Саксонец прамовіў апошнія словы і паглядзеў на ліліпутаў. Яны варухнулі губамі, і зноў пачуліся літаўры. Пасля гэтага ліліпуты развіталіся і пайшлі, а мы ўсе, не без хвалявання, пачалі чакаць наступнага дня, які пачаўся для нас з непрыемнага паведамлення. Прыйшоў адзін з ліліпутаў і сказаў, што ордэнскія стужкі, якія знаходзіліся ў кабінеце іх вайсковага міністра, гэтай ноччу некуды зніклі, але цырымонія ўзнагароджання не адмяняецца. Таму, як толькі з'явіцца кароль са світай, нам усім трэба будзе стаць у строй і, калі кароль падыдзе да нас, я павінен буду зрабіць некалькі крокаў наперад, каб атрымаць ордэн.
Усё так і адбылося. Праз некалькі гадзін мы пабачылі шэсце, якое накіроўвалася да нашых палатак. Мы глядзелі на ліліпутаў і адначасова чулі цэлы аркестр. Усё навокал грымела, пілікала, звінела, пакуль шэсце не наблізілася да нас. Мы ўсе ўжо стаялі роўным строем. Я на некалькі крокаў выйшаў наперад і пабачыў, што тое ж самае зрабіў бортмеханік. Але кароль упэўнена ішоў да мяне, не звяртаючы ніякай увагі на бортмеханіка. І тут я згледзеў, што на маіх грудзях на світэры трапеча матыль, крылы якога нагадваюць ордэнскую стужку, а кароль ужо з нейкімі словамі (і няцяжка было здагадацца, што гэта былі словы падзякі) працягнуў мне чаканку ў форме медаля. Я зірнуў на яе і ў мяне нават не знайшлося слоў каб нешта сказаць у адказ, настолькі я быў уражаны. Адно глядзеў і глядзеў на гэты свой ордэн. А кароль і яго світа тым часам пакідалі ўжо нас. Зноў зазвінелі, запілікалі, загрымелі гукі аркестра, а я ўсё ўзіраўся ў выяву на чаканцы.
— Пакажы, што ты там разглядваеш, — папрасіў доктар Савіч.
— Не паверыш, — сказаў я. — На гэтай чаканцы наш Кастусь Каліноўскі!
І ўсе пачалі разглядваць чаканку, перадаючы з рук у рукі. Толькі бортмеханік пайшоў у адну з палатак і ўжо ледзь не да самага старту амаль не выходзіў з яе.
— Зазлаваўся, што не яму далі ордэн, — зазначыла Галя. А да мяне падышоў Ганс Мюлер.
— У іх не толькі такія чаканкі ёсць, — сказаў ён. — Шмат іншых. Мне паказваў іх вайсковы міністр адразу пасля таго, як мы пацярпелі тут катастрофу. Запомнілася выява жанчыны, пад якой прачытаў надпіс: Еўфрасіння Полацкая. Хто яна?
— Вядомая асветніца, святая. З нашай глыбокай гісторыі, — адказаў я. — А Кастусь Каліноўскі — наш нацыянальны герой, які таксама застаўся ў нашай гісторыі. Але як гэтыя чаканкі тут апынуліся? Адкуль узяліся?!
На мае пытанні адказаў Антон:
— Пра гэта можна толькі здагадвацца. Думаю, яны з тых лятальных апаратаў, якія пасылаліся ў космас на самым пачатку, вельмі даўно. У іх часта ўкладваліся дыскі з запісамі пасланняў да чужых цывілізацый у іншыя светы і, канечне ж, чаканкі з выявамі нашых самых славутых людзей. Напэўна, адзін з тых апаратаў трапіў сюды, на гэты астэроід. І цяпер атрымалася ўсё як нейкае дзіва.
— Матыль таксама з серыі цудаў, — зазначыў доктар Савіч. — Не выпадкова ж ён сеў табе на грудзі якраз у той момант, калі з'явіўся кароль. Думаю, ён умее мысліць, ва ўсякім выпадку адрозніваць, хто герой, а хто толькі хоча выглядаць героем.
Той матыль так і застаўся на світэры ў мяне на грудзях. І я ўзяў яго з сабою на карабель, бо тым жа днём мы вырашылі пакінуць астэроід. І, калі ўжо ўзляталі, знізу, з паверхні да нас даносіліся гукі чароўнай музыкі — гэта ліліпуты развітваліся з намі, а ў адсеку, дзе размясцілася Галя, пачуўся крык. Я кінуўся да адсека, дзе ўжо быў доктар Савіч, і пабачыў у кутку раз'юшанага звярка, якога не мог не пазнаць. Адразу ж згадалася ліліпутка і той яе поўны жаху крык: «Р'ісь! Р'ісь!»
— Гэта, мае дарагія, рысь, — сказаў я, і ў мяне апошняе слова вымавілася больш цвёрда, чым у ліліпуткі. Але мне трэба было сказаць рысяня, там што за час нашага палёту назад на Зямлю, звярок вырас і стаў сапраўднай рыссю. Але перад тым, як мы прызямліліся на нашым касмадроме за Раўбічамі, у нас яшчэ была пасадка на Месяцы, дзе трэба было забраць паляка Ромуся.
І як толькі мы селі там на паверхню, Ганс адразу выклікаў месяцаход, і ўсе выйшлі з карабля. Вырашылі, што ў шпіталь хуткай дапамогі паедуць Ганс і бельгіец. І калі яны ад'ехалі, Антон пачаў разважаць, што мінаюць дзесяцігоддзі, а Месяц усё яшчэ як след не абсталяваны, каб стаць сапраўднай калоніяй Зямлі.
— Усе захапіліся глыбокім космасам, — уздыхнуў ён. І тут жа адазвалася Галя:
— Цішэй, Антон, — у яе голасе чуўся спалох. — Вунь, зірніце, ля таго валуна... Там ляжыць бортмеханік!
Мы сапраўды пабачылі ля валуна бортмеханіка, які на працягу ўсяго палёту амаль ні з кім з нас не кантактаваў.
Читать дальше