Пакуль гэта ўбачылі жыльцы, пакуль яны паведамілі Ірынай маме, большая частка плота была паламана і засыпана зямлёй.
Мы назіралі з акна, як на беднага экскаватаршчыка наляцелі Ірына мама ды іншыя жанчыны, як ён ім намагаўся нешта тлумачыць і, напэўна, усё зваліў на нас. Таму што жанчыны сталі азірацца па баках — яны яўна некага шукалі.
— Спектакль скончаны, — сказаў я. — Цяпер трэба падумаць, як выкруціцца.
Ірына мама, канешне, здагадалася, што гэта наша з Сёмкам штукарства. І мы чакалі ладнага прачуханца. Але пярун не ляснуў. Напэўна, таму, што назаўтра ў нашым доме будавалі новы плот. Яго будавалі ўжо не жыльцы, а рабочыя. І ўзняўся ён амаль пасярэдзіне нашага двара, значна бліжэй да дома, чым ранейшы. Малады інжынер, што прывёў рабочых, сказаў, што гэты плот часовы, пакуль новы дом пабудуюць, а потым яго зруйнуюць і пасадзяць тут кветкі і дрэвы.
— А платы, грамадзяне, — састарэлая справа, — сказаў малады інжынер.
Разам з раочымі ахвотна завіхаўся і дзядзька Кузьма.
Ён пакрыквыаў нават, калі што не так было. Яго слухалі ўважліва і не пярэчылі яму.
Усе былі задаволены.
Мы з Сёмкам — таму што стары плот быў разбураны.
Дзядзька Кузьма — таму што зноў знайшоў працу для сваіх умелых рук.
Ірына мама — таму што які-ніякі, але плот стаіць. “Калі плот у двары, адразу ўтульней робіцца”, -казала яна.
Жыльцы таксама былі задаволены. Таму, што не трэба было зноў узводзіць плот, — яны і так стаміліся.
Толькі Іра хадзіла надзьмутая, яна злаваоася на мяне.
Я чалавек незлапомны, і мне ўжо хацелася як-небудзь памірыцца з Ірай. але пакуль нічога не атрымоўвалася.
Як памірыцца з Ірай? Ад гэтай простай думкі мая галава проста расколвалася. Але тут адбылося нешта такое, што я забыўся пра нашу сварку.
На адной пераменцы Віцька Мелюх увайшоў у клас з надта ўжо кіслай фізіяноміяй. Віцька быў наогул мямля і ледзьве рухаўся. Я проста дзівіўся, за што яго абралі старшынёй рады атрада? Хіба можна яго параўноўваць з нашай Галкай? Галка — агонь, а Віцька — гэта суцэльная недарэчнасць. Але таварышы мне сказалі, што класная за яго. Ён ёй вельмі даспадобы — ціхі, спакойны і добра вучыцца.
Дык вось, Віцька, ледзь перастаўляючы доўгія ногі, увайшоў у клас і сеў за парту.
— Сябры, — жаласна працягнуў ён, — нам зноў не пашанцавала. І ўсё з-за Карабухіна.
— Што такое? — крыкнуў я.
— 6 “А” пратэстуе, быццам нам няправільна далі першае месца. Карабухін, маўляў, ужо паспеў усе двойкі ў нас выправіць, а вы паквапіліся на гатовенькае, — перадражніў Віцька Галку і яшчэ ніжэй апусціў галаву: — Не, сябры, не відаць нам першага месца. Ведаеце, якія ў 6 “А” гарлапаны. Адна Наважылава чаго вартая.
Таварышы абамлелі. Такога крутога павароту ніхто не чакаў. А здавалася, першае месца ў нас у кішэні разам з паездкай у Белавежскую пушчу.
Усе паглчдзелі на мяне як на пракажонага. І ніхто нават не захацеў успамінаць, што гэта я прывёў старога-чапаеўца, што з-за мяне прызначылі адзінаццаціметровы.
Што, падумаў я, рабіць? Перайсці яшчэ ў адзін клас. Але ў нас у школе толькі два шостых класы — “А” і “Б”. Я пайшоў па калідоры, сумна напяваючы песеньку, як “А” і “Б” сядзелі на коміне. Папраўдзе, песенькі такой няма. Ёсць толькі словы. Але я на хаду прыдумаў матыў. І паколькі мне бфло нявесела, то і матыў атрымаўся панылы і нецікавы.
— Пра што задумаўся, хлопец? — раздаўся над маёй галавой бадзёры голас.
Я падняў галаву і адразу ўсміхнуўся. Перада мной, усміхаючыся, стаяў высокі шыракаплечы Барыс Міхайлавіч, важаты нашага класа. Ён вучыўся ў педыінстытуце, а ў школе праходзіў практыку.
— Не журыся, хлопец, — сказаў Барыс Міхайлавіч, — усё на мазі, зразумеў?
Я нічога не зразумеў, але кіўнуў. Гаварыў Барыс Міхайлавіч заўсёды вельмі незразумела, але мы яго любілі. Ён быў чеммпіёнам інстытута па боксе і абяцаў пры першай магчымасці навучыць нас баксіраваць. Але гэтая магчымасць усё не з’яўлялася.
— Пойдзем у клас, — Барыс Міхайлавіч узяў мяне за плячо, — у мяне ёсць навіны.
Калі мы ўвайшлі ў клас, то засталі таварышаў у тых жа сумных позах.
Два дні заставалася да канца вучэбнага года, і хіба паспееш тут здзейсніць што-небудзь выбітнае, каб табе прысвоілі званне лепшага атрада ў дружыне?!
Пры з’яленні Барыса Міхайлавіча ўсе ўскочылі, заляпалі вечкамі парт, закрычалі: “Добры дзень, Барыс Міхайлавіч!”
— Сябры, — усміхаючыся, пачаў важаты, — значыць, так будзе. Нашы два класы — 6 “А” і 6 “Б” — адправяцца ў турысцкі паход-спаборніцтва. У кожнага атрада будзе заданне. Хто яго хутчэй выканае і прыйдзе ва ўмоленае месца, той і пераможа. Таму і прысвояць першае месца ў дружыне.
Читать дальше