Лагер на Інце, куды нас прывезлі, т.зв. 5-ты ОЛП пад уладаннем гнусавага Шапіры, быў толькі перасылкай, на якой сартыраваліся людзі на другія ОЛПы гэтага лагеру, які нечаму называўся «Мінлаг». Мы думалі часам, ці не падманвалі нас злыдні? На 5-м было затрымацца вельмі цяжка. Там панавалі побач з Шапірам выбраныя лекары са зняволеных, якім жылося няблага. Сэгрэгуючы [191] Segregować (польск.) — сартаваць.
паводле жаданняў начальства народ і ўслугоўваючы болей надзірацелям, як хворым, яны карысталіся шматлікімі прывілегіямі, уключна мары ўсіх зняволеных — лагерных жонак — у разуменні не платанічным. Цяжарных адсылалі ў жаночы ОЛП Інты, гэта быў т.зв. горад, пабудаваны нядаўна зняволенымі над рэчкай такой жа назовы. Дзеравяныя, за майго прыезду, баракі й дамы ператвараліся рукамі зняволеных паступова ў шматкватэрныя блокі. Вось у Інце было ўпраўленне гэтымі ОЛПамі, якіх галоўным начальнікам быў Казлоў — сыты вол, які жыў у раскошным, як на Інту, асабняку ў поўным камфорце са сваімі вывадкамі. Яго імя, як і яго выгляд, былі ненавіснымі для нас, вязняў. Вакол Інты былі ўсе лагеры, якія абслугоўвалі шматлікія шахты, будавалі Інту. Сярод іх быў адзін жаночы, куды нас і пагналі строем з сабакамі. Такі ж абнесены дратамі квадрат, як на 5-м, з азвярэлымі попкамі на вышках, вахтай і брамай, праз якую ўпускалі й выпускалі нас на работу. Калі мы падышлі бліжэй, убачылі нізкія даўгія баракі, ля іх нары, клункі й сноўдаючых людзей. Гэта была чарговая, няўпынная там пражарка блашчыцаў. Як аказалася, стварэнні гэтыя пладзіліся і ў 40-градусны мароз. У нарах і ў сценах баракаў была іх цьма! Паранне нараў было вечным, ненавісным для нас загадам пасля цяжкой працы за зонаю. Бальшавіцкія лагеры пабудаваныя так, што там не даюць людзям вольнай хвіліны. Апрача пражарак ганяюць у капцёрку, на праверкі, шмоны, суботнікі, нядзельнікі, у сталовую, у баню, па цукар, якога на 20 дзён давалі па шчопцях і па які мы беглі ахвотна. Лустачка камякаватай пайкі, ледзь пасыпаная цукрам, была несказаным прысмакам нашага ўбогага меню.
Пакуль нас шманалі (каторы раз!) і правяралі дакументы, да нас падыходзілі белыя й чорныя людзі. Чорныя — маладыя дзяўчаты-рабацягі, якіх ужо вятры й сонца пад гэтым нізкім небам здолелі ператварыць на ўзбекаў. Мяне ўбачылі мае немкі з Вены, і пачаўся віскат. У мяне быў той рубель яшчэ з Арла, і я дала ім яго, як гасцінца. Здалі мы рэчы ў капцёрку, пагналі нас у баню, а пасля ў баракі. Назаўтра далі сукенкі з шэрага лінючага палатна, чаравікі з парусіны, бушлаты й панчохі «цвета утренней зари», у якіх мы хадзілі, як буслы. Нам след было забыцца, што мы жанчыны, а памятаць толькі, што мы рукі для кіркі — рабочая сіла... Рабсіла, як нас называлі. Далі нас з Людкай у брыгаду Ілгі Дзіндонс, дзе былі адныя латышкі. Ілга была тупая, жудасная асоба, якая падлізвалася да начальства і ўсю работу, якая цяжэй, узвальвала на чужы элемент у брыгадзе, на нас. Не прывыкшая да цяжкай фізічнай працы, аслабелая ў цюрме, я ледзь выжыла ў тае жудаснай Ілгі ў той першы час.
На ОЛПе аказалася й Роза, баптыстка з львоўскай перасылкі. Я яе проста нечакана сустрэла, яна йшла ў маёй сукенцы. Роза запрасіла мяне ў свой прывілеяваны барак для швачак. Я была вельмі галодная й з радасці прыняла пачастунак Розы — хлеб з цукрам. Шапталіся мы паціху, бо Роза вельмі баялася свае начальніцы са зняволеных. Але тая начальніца ўсё ж падышла да нас і пачала выпытваць, якой я нацыі і т.п. Мае адказы яе насцярожылі, і калі я сказала, што я прытым з Прагі, яна пачала пытаць мяне, каго я там ведаю з беларусоў? Я пару асоб назвала, рэшту пачала называць яна. Тут-то я здзівілася, а калі я назвала сваё прозвішча, яна ледзь не кінулася на мяне з кулакамі, крычучы, як гэта я, паэтка, смела сюды трапіць, чаму я не схавалася дзе, не ўцякла? Аказалася, што латышка Люцыя Антонаўна Лепаціс (здаецца) была роджаная Клагіш, беларуска. Яна нават амаль год вучылася ў Празе, а яе брат дык там закончыў студыя. Цяпер яна тут загадчыцай гэтай майстэрні. Яна — аракул для начальнікавых жонак, якіх абшывае лагерная без дольная моладзь... Адзіная яна жыве не ў бараку, а ў асобным пакойчыку й мае асабістую слугу, старую фрау Буш, з якой разам і спяць, і ядуць... Роза дрыжыць перад ёю... Усё гэта мне не падабалася... І зімою, і летам тыя савецкія дамы шылі выключна квяцістыя крэпдэшынавыя сукенкі. А што, мелі грошы, дык шылі іх у вялікай колькасці. Дарма шукаў бы там ваўняны, адпаведны клімату касцюмчык ці сукенку — усё было параднае, прэтэнзіянальна крыклівае. Кваліфікаваныя швачкі шылі добра. Малакваліфікаваная, але спрытная ля начальства Люцыя Антонаўна ўмела жыць. Яна была адным з першых лагерных прыдуркаў, як называлі адміністрацыю лагера са зняволеных. Гэта быў сталы кантынгент людзей, якія ніколі не хадзілі за зону, а толькі часам мяняліся прыдуркавымі сваімі месцамі як начальнік сталовай, нарадчыцы, загадчыцы, лекаркі, медсёстры, пажарніцы і т.п. Апошнімі ў гэтай іерархіі былі днявальныя, свінаркі й розныя прыбіральшчыцы ці шаўцы, але й гэтым пашанцавала, бо хадзіць кожны дзень за зону, як тады, без выхадных, без якіх-колек абагравалак у тундры ў 40-градусны мароз было амаль згубай.
Читать дальше