... І дзень ня спляміцца «заветны»,
і дні, пражытыя ў бараках,
як давялося йсьці на сьметнік
і дзень цалюткі поўзаць ракам.
А сьметнік — сьметнікам: ня сад той
і не праспэкт, ня водар парку!
І ня дзівіся, дружа, надта,
што я мазоль нацёр на карку
вугальлем, выграбеным з кучы,
і змуляў ног сваіх калені.
І трасцы рад будзеш сьмярдзючай,
як месяц цэлы пакалееш.
Вось так жыву я і блукаю,
бы здань начы, каля дарогі,
пакуль на суд не пагукае
за крык душы мае двухногі...
Замоўклі ўсе, нібы сьвятыя...
Ня згасьлі сьвечы і агні...
Паклон табе, дэмакратыя,
і вам, вызвольнікі і дні!..
Навяз на зубы тэрмін «вываз»,
і думы сушыць і скрабе:
мо’ морскіх хваль сівыя грывы
нас прыгалубяць да сябе?..
Вязеце-ж, фурманы, край сьвету,
куды вядзе малочны шлях,
пакуль ’шчэ песенька ня сьпета
і конік ваш у аглаблях...
Сон...
Сабраўся, сеў я і паплыў,
а сьледам — чорных дум наплыў:
— Куды, паэце мой, браток?
Які спадобаўся куток?
— Плывем па моры па глыбокім
у край нязнаны і далёкі...
Прыплыў, падняўся і стаю
і думу думаю сваю...
А думы чорныя яшчэ:
— Ну як, браток, табе лягчэй?
— Сказаў-бы, думанькі, вам нешта,
але і сорамна, і сьмешна...
— Кажы, паэце, не маўчы!
Відаць, надумаўся ўцячы?
— Нікуды, думкі, не ўцяку я:
і тут, як там, мяне цікуюць...
— Хіба ты шэльма ці круцель,
што голаў страх тваю гняце?
— Ды не, ні шэльма, ні круцель я,
а сьвет, чамусьці, вар’яцее...
Шукаю, думанькі, я волі,
а воля тая — у няволі...
Крануўся, йду сабе і йду,
а сьледам — згусткі чорных дум...
Зальцбург — Лексэнфэльд,
люты 1947
Твая слава ня мной расьпечана,
хоць сама ты мяне й пякла...
Пакідаю цябе, Нямеччына,
спапялеўшая ўся датла.
Не сьмяюся над горкай чашаю
і ня плачу — прабач...
Скажы,
хто учора за сьпінай нашаю
нашай сьмерці каваў нажы?
Лашчыў сэрцы сьмяротным прысакам
на узьвівах свае вясны,
каб ня сьмелі узьняцца высака
залатыя у песьнях сны?
І пад сонцам,
дзе мройна сьпелі ’шчэ
наліўныя садоў дары,
пакалечыў так зманнай веліччу
сьвежы полыск людской зары?
І надзеі у грудзях матчыных
хто зьняважыў — на глум атрос?..
Навет мора такое спадчыны
ня прыймае ў сваё нутро.
І цяпер, як апошнім дотыкам
вычуваю твой боль і сум,
над шпілямі халоднай готыкі
вусны гнеў мой табе нясуць.
Дзе нядоля мая прытуліцца,
ня пытайся пакуль — маўчы,
да палацаў на родных вуліцах
ты спаліла мае ключы...
Брэмэнгафэн, верасень 1947
У новы край, далёкі і нязнаны,
з пакункам дум — тугой набраклых мар —
нясу гадоў ліхіх пякельны дар —
скамененую горам немач раны.
Няўцешныя пэйзажы і экраны —
змардованы зямлі пакутны твар.
На тло крыжоў — глыбокі сьлед ахвяр —
мятуць віхры жарствы пясок каляны.
Губляецца ружовы небасхіл,
і пляміцца нябёс блакітны полаг.
У зьвівах хмар, над сумнішчам магіл,
калышацца агнёў трывожны сполах...
Нялёгкі шлях ізь пекла па касьці,
а мне-ж ісьці... Далёка ’шчэ ісьці...
Сьвяжуткі зары сьвітанак,
купаючыся ў расе,
зь месячыкам на ганак
хацінкі мае прысеў.
Палашчыў ваконцаў шкельцы —
сінюткае срэбра рос,
а потым чысьцюткім цельцам
да пёрка майго прырос...
Сяброўства трыўкога почуў
з шырокіх сьвятліц душы
выносіў на сонечны вочап
сьпялюткія думак каўшы.
Важкія, адменнай масьці,
з тугою лясных смужын,
ня ўмелі ні ткаць, ні прасьці
у праслах вузкіх, ні жыць...
У замуце днёў сьвітанак,
памыўшыся у расе,
пакінуў мой сьціплы ганак
і ў зацішку моўчкі сеў...
Ля берагоў Гішпаніі
(на вадаплаве)
...Цяпер усё. Уласнымі вачыма
пабачыў сьвет. І прыкрасьці дарог
адчуў, як клунак гора за плячыма,
крывёй параненых жарствою ног.
Да сьмерці ўсё у памяці зьбяры:
тугу тайгі і прыгажосьці Крыма,
пакутны крык у сутарэньнях Рыма
і водгульле няўцешных перамог...
Між жоўтых скал паўдзённае сьпякоты
у пошчаку шчапаецца мой плач,
і плодзяцца штодзённыя турботы
на пераломе спадаў і няўдач.
Читать дальше