— Сам прыбiрай свой свiнушнiк, стары хрэн! — сказаў салдат з бародаўкай. Ён выйшаў першы, а за iм iншыя салдаты, пакiнуўшы пасля сябе незачыненыя дзверы.
— У iх зусiм няма сумлення, — уздыхнуў Мацiяс.
— Якое шчасце, што загарэлася шкура, — усклiкнуў я. — Шчасце Джанатана...
Мацiяс папляваў на пальцы.
— Так, невялiкiя пажары зрэдку вельмi патрэбны, — сказаў ён. — Хаця, халера, вельмi пячэ ў пальцы, калi бярэш з агню гарачае вуголле.
Але гэта не быў яшчэ канец нашых няшчасцяў.
Яны абшукалi стайню, i салдат з бародаўкай крыкнуў Мацiясу:
— Стары! У цябе два канi. У Далiне Дзiкай Ружы нiкому не дазваляецца мець больш за аднаго. Ты гэта ведаеш. Мы прышлём чалавека, ён забярэ аднаго каня, таго, з белай зорачкай. Яго трэба аддаць Тэнджылу.
— Гэта конь майго ўнука, — запярэчыў Мацiяс.
— Быў... А цяпер гэта конь Тэнджылаў.
Пачуўшы гэта, я пачаў плакаць. Мы павiнны былi пакiнуць Далiну Дзiкай Ружы ў гэты вечар, наш доўгi падземны ход быў закончаны. Да гэтага моманту я не думаў, як мы возьмем з сабой Грыма i Ф'ялара, яны ж не маглi прапаўзцi па падземным ходзе. Як неразумна было не падумаць раней пра тое, што нам трэба будзе пакiнуць коней з Мацiясам. Гэта было дрэнна, але цяпер справы паварочвалiся яшчэ горш. Тэнджыл забярэ Ф'ялара, i я не ўяўляю, як не разарвалася маё сэрца, калi я пачуў пра гэта.
Салдат з бародаўкай выцягнуў з кiшэнi маленькую драўляную дошчачку i паднёс яе да самага носа Мацiяса.
— Вось тут напiшы нумар свайго дома, — загадаў ён.
— А чаму я павiнен гэта рабiць? — недаўменна запытаўся Мацiяс.
— Пацвердзi, што ты хочаш добраахвотна аддаць каня Тэнджылу.
— Але я не хачу...
У адказ салдат выцягнуў меч.
— Не, ты вельмi хочаш. Ты зробiш гэта з вялiкiм задавальненнем. I пастаў вось тут нумар свайго дома. А потым ты аддасi гэтую дошчачку чалавеку, якi прыйдзе з Карманьякi, каб забраць каня, бо Тэнджылу патрэбны доказы, што ты аддаў усё добраахвотна, ты разумееш, стары? — гыркнуў ён, штурхнуўшы Мацiяса так, што ён ледзьве не павалiўся.
Што мог зрабiць Мацiяс? Ён напiсаў нумар свайго дома, а салдаты рушылi далей шукаць Джанатана.
Гэта быў наш апошнi вечар з Мацiясам. У апошнi раз мы селi за стол, у апошнi раз ён налiў нам супу. Усiм нам было сумна, але больш за ўсiх мне. Я плакаў. I з-за Ф'ялара, i з-за Мацiяса: ён стаў мне амаль родным дзядулем, а цяпер даводзiлася яго пакiдаць. Я плакаў яшчэ таму, што я быў малы, быў напалоханы i нiчога не мог зрабiць, каб абаранiць дзядулю ад грубых салдат.
Джанатан сядзеў моўчкi, задумаўшыся.
— Калi б я ведаў пароль... — нарэшце прамовiў ён з горыччу.
— Якi пароль? — пацiкавiўся я.
— Кожны павiнен сказаць пароль, хто ўваходзiць i выходзiць праз галоўную браму, хiба ты не ведаеш?
— Чаму ж, ведаю... Я ведаю нават гэты пароль: "Уся ўлада Тэнджылу, нашаму вызвалiцелю". Я чуў, як яго гаварыў Джосi, цi ж я табе не расказваў пра гэта?
Джанатан угледзеўся на мяне i глядзеў даволi доўга.
— Сухарык, ты мне падабаешся, — засмяяўся ён. — Ты сапраўды гэта ведаў?
Я не мог зразумець, чаму ён быў так задаволены гэтым паролем, бо ён не збiраўся праходзiць праз вароты, але мне было прыемна, што я, такi слабы i бездапаможны, мог хоць крыху, хоць ледзь-ледзь дапамагчы яму.
Мацiяс выйшаў у спальню прыбраць усё, Джанатан пайшоў следам за iм. Яны гаварылi пра нешта шэптам. Я пачаў прыслухоўвацца.
— Калi я загiну, ты паклапоцiшся пра майго брата, праўда?.. — даляцеў да мяне братаў голас.
Потым ён вярнуўся да мяне.
— Паслухай, Сухарык, я зараз збiраюся i знiкаю, а ты павiнен заставацца тут з Мацiясам i чакаць, пакуль не атрымаеш ад мяне вестку. Магчыма, гэта будзе не вельмi хутка — мне трэба зрабiць тое-сёе ў першую чаргу. Але ты не хвалюйся...
Мне гэта вельмi не спадабалася. Я заўсёды з цяжкасцю чакаў Джанатана, асаблiва тады, калi баяўся за яго. I цяпер вельмi баяўся, бо хто ведае, што можа здарыцца з Джанатанам па той бок сцяны, калi што ў яго не атрымаецца.
— Ды ты не хвалюйся, — супакойваў мяне Джанатан. — Ты ж усе гэтыя днi Карл Львiнае Сэрца!
Ён хутка развiтаўся са мной i Мацiясам i паспешлiва знiк у падземным ходзе. Апошняе, што мы ўбачылi, гэта як ён яшчэ раз памахаў нам рукой.
Мы з Мацiясам засталiся адны.
— Таўстун Додзiк i не ўяўляе сабе, якi крот пракладвае сабе шлях зараз пад сцяной, — цiха прамовiў Мацiяс.
Уяўляць-то не ўяўляе, але ён можа ўбачыць, калi гэты крот высуне сваю галаву на паверхню, i тады ўжо ён, вядома, не марудзячы выпусцiць стралу.
Мне было вельмi сумна, i я пайшоў на стайню да Ф'ялара, каб у апошнi раз пашукаць у яго суцяшэння. Але i ён не мог супакоiць мяне, бо я ведаў, што пасля гэтага вечара я ўжо нiколi яго не ўбачу.
Читать дальше