Мiсiс Берг знайшла стары ручнiк i дала яго Лоце, каб выцерла пыл. Але Лота адмоўна пакруцiла галавой.
— Я магу выцерцi пыл пазней, мiсiс Берг. Зараз я павiнна вырашыць, якая сукенка будзе лепшай для нядзелi.
Як цяжка было выбраць такую сукенку! Iх было так шмат! Былi чырвоныя, жоўтыя, блакiтныя, белыя, у клетку, у кропкi, нават з кветачкамi.
— Белая сукенка з вышыўкай будзе найлепшая, — вырашыла нарэшце Лота. — Яе можна будзе апрануць толькi ў нядзелю.
— Ты маеш рацыю, — сказала мiсiс Берг. — Яе не трэба апранаць кожны дзень.
Калi ўсё было даведзена да ладу, мiсiс Берг пагладзiла Лоту па шчацэ i сказала:
— Тут мы ўжо ўсё скончылi, i я лепш пайду дадому.
Лота кiўнула:
— Добра, але ж вы павiнны наведваць мяне. Калi вы ўбачыце Мартэнсанаў, скажыце iм, што я жыву ў сваiм уласным доме i нiколi не вярнуся да iх.
— Добра, я так i скажу, — адказала мiсiс Берг.
Калi жанчына была ўжо на сярэдзiне лесвiцы, Лота закрычала:
— Мiсiс Берг, а як наконт ежы? Вы дасцё мне што-небудзь?
— Так, але ж табе прыйдзецца прыходзiць самой, — сказала мiсiс Берг. — Мне неяк не вельмi хочацца бегаць унiз i ўверх па лесвiцы.
Якраз у гэты момант Лота паглядзела ўверх i ўбачыла кошык, якi звiсаў з крука на столi.
— Мiсiс Берг, у мяне цудоўная iдэя!..
Iдэя Лоты была прывязаць доўгую вяроўку да кошыка i апускаць яго з акна так, каб мiсiс Берг магла пакласцi туды ежу.
— Потым я паднiму яго i — ап! Вось i ежа, — сказала Лота.
— Ты разумная, — сказала мiсiс Берг. Яна рассмяялася i пайшла за ежай для Лоты. Калi яна вярнулася, Лота ўжо апусцiла кошык.
— Хоп! Вось i ежа! — закрычала мiсiс Берг.
— Вы не расказвайце, што ў кошыку, — сказала Лота. — Я хачу здзiвiцца.
Яна падняла кошык у пакой; у iм былi аранжад, дзве саломiнкi, халодны памiдорны блiн, загорнуты ў кавалак паперы, i невялiчкi збанок з джэмам.
— Лепш, чым у Мартэнсанаў, — сказала Лота. — Да пабачэння, мiсiс Берг, i вялiкае вам дзякуй!
Мiсiс Берг пайшла, а Лота паклала аладку на стол i памазала яе джэмам. Потым яна скруцiла яе, узяла абедзвюма рукамi i пачала адкусваць ад яе, запiваючы аранжадам праз саломiнку.
— Не можа быць лепей, — сказала Лота. — I нiякiх талерак! I наогул, мяне здзiўляе, чаму людзi гавораць, што вельмi цяжка весцi гаспадарку?
Калi яна скончыла есцi, яна выцерла пальцы аб анучу. Потым пачала выцiраць пыл з мэблi, выцерла стол, камоду, крэслы, ложак, ляльчын ложак, люстэрка, а таксама карцiну з Чырвонай Шапачкай i ваўком. Яна прыгатавала ложак для Вiолы Лу i для сябе з Бэмсi. Лота была так задаволена сваёй гаспадаркай, што яна заспявала песню, якую нядаўна вывучыла:
Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,
Ноч маўчыць,
I вельмi-вельмi цёмна,
Запалю агеньчык жоўты мой,
Завуркоча кот: "Заходзь дадому!"
— Але ж у мяне няма коцiка, — сказала Лота задумлiва.
Задаволеная Лота забаўлялася з Вiолай Лу, Бэмсi i лялечным посудам даволi доўгi час. Яна яшчэ разоў пяць выцiрала пыл з мэблi. Нарэшце яна села ў крэсла i пачала думаць.
— Што ж усе робяць дома цэлы дзень? — спытала яна ў Бэмсi.
У гэты момант яна пачула крокi, якiя даносiлiся з лесвiцы. Гэта былi Джонас i Марыя.
— А ў мяне дом, — абвясцiла Лота.
— Так, мы ведаем, — сказаў Джонас. — Мiсiс Берг сказала нам.
— Я збiраюся пражыць тут усё жыццё, — папярэдзiла Лота.
— Гэта ты так мяркуеш, — адказаў Джонас.
Марыя падышла да посуду. Яна асцярожна памацала кубачкi, паднос, кафейнiк. Пры гэтым яна бясконца войкала ад захаплення. Потым убачыла Вiолу Лу i яе цудоўнае адзенне, разглядаць якое было адно задавальненне.
— Не чапай! — памахала пальчыкам Лота. — Гэта мая хата i мае рэчы.
— Цi ты не дазволiш мне пагуляць з iмi трошкi? — спытала Марыя, угаворваючы.
— Добра, — згадзiлася Лота. — Але толькi трошкi.
Праз хвiлiну Лота спытала:
— А мама плача?
— Канешне, не, — адказаў Джонас.
— Канешне, я плачу, — сказаў голас з лесвiцы, i ў дзвярах паказалася мама. — Канешне, я плачу па маёй маленькай Лоце.
Лоце было вельмi прыемна пачуць гэта.
— Мне вельмi шкада, мама, — сказала яна. — Але зараз у мяне свой дом i свая гаспадарка, i таму я ўвесь час вельмi занятая.
— Я разумею, — сур'ёзна сказала мама. — У цябе тут хораша.
— Значна лепей, чым дома, — сказала Лота, кранаючы фiранкi.
— Я прынесла табе раслiну. Гэта такi звычай, калi хтосьцi атрымлiвае новую хату, — растлумачыла мама i працягнула Лоце гаршчок з бягонiяй.
— Як добра, — сказала Лота. — Я пастаўлю яго на падаконнiк. Вялiкае дзякуй!
Лота яшчэ раз выцерла пыл з мэблi, каб мама, Марыя i Джонас маглi прасачыць за ёй. Яны згадзiлiся, што Лота добра даглядае свой пакойчык. Калi яна скончыла выцiраць пыл, мама спытала ў яе, цi не збiраецца яна абедаць з Джонасам i Марыяй.
Читать дальше