я быў сярдзіты на яе. Толькі што і кацяня, і жаўтароцік, а цяпер, бачыце, спачувае.
– А табе што?
Глянуў на дзядзьку – ці не згубілася шапка? – і цмокнуў на Буянчыка.
На былым аэрадроме лётчыцкія дамы глядзяць пустымі праваламі акон. Скрозь праломы ў сценах відаць разбураныя лесвіцы; абгарэлыя жалезныя бэлькі пакурчыліся ў агні пажару. На цаглянай сцяне выведзена белай крэйдай: «Мин нет». Сярод руінаў на дроце гойдаюцца акасцянелыя споднікі і ручнікі: вымярзаюць пасля мыцця. Глядзі ты – нават тут, сярод гэтага халоднага камення, жывуць людзі!
К вечару разгуляўся вецер. У полі цераз дарогу бягуць белыя ўспененыя ручаіны снегу. Мой жарабок зусім змардаваўся, спатыкаецца, як сляпы, спыняецца на кожным кроку, ужо двойчы падаў на пярэднія ногі. Заспее ноч, саб’ёмся з дарогі – тады бяда. Або замерзнем, або – ваўкі. Кажуць, што яны зараз гуляюць начамі і ў полі, і нават па сяле. Наша суседка Чмышыха, якую мы завём манашкай, сама бачыла. Ішла ўвечары з памінак, а ён стаіць насупраць Пёклінага пажарышча, свеціць вачамі. Потым павярнуўся і – трух-трух – пайшоў за агароды.
Трывожна азірнуўшыся па баках, я хуценька адвязаў лейцы, зачапіў іх за капыл побач з аглобляй, перакінуў лямку цераз плячо і, упінаючыся штосілы, пайшоў побач з Буянчыкам. Няхай нашы ворагі не думаюць, што мы заплачам – не на тых нарваліся.
Читать дальше