— Ты не здолееш жыць тут, Лота.
— Я здолею, — адказала Лота. — Гэта ж цудоўна! Тут так хораша i цёпла!
— Нават занадта хораша i цёпла, — сказала мiсiс Берг i адчынiла маленькае акенца, каб праветрыць пакой.
Лота падбегла да акна i радасна крыкнула:
— Паглядзiце! Я магу адсюль бачыць дом Мартэнсанаў.
— Так, i iх прыгожы дом i сад, — сказала мiсiс Берг.
Лота паказала язык дому Мартэнсанаў i рассмяялася, радасна кранаючы фiранкi ў белую i чырвоную клетку.
— Я нiколi не буду там жыць. Я збiраюся жыць усё сваё жыццё тут. I ў мяне ўжо ёсць фiранкi. А зараз мне патрэбна мэбля.
— Ты зробiш усё сама цi табе дапамагчы? — спытала мiсiс Берг.
— Вы можаце мне дапамагчы. Але вырашаць усё буду я сама.
— Ну, вырашай тады, якую мэблю ты хочаш?
Лота ўсмiхнулася. Усё складвалася нават больш цiкава, чым яна ўяўляла сабе. Ёй трэба было пайсцi з хаты яшчэ раней!
— Мне хацелася б вось гэта, — сказала Лота, паказваючы на маленькую камоду.
— Калi ласка, — адказала мiсiс Берг.
— Мне спатрэбяцца крэслы. У вас ёсць якiя-небудзь крэслы?
— Ёсць, але ж яны зламаныя, — адказала мiсiс Берг.
— Гэта не мае значэння. Што ж яшчэ?.. А як наконт ложка? Тут ёсць ложак?
— Так. Тут ёсць маленькi ложак i нават ложак для лялькi. Мая дачка спала ў iм, калi была маленькая.
— У лялечным ложку? — здзiвiлася Лота.
— Ну, вядома ж, у дзiцячым ложку, — адказала мiсiс Берг.
— Тады зараз там буду спаць я. А Бэмсi зможа спаць у лялечным ложку. Яму там не будзе цесна. А цi ёсць якая-небудзь бялiзна?
— Ёсць матрац, некалькi падушак i, можа, нават коўдра, але ж няма прасцiн, — сказала мiсiс Берг.
— Я абыдуся без прасцiн, — адказала Лота. — Дык вы дапаможаце мне з мэбляй, мiсiс Берг?
Мiсiс Берг дапамагла Лоце расставiць мэблю ў пакойчыку. Яны паставiлi стол i крэслы побач з акном, буфет стаў каля адной сцяны, а ложак — каля другой. Ложак лялькi добра глядзеўся побач з вялiкiм ложкам, i Лота паклала Бэмсi на маленькую падушку.
— Усё як у сапраўдным пакоi! — усклiкнула Лота.
Мiсiс Берг знайшла стары дыванок i паклала яго на падлогу. З дыванком пакой яшчэ больш стаў падобны на сапраўдны. Потым мiсiс Берг паставiла на камоду круглае запэцканае мухамi люстэрка. Над ложкам Лоты яна павесiла карцiну з Чырвонай Шапачкай i ваўком. Лоце гэта спадабалася.
— О, гэта добра! Я павiнна мець карцiну, iнакш гэта не сапраўдная хата. А гэта карцiна прыгожая, мiсiс Берг.
Звычайна Лота гаварыла, што, калi яна стане дарослай, у яе будуць мазалi на нагах, як у мiсiс Берг, i гаспадарка, як у мамы. Зараз яна агледзелася ў сваiм маленькiм пакойчыку i засталася вельмi задаволенай.
— У мяне ўжо ёсць свая гаспадарка, — уздыхнула Лота.
— Але ж ты не вельмi спяшайся нацерцi мазалi, — усмiхнулася мiсiс Берг.
— Добра, iм прыйдзецца трохi пачакаць, — згадзiлася Лота i чхнула тры разы.
— Тут многа пылу, таму ты чхаеш, — сказала мiсiс Берг.
— А я вытру пыл. Тут ёсць ануча? — спытала Лота.
— Зазiрнi ў камоду, — падказала мiсiс Берг.
Лота высунула верхнюю шуфляду.
— Ой, дык гэта ж сапраўдны ляльчын посуд!
Мiсiс Берг таксама зазiрнула ў шуфляду.
— Я зусiм забылася пра ляльчын посуд.
— Мне пашанцавала, што я знайшла яго! — сказала Лота i пачала расстаўляць усё на стале: кубачкi, сподачкi, паднос, кафейнiк, цукарнiцу, збаночак для вяршкоў. Посуд быў белы з маленькiмi блакiтнымi кветачкамi. Лота ажно падскоквала ад радасцi.
— Калi б Марыя ўбачыла ўсё гэта, яна б з'ехала з глузду, — смяялася Лота.
— Я сумняваюся, — сказала мiсiс Берг. У яе вачах свяцiлiся хiтрынкi. Паглядзi, Лота, можа, у другой шуфлядзе ёсць ануча?
Лота выцягнула другую шуфляду i знайшла вялiкую ляльку з блакiтнымi вачамi i чорнымi валасамi.
— Ой! — ускрыквала Лота. — Ой!
— Ну, добра, добра, гэта — Вiола Лу, — сказала мiсiс Берг.
— Гэта яе iмя? — спытала Лота. — Яна прыгожая! Зараз Бэмсi не можа легчы на ляльчын ложак, таму што там збiраецца спаць Вiола Лу... Можна мне ўзяць яе, мiсiс Берг?
— Так, калi ты будзеш даглядаць за ёй, — адказала мiсiс Берг. — Вядома, яна будзе спаць у сваiм ложку, а Бэмсi прыйдзецца пакiнуць яго.
Лота кiўнула:
— Так. Акрамя таго, мне здаецца, яму больш спадабаецца спаць са мной.
— А зараз высунь апошнюю шуфляду, — сказала мiсiс Берг. — Можа, ты знойдзеш там якую-небудзь вопратку для лялькi. Я памятаю, што калiсьцi шмат шыла для яе.
Калi Лота высунула апошнюю шуфляду, яна ўбачыла мноства свiтэраў, сукенак, палiто, шапачак, бялiзны, начных сарочак; i ўсё гэта было для Вiолы Лу.
— Калi б Марыя ўбачыла ўсё гэта, яна, канешне, з'ехала б з глузду, сказала зноў Лота. Яна павыцягвала ўсю вопратку з шуфлядкi, потым села на падлогу i пачала прымяраць усё на Вiолу Лу.
Читать дальше