Я зморшчваюся ўсё больш i больш; ён панясе мяне на руках з таксi ў Кронэраву кавярню; прыеду якраз без спазнення; цяпер самае позняе шостая гадзiна шэсць хвiлiн i трыццаць секундаў; чорны кулак, поўны помсты, расцiснуў маю памаду; i мае спарахнелыя косцi дрыжаць; баюся, як яны будуць выглядаць, мае сучаснiкi; цi будуць яны тыя самыя людзi, што былi даўней, альбо толькi падобныя да iх? А што з нашым залатым вяселлем, стары; у вераснi 1908 года - ты забыўся? - трынаццатага верасня 1908 года; як ты мяркуеш спраўляць залатое вяселле? Жонка-юбiляр з серабрыстымi валасамi, муж-юбiляр з серабрыстымi валасамi, а наўкола незлiчоная грамада ўнукаў; прабач мне за мой смех, Давiд... ты не быў Аўрамам, але я адчуваю ў сабе крышачку ад смеху Сары, толькi зусiм крышачку: шмат яго ўва мне змяшчаецца; я нясу з сабою толькi арэхавую шкарлупiну смеху ды яшчэ сумачку, поўную золата; але хоць i слабы мой смех, ён хавае ў сабе агромнiстую энергiю, большую за Робертаў дынамiт...
Урачыста, вельмi ўрачыста, але занадта марудна вы iдзяце праз алею; наперадзе сын Эдыт, але побач з ёй не Рут; ёй было тры гадкi, калi мяне забралi ад iх, ды я б усё адно пазнала яе, нават калi б убачыла яе васьмiдзесяцiгадовую; гэта не Рут; жэсты рук не забываюцца; у арэхавай шкарлупiне жыве ўжо будучае дрэва; як часта мне даводзiлася бачыць гэткi, як у Рут, жэст - у маёй мацi, калi яна адкiдвала сабе з iлба валасы; дзе ж Рут? Няхай яна мне выбачае... гэта чужая, прыгожая дзяўчына; ах, вось чэрава, якое народзiць тваiх праўнукаў, стары; цi будзе iх сямёра, сем разоў па сямёра? Прабач, што я смяюся: вы паяўляецеся, нiбы герольды, павольна i занадта ўжо ўрачыста; вы хочаце забраць юбiляра-нявесту? Вось я тут, гатовая, зморшчаная, нiбы стары-стары яблык; ты можаш занесцi мяне ў таксi на руках, стары; але хуценька: я не магу цяпер змарнаваць нi секунды; ага, таксi прыехала ўжо: бачыце, як я добра ўмею ўсё арганiзаваць; ва ўсякiм разе як жонка архiтэктара навучылася гэтаму... дайце праехаць таксi, а самi станьце паабапал алеi: справа - Роберт i незнаёмая прыгажуня, злева - стары са сваiм унукам; Роберт, Роберт, хiба гэта тое месца, дзе ты павiнен пакласцi руку каму-небудзь на плячо? Табе трэба дапамагчы, падтрымаць? Хадзi сюды, стары; заходзь, прынясi сюды шчасце... святкуйма i радуймася! Прыйшла нашая часiна!
12
Парцье ўстрывожана паглядаў на гадзiннiк: прамiнула ўжо шостая гадзiна, а Ёхэн усё яшчэ не паявiўся, каб замянiць яго; госць з нумара 11 спаў ужо дваццаць адну гадзiну, павесiўшы на клямку шыльдачку з надпiсам "Прашу не турбаваць"; i ўсё-ткi дагэтуль яшчэ нiхто не адчуў цiшынi смерцi за зачыненымi дзвярыма; не чуваць шэптаў, ляманту пакаёвак; час вячэры: цёмныя гарнiтуры, светлыя сукенкi, шмат срэбра, агеньчыкi свечак, музыка; да амара пад маянэзам - Моцарт, да мясных страў - Вагнер, пад дэсерт - джаз.
У паветры адчувалася бяда; парцье спалохана паглядаў на гадзiннiк: стрэлкi занадта павольна наблiжалiся да пункта, у якiм бяда павiнна зрабiцца вiдавочнай; тэлефонныя званкi адзiн за адным: першае меню ў нумар дванаццаць, трэцяе меню ў дзвесце васемнаццаты нумар, шампанскае - у чатырнаццаты; суботне-нядзельным парушальнiкам шлюбнай вернасцi патрабавалiся стымулятары; пяцёра багатых валацугаў сядзелi ў вестыбюлi, чакаючы аўтобуса, якi меў завезцi iх да начнога самалёта: "...Менавiта так, шаноўная фраў, першая вулiца налева, другая - направа, трэцяя - налева; рымскiя дзiцячыя магiлкi маюць вячэрняе асвятленне; фатаграфаваць дазволена". Бабуля Блейзiк у аддаленым куце пiла свой партвейн i нарэшце перахапiла Гугу, якi чытаў ёй навiны з мясцовай газеты: "Няўдача злодзея-кiшэннiка. Учора ў Эрэнфэльдгюртэлi малады чалавек зрабiў спробу выхапiць сумачку з рук у пажылой жанчыны, але адважная бабулька здолела... Дзяржаўны сакратар Далес..."
- Лухта, лухта, - перапынiла яго бабуля Блейзiк, - не хачу слухаць нiчога пра палiтыку цi пра мiжнародныя справы; мяне цiкавяць толькi мясцовыя навiны.
I Гуга чытаў далей:
- Бургамiстр горада ўшанаваў слыннага баксёра...
Час здзеклiва адцягваў выбух бяды; тым часам у рэстаране цiха звiнелi келiхi; на сталы ставiлiся срэбныя талеркi, пад узнёслую музыку пазвоньвалi фарфоравыя талеркi; у дзвярах, што мякка вярнулiся ў абабiтыя лямцам пазы, стаяў шафёр аўтобуса авiякампанii i жэстамi заклiкаў тых, хто ад'язджае, збiрацца хутчэй; парцье нервова зазiраў у свой нататнiк: "ад 18.30 зарэзерваваць нумар з боку вулiцы для пана М.; з 18.30 - двухмесны нумар для пана радцы Фэмеля з жонкаю, абавязкова з боку вулiцы; а дзевятнаццатай забраць на прагулку сабаку Кэсi з нумара 114"; толькi што якраз гэтай псiне панеслi яечню, згатаваную паводле спецыяльнага рэцэпта: цвёрды жаўток i мяккi бялок, а да яек - моцна засмажаныя кавалачкi каўбасы, i, як заўсёды, гэтая паскудная жывёлiна пачне грэблiва адварочвацца ад яды; госць у адзiнаццатым нумары спiць ужо дваццаць адну гадзiну i васемнаццаць хвiлiн...
Читать дальше