— То-ж бы то... — згадзілася Агапа.
Ноч была спакойнай: ні стрэлаў, ні бамбавікоў. Ураньні Марыля сказала цётцы, што ёй ужо добра й яна можа падняцца, сама даглядаць дзіцётка. Неўзабаве мелася прыйсьці бабка Прузына.
Марыля апранула халат з чорна-жоўтымі палоскамі, пацалавала дзіцятка, зірнула на вуліцу і, трымаючыся за рукаў цёткі Агапы, выйшла ў меншую хату. На стале стаяла ў вышчарбленай глінянай місцы ўчарашняя капуста, і каля яе ляжала луста хлеба. На рагу стала, пры якім сядзеў невядомы чалавек, — пацяруха махоркі. Гледзячы на пабітае каля вядра чарап’ё судзьдзя, Марыля пачула дзіцячы сьмех і голас цёткі Агапы. Увайшоўшы ў хату, дзяўчаты й хлапчукі, весела сьмяючыся, давалі ў рукі свае добрай настаўніцы букеты розных кветак і абяцалі прыходзіць штодня. Бабка Прузына, у сваю чаргу, расказала пра ўчарашнюю сустрэчу з абдзёртым вайскоўцам і папыталася, ці быў ён. Устаўляючы ў прырыхтаваны Агапаю гладыш прынесеныя дзецьмі кветкі, Марыля зірнула на «ходзікі», каб ведаць, а якой гадзіне прыйшлі ў хату госьці... На падкоўцы вісеў «Павал Бурэ». Асьцярожна, як нешта сьвятое, зьняла Марыля з вухналя гадзіньнік, зірнула і закусіла губы:
— Раманаў!? — не сваім голасам крыкнула Марыля.
Яна пазнала на вечку гадзіньніка выскрабены іголкаю крыжык і маланкавым рухам адкрыла вечка.
— Божачка-ж ты мой!.. — яна ўбачыла свой фотаздымак.
Сьціскаючы гадзіньнік, як няжывая, павалілася на выбітую глінаю зямлю хаты й моцна застагнала.
Адлітую вадою Марылю пасадзілі на лаву каля стала. Цётка Агапа давала ёй з лыжкі нейкія кроплі й вельмі хвалявалася, наракаючы на прышлага ў хату чалавека...
Дзяўчынка, скубучы сплецены ёю з васількоў вяночак, падняла з лавы вайсковы білет і прачытала, як вучыла яе Марыля ў школе:
- Ас-тап Кры-жак...
У гэтую часіну ўвайшоў у хату Астап, ягоныя вочы скрыжаваліся зь вялікімі чорнымі вачыма Марылі Іскрыцкай... Падышоў, пацалаваў рукі, галаву і, быццам важачы на вагу золата кожны гук, гледзячы ў даўно ня бачаныя вочы, сказаў:
— Не вінавацьце мяне, Марыля!..
Абразок
На апошнім тыдні ліпеня, із сыботы на нядзелю, ізноў дакацілася да Асінаўкі далёкая гарматная калатня. Гэтым разам — з паўночна-ўсходняга боку, адтуль, дзе стыкаліся найбольшыя сілы двух бакоў. Спачатку людзі ня вельмі й бралі да галавы гэтую калатню, бо гэта-ж не першыня, што яна то набліжалася, то аддалялася і, часам, даволі надаўга. Прывыклі й абыліся. А найбольш супакойвала ўсіх тое, што Асінаўка мясьцілася ў крутой балацянай дузе на левым беразе Нёману. Ня было тут ні гасьцінца, ні людскіх язджалых дарогаў. Адны каляіністыя сьценкі, глыбака выбуксаваныя дзеравянымі восямі. А прадзедаўская грэбля, што лучыла Асінаўку з суседнім Забалацьцем, разьмясілася савецкімі танкамі яшчэ на пачатку вайны. Тыя танкі так і не дайшлі да Забалацьця: адны ўвязьлі ў балоце, уцякаючы ад нямецкіх бамбавікоў, і паабрасталі асакою, а іншыя й цяпер яшчэ чарнеюць, як тыя страшыдлы, паблізу Асінаўскіх могілак. І старая кладка-ківулька ўтапілася ў Нёмане. Толькі чорт лазаты, думалася людзям, адважыцца несьцьмі галаву ў балота. Неяк узбоч усё яно пачыналася, ішло, узбоч і пярэйдзе, і скончыцца — гэтак думалася й хацелася асінаўцам.
Але ўсё ішло й рабілася ня так, як хацелася таго людзям. Калатня набліжалася й мацнела. І людзям было не да сну із сыботы на нядзелю. Адны выходзілі з хатаў, прыслухоўваліся, падавалі, кашляючы, голас суседзям, перакідаліся поціху думкамі, сыходзіліся, садзіліся на прызбы, закурвалі люлькі й думалі, ківаючы галовамі... Іншыя адчынялі вокны, высоўвалі баязьліва галовы, прыкладалі да вушэй далоні, каб лепш пачуць, як стагнала зямля й гуло паветра, гаварылі нешта жанкам, потым ізноў зачынялі вокны, тупалі, адчынялі й зачынялі дзьверы, углядаліся на абразы, хрысьціліся і, нікому нічога ня кажучы, чакалі раніцы...
Чакаў раніцы ля сваёй варыўні й Лявон Гужэвіч. Чакаў так, як чакалі яе і ўсе асінаўцы: прыйдзе яна з-за Нёману, цёплая й расістая, узыдзе сонца, перасьціхне калатня, і павесялее на душы чалавека. Але-ж раніца магла быць і ня гэткай, таксама думалася Лявону. Як было там і ня было, а ён ад свайго не адступіць. Навет калі й зямля пад нагамі загарыцца, дык і тады Лявон ня вырачэцца свайго, сказанага самому сабе гужэвіцкага «не». Гэтак, гаворачы сам-насам з упірыстымі, неадчэпнымі думкамі, Гужэвіч і сам не заўважыў, як, устаючы з лавы, гэтыя думкі выказаў уголас:
— Тут нарадзіліся, тутака й памрэм...
Неспакойным было й Мар’яніна сэрца. Яна таксама некалькі разоў падыходзіла бяз дай прычыны да печы, перастаўляла гарнушкі, налівала й пералівала ваду зь вядра ў цёрла, тужэй завязвала пад барадою старую хустку ды ізноў бралася за лахманы на ложку. Але й ім не давала рады Мар’яна. Чула яна й на свае вочы бачыла, што людзі ідуць і едуць, уцякаючы ад таго, што насоўваецца з усходу на балацяную дугу Асінаўкі. Ейныя суседзі таксама збольшага ўсе напашэве, усе зьбіраюцца некуды, і от, калі давядзецца валачыся ў сьвет, дык на каго-ж яна пакіне сваю варыўню й ... Лукерку, Парасачку й сярэдняга сына Нічыпара... Хто-ж тады прыложыць, як родная маці, свае рукі да іхных магілак?.. І вось цяпер, пачуўшы Лявонава «памрэм», баязьліва страпянулася.
Читать дальше