Потым мы ляглi i праспалi ўсю астатнюю частку дня, i я не ведаю, як яны там разабралiся, калi таўстун Додзiк i яго хаўруснiкi сталi высвятляць, чый шлем i чый плашч прапалi.
Мацiяс таксама спаў, але ён прачынаўся, як казаў ён нам потым, ад крыкаў i праклёнаў, якiя даляталi з зараснiкаў руж.
У гэту ноч мы працягвалi капаць падземны ход.
— Яшчэ тры начы, не больш, — прыкiнуў Джанатан.
— А што будзе потым? — пацiкавiўся я.
— А потым будзе тое, дзеля чаго я сюды прыйшоў. Можа, яно i не ўдасца, але я ўсё роўна павiнен паспрабаваць вызвалiць Орвара.
— I я з табой, — сказаў я. — Толькi не пакiдай мяне зноў аднаго. Куды пойдзеш ты, туды i я.
Ён паглядзеў на мяне i ўсмiхнуўся.
— Калi ты сапраўды гэтага хочаш, то хачу i я, — адказаў ён.
Пасля такога абеду i пiва салдатам Тэнджыла захацелася атрымаць ад уладара яшчэ i дваццаць коней, i яны з асаблiвым стараннем пачалi шукаць Джанатана. Яны шукалi з ранку да ночы, зазiраючы ў кожны куток у Далiне. Джанатан вымушаны быў заставацца ў сваiм сховiшчы, i ён, небарака, там ледзь не задыхнуўся.
Ведэр i Кадэр лазiлi паўсюль i зачытвалi загад Тэнджыла пра майго брата. Я таксама меў магчымасць пачуць, што праз сцяну без дазволу пранiк вораг Тэнджыла Джанатан Львiнае Сэрца, месцазнаходжанне якога ў Далiне Дзiкай Ружы застаецца невядомым. Яго прыкметы: "Вельмi прыгожы малады чалавек са светлымi валасамi, цёмна-блакiтнымi вачамi, стройны". Яны апiсвалi яго так, як апiсаў iм Джосi. Я ўпэўнены ў гэтым. I зноў я пачуў пра пакаранне смерцю за ўкрыццё Львiнага Сэрца i пра ўзнагароду таму, хто яго выдасць.
Пакуль Ведэр i Кадэр ездзiлi вакол, абвяшчаючы ўсiм пра гэта, людзi Далiны прыходзiлi ў дом Мацiяса развiтацца з Джанатанам i падзякаваць яму за ўсё, што ён для iх зрабiў, а зрабiў ён, вiдаць, значна больш, чым я ведаў.
— Мы нiколi не забудзем цябе, — гаварылi яны са слязамi на вачах, пакiдаючы яму астатнi хлеб, хаця самiм не было чаго есцi. — Табе ён больш патрэбны ў тваiм цяжкiм i небяспечным падарожжы, — а потым iшлi слухаць Ведэра i Кадэра яшчэ раз — проста дзеля забавы.
Салдаты не абмiнулi i дом Мацiяса. Калi яны ўвайшлi, я сядзеў на табурэце ў кухнi i страшэнна баяўся, баяўся нават варухнуцца, а Мацiяс, наадварот, паводзiў сябе вельмi ўпэўнена.
— А што вы шукаеце? — сустрэў ён iх. — Я не веру ў тое, што Львiнае Сэрца наогул iснуе. Гэта выдумалi, каб пераварочваць наша жытло.
Яны, вядома, перавярнулi ўсё дагары нагамi i ў нашым дамку. Пачалi яны з маленькай спальнi i зрабiлi звалку з пасцелi. Потым абшукалi шафу, выцягнуўшы адтуль кожную рэч, што, зразумела, было дурасцю з iх боку. Няўжо яны сапраўды думалi, што Джанатан хаваецца ў шафе?
— Можа, вы зазiрнеце i ў гаршкi? — з горыччу сказаў Мацiяс.
Потым яны пайшлi ў кухню i пачалi круцiцца каля буфета, а я сядзеў на табурэце i адчуваў, як ува мне закiпае нянавiсць. Гэта было якраз у той вечар, калi мы з Джанатанам збiралiся пакiнуць Далiну, i я падумаў, што калi яны яго знойдуць, то я не ведаю, што зраблю. Не можа быць, каб лёс быў такi несправядлiвы, каб яны схапiлi Джанатана ў апошнiя хвiлiны яго знаходжання ў Далiне.
Мацiяс напхаў у буфет старога адзення, шкур i многа iншых рэчаў, каб заглушыць любы гук са сховiшча. Салдаты ўсё гэта выкiнулi на падлогу.
А потым... У мяне гатоў быў вырвацца крык, ад якога мог развалiцца дом: адзiн з iх ужо браўся адсоўваць буфет. Але я не выдаў нiводнага гуку. Я сядзеў, як спаралiзаваны, на табурэце i ненавiдзеў яго ўсёй душой, ненавiдзеў у iм усё: яго грубыя рукi, тоўстую шыю i бародаўку на лбе. Я ненавiдзеў за тое, што баяўся — зараз ён убачыць дзверы, якiя вядуць у сховiшча, i гэта будзе канец для Джанатана.
Але тут закрычаў Мацiяс:
— Паглядзiце, што вы нарабiлi! Пажар! Хiба вам Тэнджыл загадаў падпальваць наша жытло?
Не ведаю, як такое магло здарыцца, але гэта было сапраўды так. На падлозе гарэла шкура, i салдаты павiнны былi кiнуць усё, каб патушыць яе. Яны скакалi, i тупалi нагамi, i лаялiся, i праклiналi, i, нарэшце, вылiлi на яе вядро вады, так што агонь быў амаль што патушаны. Але Мацiяс працягваў бурчаць, каб паказаць, як ён на iх злуецца.
— Вы што, не разумееце? — ушчуваў ён. — Воўну ж нельга кiдаць каля агню, адкуль заўсёды ляцяць iскры.
Салдат з бародаўкай як ашалеў.
— Заткнiся, стары, — закрычаў ён, — а то ў мяне ёсць багата спосабаў заткнуць тваю глотку!
Але Мацiяс не даваў iм запалохаць сябе.
— Не, вы спачатку прыбярыце за сабой, — абураўся ён. — Паглядзiце, што вы тут нарабiлi! Ператварылi ўсё ў свiнушнiк.
Гэта якраз i прымусiла iх паспешлiва выбiрацца.
Читать дальше