- Я страшэнна рада, - сказала яна, - сапраўды, страшэнна рада, што ўбачу абацтва i буду сёння на вечарыне разам з вамi.
Начальнiк станцыi дзьмухнуў у свiсток i паказаў рукою цягнiку, што можна адпраўляцца.
7
Калi яны падышлi да акенца, Нэтлiнгер выцягнуў цыгару з рота i кiўком галавы падбадзёрыў Шрэлу; акенца адчынiлася знутры, наглядчык з аркушам паперы ў руцэ высунуў галаву i спытаў:
- Вы - арыштант Шрэла?
- Я, - адказаў Шрэла.
Наглядчык голасна называў прадметы, выцягваючы iх адзiн за адным з кардоннай скрынкi, i клаў перад Шрэлам.
- Кiшэнны гадзiннiк, нiкеляваны, без ланцужка.
- Кашалёк, чорны, скураны; унутры пяць брытанскiх шылiнгаў, трыццаць бельгiйскiх франкаў, дзесяць нямецкiх марак i восемдзесят пфенiгаў.
- Гальштук зялёнага колеру.
- Самапiска, без маркi, шэрага колеру.
- Дзве насоўкi - белыя.
- Плашч-макiнтош, непрамакальны.
- Капялюш чорнага колеру.
- Брытва бяспечная маркi "Жылет".
- Шэсць цыгарэт маркi "Бельга".
- Кашуля, сподняя бялiзна, мыла i зубная шчотка былi пры Вас, так? Калi ласка, распiшыцеся вось тут, засведчыце, што ўсе Вашыя асабiстыя рэчы Вам вернуты.
Шрэла апрануў плашч, пазапiхваў у кiшэнi атрыманыя толькi што рэчы, падпiсаў спiс, на якiм стаяла дата: "6 верасня 1958 г., 15 гадзiн 30 хвiлiн".
- Усё ў парадку, - сказаў наглядчык i зачынiў акенца.
Нэтлiнгер iзноў засунуў цыгару ў рот, дакрануўся да Шрэлавага пляча.
- Хадзем, - сказаў ён, - вось сюдой, альбо ты зноў хочаш за краты? Можа, усё-такi завяжы гальштук.
Шрэла сунуў у рот цыгарэту, паправiў акуляры, падняў каўнерык кашулi i надзеў гальштук; ён здрыгануўся, калi Нэтлiнгер раптам паднёс яму да носа запальнiчку.
- Гэтак вось, - сказаў Нэтлiнгер, - гэтак вось бывае з усiмi вязнямi: хай ён будзе высокi цi маларослы, вiнаваты цi невiнаваты, бедны цi багаты, палiтычны цi крымiнальнiк - усе найперш хочуць выкурыць цыгарэту.
Шрэла зрабiў глыбокую зацяжку; завязаўшы гальштук, а пасля - апусцiўшы каўнерык, ён паглядаў праз верх акуляраў на Нэтлiнгера.
- Ты ў гэтых пытаннях дужа дасведчаны, праўда?
- А ты што - не? - спытаў Нэтлiнгер у адказ. - Хадзем; ад развiтання з начальнiкам, на жаль, я цябе вызвалiць не магу.
Шрэла насунуў капялюш, выцягнуў з рота цыгарэту i пайшоў за Нэтлiнгерам, якi адчынiў дзверы на двор; начальнiк турмы стаяў каля акенца, перад якiм стаяла доўгая чарга: людзi стаялi па дазволы на нядзельныя спатканнi; гэта быў высокi мужчына, не занадта модна, але салiдна апрануты; калi ён наблiжаўся да Нэтлiнгера i Шрэлы, яго рухi былi падкрэслена цывiльнымi.
- Спадзяюся, - сказаў ён Нэтлiнгеру, - што ўсё было даведзена да ладу так, што ты застаўся задаволены - хутка i як мае быць.
- Дзякуй, - адказаў Нэтлiнгер, - усё сапраўды было зроблена хутка.
- Гэта добра, - сказаў начальнiк турмы i звярнуўся да Шрэлы. - Прашу мне прабачыць за тое, што я Вам на развiтанне скажу колькi слоў, хоць Вы ўсяго адзiн дзень былi ў мяне пад... - ён засмяяўся, - ...апекаю i памылкова трапiлi не ў следчую турму, а ў карную. Бачыце, - сказаў ён i паказаў рукою на ўнутраную браму турмы, - за вунь тою брамаю Вас чакае другая брама, а за ёю Вас чакае штосьцi грандыёзнае, тое, што мы лiчым за сваё найвышэйшае дабро, - воля. Справядлiвым цi несправядлiвым было падазрэнне, але Вы спазналi... - ён засмяяўся яшчэ раз, -...вы спазналi сярод маiх гасцiнных муроў супрацьлегласць вольнасцi. Карыстайцеся Вашай вольнасцю. Мы ўсе - адно што вязнi, вязнi нашага цела, аж да хвiлi, калi душа вызвалiцца ад путаў i ўзнясецца да свайго стваральнiка; але быць вязнем сярод маiх гасцiнных муроў - гэта не проста сiмвал. Я выпускаю вас на волю, пане Шрэла...
Шрэла збянтэжана працягнуў руку, але тут жа рвануў яе назад, да сябе, бо па начальнiкавым твары ён заўважыў: поцiск яго далонi не належыць да прынятых тут фармальнасцей; Шрэла збянтэжана маўчаў, пераклаў цыгарэцiну з правай рукi ў левую i крадком зiрнуў на Нэтлiнгера.
Муры вакол гэтага двара, неба па-над iмi былi апошнiмi рэчамi на гэтай зямлi, якiя давялося бачыць Фэрдзi; магчыма, голас начальнiка быў апошнiм чалавечым голасам, якi ён пачуў на гэтым дзядзiнцы - досыць вузкiм, каб дым з Нэтлiнгеравай цыгары мог запоўнiць яго ўвесь; прынюхваючыся, начальнiк падумаў: "Божа мой, ты заўсёды добра разбiраўся ў цыгарах: тут табе трэба аддаць належнае".
Нэтлiнгер не выцягваў цыгары з рота.
- Ты мог абысцiся гэтым разам без развiтальнае прамовы. Значыць, дзякуй i - да пабачэння.
Ён схапiў Шрэлу за плечы i падпiхнуў яго ў напрамку да ўнутранай брамы, якая перад iмi адчынiлася; Нэтлiнгер павольна павёў Шрэлу да знешняй брамы; Шрэла спынiўся, аддаў вартаўнiку свае паперы; той уважлiва паглядзеў на iх, кiўнуў i адчынiў браму.
Читать дальше