Знача, мы ходзім на ДОК. Ужо другі дзень туды нас пасылаюць. Раманчук, сталы працаўнік ДОКу, сустракае нас з раз’іскранымі вачыма, і калі канчаецца праца й зноў мы чакаем на канвой на бярвеннях ля вахты, ён прыходзіць з сябрамі Хведарам Вялёндай і Пётрам Рашэтнікам і кажа, што не захварэў ні разу за ўсё свае пакутнае прабыванне ў лагерох, а вось сяння ноччу меў тэмпературу, і гэта таму выключна, што я тут апынулася ў гэтым пекле, і як я толькі магла так зрабіць? Ён пачаў асцярожна й са страхам выпытваць у мяне, як жа я тут апынулася. Беднаму, відавочна, здалося, што я сюды завітала проста па добрай волі, можа, захопленая самым «мудрым і геніяльным усіх вякоў і народаў». Я расказала, як гэта з намі здарылася, і Раманчук уздыхнуў з палёгкаю. «Вельмі мне жаль, што вы тут, — сказаў ён, — але калі ўжо так здарылася, дык памагайце нам, Ларыса Геніюш, пішэце. Ах, каб я мог узяць на сябе ваш срок, а вам аддаць тых пяць гадоў, што мне засталося»,— зноў застагнаў ён. Справа ў тым, што спачатку давалі максімум па 10 гадоў кары, калі гэта не было ўжо смяротнае рашэнне, і чвэрць стагоддзя на чалавека гэтыя нехрысты прыдумалі толькі пасля свае т.зв. «пабеды». Каб паказаць народу не велікадушнасць да ўсіх тых, якія здолелі перажыць гітлераўскую жудасць, а нешта яшчэ страшнейшае за гітлерызм, бо й той вырадак роду людскога, пэўна, не змог бы такога чаўпсці з радасці, каб перамог. Тут здзеку не было граніцаў, і кожнага нават зусім не вінаватага чалавека распісвалі следавацелі паводле загаду згары так, што ён сам сябе ледзь пазнаваў і за голаву браўся з усяго гэтага. Болей я не ўбачыла ў жыцці Раманчука, гэтага нашага светлага героя, які ведаў адно толькі — сваю Радзіму й жыў толькі для яе і ёю. Нас болей на 4-ты ДОК не павялі.
Пачалася перапіска. Тоненькія запісачкі насілі дзяўчаты, якія хадзілі на бліжэйшыя аб’екты. Насіць запіскі было небяспечна, жыць без іх было немагчыма зусім, і кожная з нас гэта разумела. Цярпелі дзяўчаты БУР, і голад, і гора, але спагадалі адна адной і памагалі. Мае запіскі насіла пераважна нейкая Жэня Врублеўская з Варшавы. Была гэта маладая прыгожая дзяўчына, расейка. Мне яна не падабалася, бо не была дружнаю й часта цвердзіла, што каб выжыць, дык кожны павінен глядзець толькі сябе і йсці напралом праз лагер, не звяртаючы ўвагі на рэшту зняволеных. Запіскі ад Раманчука былі палкія, цікавыя. Прага барацьбы й волі бурліла ў іх, да гэтага прымешвалася, праўда, стрыманае ў словах, але між радкамі гарачае й глыбокае пачуццё да мае асобы. Я гэтаму не дзіўлюся, такія былі абставіны. Раманчук першыя сваіх пяць лет зняволення адбыў у бытавых лагерох між блатных, жудаснага бандыцкага безыдэйнага й наагул выкалеянага з жыцця элементу. Таму, калі ён трапіў у лагер палітычных зняволеных, яму здавалася, што ён між харошых людзей. О наіўны! Найгоршы бандыт не так страшны, як тыя сталінскія «дзеці», якія, страціўшы ласку «самага мудрага», не маюць іншых пачуццяў і інтарэсаў, як толькі вярнуць тую ласку... Любымі сродкамі... Раманчук пачаў дзейнічаць, ён арганізоўваў пратэст і паўстанне ў лагеры супраць бяспраўя й здзеку, згрупоўваў людзей. Ведаю, што ён быў звязаны з нейкім палкоўнікам ці генералам расейскім Паўлавым і Баляславам Руткоўскім, паляком, які пасля прадаў Раманчука. Здаецца, абодва яго прадалі. Паляк звычайна нават у лагеры нішчыў усе найменшыя праявы беларускай думкі, спакойна злучаючыся з ворагам, настолькі сільная была ў іх закаранелая прага каланізацыі Украіны й Беларусі.
А пакуль што ляцелі нашыя гарачыя запіскі, асабліва вершы мае, мужныя й бадзёрыя, поўныя цярпення й змагання са злом. Мы жылі сябрамі, калі было Пятра ці так чые імяніны, мы стараліся паслаць ім хоць драбнічкі: торбачкі, вышытыя васількамі, на хлеб ці на цукер, хустачкі да носа ці паясочак да кніжкі. На гэта я парола сваю пражскую гардэробу ці выпрошвала па нітачцы ад скупой і, як пасля выяснілася, здрадніцкай Люцыі Антонаўны Клагіш [198] Люцыяй Антонаўна Клагіш ( Тэтэрэ ) — тэатральная дзяячка ў даваеннай Латвіі.
. Хлопцы былі задаволеныя нашай увагай, асабліва ж вершамі. Яны, на жаль, загінулі, забыліся амаль, і я толькі пятае праз дзесятае з іх помню. А былі, мусяць, як полымя, бо людзі жылі імі, і мне трэба было пасылаць новыя якія, што пэвен час, бо так і пісалі: «Прысылайце хутчэй глюкозу!» Ізноў ішла за драты душа мая, мая «глюкоза», якою жылі зняволеныя мае браты. Што будзе заўтра — не думалася, а жылося мамэнтам, супольнай верай на лепшае. Каб не думалі, не змагаліся б — хіба памерлі б ад лагернай гнуснасці. Змагацца — значыла жыць! 1-шы ОЛП той, лагер, дзе быў Раманчук, быў супраць нашага жаночага лагеру, заўсёды драты й вышкі іх у нас на вачох.
Читать дальше