- Можа, гэта быў толькi жарт, забава.
- Дзiўныя ў вас жарты, дзiўныя забавы. Вы ж - архiтэктар.
- Hе, я займаюся статыкай.
- Ну, гэта, пэўна, рознiца невялiкая.
- Падрыванне - гэта поўная процiлегласць статыкi. Так бы мовiць, яе адваротны бок.
- Прашу мне прабачыць, - сказаў малады чалавек, - у матэматыцы я заўсёды быў слабаваты.
- А мне матэматыка заўсёды давала вялiкае задавальненне.
- Ваш выпадак пачынае цiкавiць мяне ўжо не па службе. Цi Вашае сведчанне пра любоў да матэматыкi павiнна значыць, што выбух пэўным чынам цiкавiў Вас як фахоўца?
- Мажлiва. Таму, хто займаецца статыкай, надзвычай цiкава даведацца, якiя сiлы патрэбныя, каб нейтралiзаваць дзеянне законаў статыкi. Вы павiнны прызнаць, што гэта быў узорны выбух.
- Але няўжо Вы сур'ёзна сцвярджаеце, што гэтая, так бы мовiць, абстрактная цiкавасць магла мець пэўнае значэнне?
- Менавiта.
- Баюся, што я ўсё ж не змагу адмовiцца ад палiтычнага допыту. Звяртаю Вашую ўвагу на тое, што падаванне якiх-небудзь фальшывых звестак не мае нiякага сэнсу; у нас ёсць усе дакументы i матэрыялы, з дапамогаю якiх мы можам спраўдзiць Вашыя паказаннi.
Толькi ў гэтай хвiлi Роберту прыйшло ў галаву, што абацтва трыццаць пяць год таму пабудаваў яго бацька; яны гэтак часта чулi пра гэта i атрымлiвалi доказы гэтага, што яно перастала быць праўдаю; ён баяўся, што малады амерыканец можа да ўсяго дакапацца i выдумаць сабе тлумачэнне таго выбуху - бацькоўскi комплекс; можа, лепей было б сказаць гэтаму чалавеку: я ўчынiў гэты выбух, бо яны пасвiлi авечак; i гэткiм чынам я мог бы даць iм сур'ёзныя падставы лiчыць мяне вар'ятам; ды Роберт адно што паглядаў праз акно на зграбную вежу Святога Севярына як на здабычу, што ўцякла ад яго; тым часам малады чалавек задаваў яму пытаннi, на якiя ён, не задумваючыся, адказваў словам "не".
Дзяўчына адсунула ад сябе пустую ўжо талерку, пасля ўзяла талерку хлопца, нейкую хвiлю трымала абодва вiдэльцы ў правай руцэ, ставячы ягоную талерку на сваю, потым паклала абодва вiдэльцы на талерку, што была зверху, а вольнай правай рукой сцiснула хлопцаў локаць i, усмiхаючыся, паглядзела яму ў вочы.
- Значыць, Вы не ўваходзiлi ў нiякую арганiзацыю? Чытаеце Гёльдэрлiна? Добра. Магчыма, заўтра я выклiчу Вас яшчэ раз. Цвёрдае Божае сэрца, нават калi спачувае.
Калi бацька зайшоў у пачакальню, Роберт пачырванеў, тут жа падышоў да старога, узяў у яго з рук цяжкi капялюш i сказаў:
- Я зусiм забыўся павiншаваць цябе з днём нараджэння, бацька. Даруй. Пiва я табе ўжо замовiў; спадзяюся, што яно будзе свежае, але калi...
- Дзякуй, - адказаў бацька, - дзякуй за вiншаванне, i не заказвай свежага пiва, я не люблю надта халоднага...
Бацька паклаў яму руку на плячо. Роберт пачырванеў, згадаўшы пра той iнтымны жэст, якiм яны абмянялiся ў алеi перад лякарняй; там ён раптам адчуў патрэбу пакласцi руку на бацькава плячо, i бацька адказаў на гэты жэст, калi яны дамаўлялiся сустрэцца на станцыi Дэнклiнген.
- Хадзем, - сказаў Роберт, - пасядзiм; у нас ёсць яшчэ дваццаць пяць хвiлiн.
Яны паднялi келiхi, кiўнулi адзiн аднаму i выпiлi.
- Даць цыгару, бацька?
- Hе, дзякуй. Цi ведаеш ты, мiж iншым, што за апошнiя пяцьдзесят год расклад руху цягнiкоў амаль не памяняўся? Нават шыльдачкi з гадзiнамi i хвiлiнамi ўсё яшчэ тыя самыя; толькi эмаль сям-там крыху аблузалася.
- Крэслы, сталы, карцiны на сцяне, - сказаў Роберт, - усё як i было раней: калi мы пагоднымi летнiмi вечарамi прыходзiлi пехатою з Кiслiнгена i чакалi тут цягнiка.
- Напраўду, - пацвердзiў бацька, - нiчога не памянялася. Цi званiў ты Рут? Яна прыедзе? Я так даўно не бачыў яе.
- Прыедзе; мяркую, яна ўжо сядзiць у вагоне.
- Недзе адразу па палове пятай мы будзем у Кiслiнгене; вып'ем там кавы i да сёмай вернемся ўжо дамоў. Вы ж прыедзеце на ўрачыстую вячэру ў кавярню?
- Вядома, бацька; хiба ты сумняваўся ў гэтым?
- Hе, але я нешта быў падумаў, цi не адмовiцца ад усяго... можа, лепш не рабiць нiчога - хоць дзеля дзяцей, пэўна, адмаўляцца не трэба, дый я шмат чаго падрыхтаваў да гэтага дня.
Стары апусцiў вочы, стаў разглядваць настольнiк з чырвонымi i белымi квадратамi, водзячы па iм укруга келiхам з пiвам; Роберта ўразiла гладкая скура на бацькавых руках: рукi дзiцяцi, што захавалi сваю цноту; бацька падняў вочы, зiрнуў Роберту ў твар.
- Я думаў пра Рут i Ёзэфа; ты ж ведаеш, у Ёзэфа ёсць дзяўчына?
- Hе, не ведаю.
Стары зноў апусцiў вочы да настольнiка, зноў пачаў вадзiць келiхам.
- Я заўсёды меў надзею, што мае абедзве тутэйшыя сядзiбы зробяцца для вас нечым накшталт вашага другога дома, але ўсiм вам было больш даспадобы жыць у горадзе, нават Эдыт... адзiн Ёзэф, здаецца, здзейснiць мае мары; дзiўна, вы ўсе мяркуеце, што ён падобны на Эдыт i ў iм нiчога няма ад нашае раднi; а ўсё ж ён гэтак моцна нагадвае Генрыха, што мне часам робiцца вусцiшна, калi я бачу твайго хлопца; гэта - Генрых, такi, якi ён бы мог вырасцi... цi ты яшчэ памятаеш яго?
Читать дальше