— Дагараюць, як Раманава сэрца... — падумаў і скалануўся. Устаў і падышоў да печы прыкурыць.
— Дзе-ж ён пазнаў Рамана? — пачуў Астап, як пыталася Раманава жонка ў цёткі Агапы.
— Ведае, казаў, бачыўся. А от дзе й як — не сказаў, і я ў яго не перапытала.
— А не казаў, адкуль сам будзе?
— Нічагусенькі. Негаваркі, найбольш маўчыць і ўсё нештачка думае...
— Думае... Хай думае йдучы дадому... Што яму там надта думаць у чужой хаце... Пра тое, мусіць, што ўцёк, каб не ваяваць...
Апошняе гаварыла Марыля ня цётцы, а сама сабе, але Агапа ўчула:
— Ніхто ня хоча накладаць галавою чорт ведама за што. Можа-ж, і на яго, во гэтакага ўнурыстага, чакае свая кабеціна. Зьесьць капусты дый няхай сабе йдзе з Богам, калі так... На маю-ж дурную галаву... — цётка не дагаварыла, убачыўшы, што пляменьніца прытуліла да вачэй дзіцячую полачку й пачала плакаць. Даўшы дзіцяці ўвязаны ў палатняную анучынку драбок патоўчанага цукру, пайшла да дзьвярэй, каб зірнуць на варыва ў печы, а Марыля тым часам аклікнула:
— Распытайцеся-ж, цётачка, — выціраючы сьлёзы, папрасіла Марыля і, моцна ікнуўшы, дадала: — і гадзіньнік, кажаце, як у Рамана? Калі-б мела змогу падняцца пагаварыць з чалавекам...
— Марылька... — Агапа прыняла з клямкі руку, вярнулася да ложка, села і, камечачы ў руках зрэбны стары хвартух, пачала ўгаворы: — Ня еш ты сябе, кажу табе, Марылька, уважай пакуль што на самую сябе, на гэтую во сваю кроў у калысцы. Можа, і Раман недалёка дзе ад хаты...
Пачуўшы слова «гадзіньнік», Астап ня мог прыслухоўвацца далей да гаворкі жанок у большай хаце. Ня відны яму былі ані ачахлыя на чарэні вугалькі, ані сінюткі між імі аганёк... Падышоў да вядра са старою пянчанаю посілкаю, зачэрпнуў, сьпяшаючыся, вады меднаю конаўкаю, напіўся, начапіў конаўку на вушка вядра й амаль бегма кінуўся да стала. Ухапіў скураны капшук, палажыў у кішаню і, не разьвітваючыся, выйшаў ціхутка ў сенцы, а зь іх на ганак і супыніўся.
— А гадзіньнік? — папытаўся Астап у самога сябе. — Не, гадзіньнік мушу пакінуць, няхай самі дагадваюцца...
Выхапіў гадзіньнік, прылажыў яго да вуха, паслухаў, палажыў на далоню левае рукі й пачаў на яго ўзірацца: дзьве сорак пяць...
— Раманава сэрца сьціхла... памерла..., а сэрца Павала Бурэ б’ецца не заводзячыся... — ціхутка гаварыў Астап, пазіраючы на вяршыні трох ускудлачаных ветрам ліпаў на Раманавым двары. І Астапу захацелася зірнуць на жывучае сэрца гэтага маленькага, кругленькага, прычарнелага ад часу, але пакуль яшчэ крыху бліскучага, сярэбранага Павала Бурэ. Падчапіў ногцем вечка, паціснуў, і яно адскочыла. Пад ім, на другім вельмі бліскучым вечку ляжаў маленькі кругленькі фотаздымак. Пацямнела ў вачох. Астап адным махам працёр правым рукавом замурзанае гімнасьцёркі вочы і, калоцячыся, пачаў узірацца ў яго так, як узіраецца чалавек, ратуючы сваё жыцьцё, на галаву скручанага перад ім зьмея. З фотакарткі ўсьміхалася Астапу ягоная любая студэнтка з пэдагагічнага тэхнікуму Марылька Іскрыцкая...
— Не!.. Няпраўда гэта!.. — крыкнуў, трасучыся, Астап. — Марылька?.. Як-жа... Як-жа яно...
— Праўда... Праўда... — адказвала яму маленькае зялезнае сэрца Павала Бурэ. Гэта-ж яна, твая колішняя Марылька Іскрыцкая... Памятаеш?..
— Яна... Марылька... Які-ж ты вялікі недавярак, Астап! — скрыгануўшы да болю зубамі, ад чаго, здаецца, магла заняцца полымем самая тоўстая скрутка махоркі ў жоўтым кавалку «Правды», выштурхнула з гарачых грудзей Астапава горла здушанае вялікім дзівам густое паветра. — Чаму-ж ты, нягоднік, не ўратаваў Рамана Скрылевіча!?
— Не ўратаваў Рамана, дык уратуй Раманава дзіцётка... — адказвала Астапу маленькае зялезнае сэрца Павала Бурэ.
Паволі, быццам трымаючы на руках найдарожшы скарб сьвету, унёс Астап у хату гадзіньнік Рамана й павесіў яго на той убіты Раманам вухналь, на якім віселі ягоныя «ходзікі», а цяпер — адна-адзіная падкоўка. Пакінуў, зірнуў і выйшаў, сам ня ведаючы, куды...
Цётка Агапа не заўважыла на падкоўцы гадзіньніка. Дагледзела ў печы, згатавала чабору, занесла Марылі і, нічога ёй ня кажучы, пайшла ў камору перабіраць у куфры старыя лахманы, каб мець што падараваць заўтра бабцы Прузыне. І толькі на зьмярканьні, паказваючы Марылі ношаную сукню, сказала:
— Нямашака ні ў хаце, ні ў сенцах. І ня ведаю, дзе...
— Як-жа няма? Гэта-ж тая самая маміна сукня, пра якую мы з вамі гаварылі.
— Ня гэта, Марылька, я пра гэтага самага чалавека кажу табе. Нямашака. Пайшоў і ні славечка. І капусты не дачакаўся.
— І на яго хата чакае. Не векаваць-жа яму ў нас... - гаварыла Марыля цётцы.
Читать дальше