* Мне шкада (англ.).
Стары Фэмель адставiў келiх з пiвам, паклаў рукi на стол.
- Цi бачыў ты яшчэ хоць раз такiя ўсмешкi? - прамармытаў ён, закрываючы твар рукамi.
- Бачыў, - адказаў Роберт. - На твары гатэльнага служкi, якога завуць Гуга. Я пакажу яго табе.
- Я падару гэтаму хлопцу маёнтак, якi не захацеў узяць Генрых; напiшы мне яго iмя ды адрас тут, на падстаўцы пад пiва; на гэтых круглых кардонках пiшуць самыя важныя рэчы; i паведамi мне, калi што-небудзь дазнаешся пра брата Эдыт. Цi жывы ён?
- Жывы. Ты ўсё яшчэ баiшся яго?
- Баюся. Самае жахлiвае тое, што ў iм не было нiчога, штб б магло ўзрушыць iншага; калi я глядзеў, як ён iдзе цераз двор, я ведаў: ён моцны i ўсё, што ён робiць, робiцца не з тых прычын, з якiх робяць пэўныя ўчынкi астатнiя людзi: з прычыны, што нехта бедны, а нехта багаты, нехта брыдкi, а нехта прыгожы, што некага лупцуе мацi, а некага не лупцуе - прычыны, якiя прымушаюць кагосьцi штосьцi рабiць: альбо будаваць цэрквы, альбо забiваць жанчын; альбо зрабiцца добрым настаўнiкам, альбо - дрэнным арганiстам; я ведаў, што ягоных учынкаў нельга растлумачыць нiводнай з названых тут прычын; у тыя часы я яшчэ ўмеў смяяцца, але ў iм я не знайшоў нiчога, нiводнай шчылiнкi, якая б магла быць прычынай майго смеху; гэта палохала мяне: мне здавалася, нiбыта цераз мой двор iшоў анёл цёмнага царства, божы экзекутар, якi хоча накласцi секвестр на цябе; ён зрабiў гэта, наклаў на цябе секвестр; нiшто ў iм не ўзрушвала iншых; нават калi я пачуў, што яны збiлi яго i хацелi забiць, гэта мяне не ўзрушыла...
- Пане радца, я толькi цяпер пазнаў Вас. Вельмi ўсцешаны бачыць Вас жывога-здаровага. Колькi ж гэта гадоў прайшло з тае пары, як Вы былi тут апошнi раз?
- Ах, Муль, гэта Вы? Цi жыве яшчэ Вашая мацi?
- Hе, пане радца: пахавалi яе. Гэта былi вялiкiя хаўтуры. Яна пражыла багатае жыццё - сямёра дзяцей, трыццаць шэсць унукаў i адзiнаццаць праўнукаў... багатае жыццё. Вы зробiце мне гонар, спадары, калi вып'еце за памяць па маёй мацi.
- Ахвотна, дарагi Муль; яна была слаўная кабета.
Стары Фэмель падняўся, Роберт устаў таксама; тым часам гаспадар пайшоў да прылаўка, каб напоўнiць келiхi; станцыйны гадзiннiк паказваў усяго толькi дзесяць на пятую; двое сялян стаялi каля прылаўка; яны, сумна паглядаючы, запiхвалi сабе ў рот памазаныя гарчыцаю тэфтэлi; задаволена пакрэкваючы, пiлi пiва; гаспадар вярнуўся з-за прылаўка з пачырванелым тварам, але вочы зрабiлiся вiльготныя; ён зняў з падноса келiхi, паставiў на стол, потым узяў свой келiх У руку.
- За добрую памяць па Вашай матулi, Муль, - сказаў стары Фэмель. Яны паднялi келiхi, кiўнулi адзiн аднаму i, адпiўшы, адставiлi iх.
- Цi ведаеце Вы, - сказаў стары, - што Вашая мацi пяцьдзесят год таму дала мне крэдыт - калi я, сасмяглы i галодны, вяртаўся з Кiслiнгена? Тады якраз быў рамонт гэтага ўчастка чыгункi, ды мне было яшчэ зусiм няцяжка адмахаць чатыры кiламетры пехатою; за Вашае здароўе, Муль, i за добрую памяць па Вашай матулi. Гэта вось мой сын, Вы яго яшчэ не ведаеце?
- Фэмель, вельмi прыемна.
- Муль, вельмi прыемна.
- Вас, пане радца, знае тут кожнае дзiцё; усiм вядома, што Вы пабудавалi нашае абацтва, а старыя бабулi яшчэ могуць расказаць пра Вас нямала розных гiсторый - як Вы замаўлялi цэлыя вагоны пiва для муляраў, як Вы давалi сола ў скоках на свяце з нагоды канца будаўнiцтва. Гэты глыток за Вашае здароўе, пане радца.
Яны, стоячы, выпiлi да дна; Роберт з парожнiм келiхам у руцэ глядзеў на карчмара, якi тым часам вярнуўся да прылаўка, забраўшы апарожненыя талеркi са стала, дзе сядзела маладая пара, прасунуў iх у акенца на кухню; потым падышоў i атрымаў ад маладога чалавека плату. Стары Фэмель пацягнуў сына за крысо пiнжака:
- Сядай, сядай жа; у нас яшчэ дзесяць хвiлiн часу. Гэта цудоўныя, добрыя людзi.
- I ты не баiшся iх - праўда, бацька?
Стары паглядзеў сыну проста ў вочы; на яго хударлявым, усё яшчэ без адзiнай зморшчыны твары не было ўсмешкi.
- Якраз гэтыя людзi, - сказаў Роберт, - здзекавалiся з Гугi, i, мажлiва, нехта з iх быў катам Фэрдзi!
- Калi цябе не было i мы чакалi ад цябе вестачкi, я баяўся кожнага чалавека... але каб баяцца Муля? Хiба ты яго баiшся?
- Убачыўшы кожнага новага чалавека, я пытаюся ў сябе, цi хацеў бы я апынуцца ў ягонай уладзе; i няшмат ёсць такiх, пра каго я мог бы сказаць: "Я гатовы на гэта".
- А цi быў ты ва ўладзе брата Эдыт?
- Hе. Мы жылi ў Галандыi з iм у адным пакоi, дзялiлiся ўсiм, што ў нас было; палавiну дня мы гулялi ў бiльярд, a другую палавiну вучылiся: ён нямецкай мове, я - матэматыцы; я не быў у ягонай уладзе, але заўсёды быў гатовы на гэта... I гатовы апынуцца ў тваёй уладзе, бацька...
Читать дальше