«Ага, — думаю, — дык вось ты хто, прышчатая бестыя...» — «Вы мусіце ведаць, што грузіны жывуць доўга, — кажа следавацель. — И товарищ Сталин не скоро умрет», — кажа ён. Я маўчу й думаю, што Бог ведае лепей...
Нэлку ад мяне забіраюць, і я тры тыдні сяджу сама. Мне стала лепш, знача, адзіночка — адпачынак. Пасля суда я даведалася ў камеры асуджаных, што тая Нэлка не адну ўжо ахвяру мела на сумленні. Яна была асуджаная на тры гады за «разглашение государственной тайны» й выслужвалася цяпер падобным спосабам. А «тайна» гэта, калі ёй далі заданне сачыць і даносіць усё на Лілю Спорык, якая жыла ў іх, дык яна быццам сказала аб гэтым той Лілі, і яны абедзьве разам тыя даносы фабрыкавалі, у чым пасля Ліля некаму прызналася. Усё гэта мне сказалі дзяўчаты.
Некалі ўдома ў сялянскай цэркве ў Воўпе я бачыла высокага дзецюка, здаецца, з сяла Лазоў. Быў гэта тупы, цёмны чалавек, які нават марыць не мог аб нейкім прыбліжэнні да мяне ці да майго таварыства. Гэты чалавек быў цяпер важнай асобай у менскай вязніцы й здзекаваўся нада мною, як апошні садыст, з асаблівай насалодаю. Ён прыходзіў у маю камеру й адводзіў мяне асабіста ў баню, дзе прысутнічаў пры нашым купанні, паліў у пражарках нашыя рэчы, высмейваўся з нас. Бедныя дзяўчаты амаль плакалі... Часам ён падыходзіў да мае камеры й брудна лаяўся, цешыўся з майго зняволенага становішча. Гэта было жудасна... Калі мяне асудзілі й срок 25 лет ІТЛ [185] ІТЛ ( исправительно-трудовой лагерь ) — выпраўленча-працоўны лагер.
павіс над нашай сям’ёй, мне падкасіліся ногі. Начальнік менскай вязніцы сказаў мне збірацца ў другую цюрму для засуджаных. Я ўзяла чамадан і захісталася. Тады ён сказаў таму высокаму дзецюку памагчы мне. Ён вызверыўся, што не будзе памагаць памешчыцы, якую нарэшце засудзілі да смерці, і г.д. Тады той начальнік, нейкі расеец, занёс сам мой чамадан да таго «варанка»...
Ну а пакуль мяне перавялі ў другую камеру, дзе было пару дзяўчат, прыкаваныя нары й выбітае вакно. Новы следавацель пачаў часцей мяне выклікаць, пісаць і запісваць. У камеры была нейкая Ольга Гелах з Оршы. Яе прывезлі з лагероў, здаецца, спецыяльна для расправы нада мною. Калі я высказалася супраць гэтага здзеку, яна пачынала біць мяне кулакамі па галаве. Як я заўважыла, дык рабіла гэта яна на загад следавацеля. Гэта была страшная, хоць не старая яшчэ асоба, на якой лагер пакінуў свае найгоршыя сляды, г.зн. жудасны слоўнік і адсутнасць абсалютная якой-колек маралі. Рана давалі нам хлеб і чай, у абед — зупу на смярдзячай рыбе, жудасную. Мяне вечна рвала, і я высахла ў нітку, здаецца, хрыбет толькі й тырчаў. У мяне была піжама мужава, якую пару разоў нацягнуў і малы Юрка. Я скручвала тыя нагавіцы й клала сабе пад галаву. Мне было лягчэй, здавалася, што сын мой мяне ўспамінае... Нейкая бабка, асуджаная па бытавым параграфе, нам разносіла ежу. Яна маўчала, але відно было, што вельмі шкадуе мяне. Тая бабка на нейчы дазвол давала мне часам грэлку. Мяне, здаецца, травілі, мне вельмі балела печань. Усюды ў вязніцах лекарамі былі яўрэі, але найгоршы хіба быў тады ў 48-м годзе ў менскай круглай вязніцы. Ніхто яго прозвішча не ведаў, называлі яго проста Піня. Калі мяне завялі да яго, ён нават на мяне не глянуў, толькі сказаў, што некалі я добра аджыўлялася, а цяпер мой арганізм пераядае печань, і яна таму баліць, і ён мне ні ў чым не можа памагчы... Ён нікому ні ў чым не памог, і, здаецца, ён гэта травіў мяне цераз ежу.
Ноччу ў камерах гарэў заўсёды свет. Свяцілі ў вочы, каб мы не павесіліся, але людзі над краем магілы вельмі не хочуць паміраць. Чым больш іх мучаць, тым мацней яны вераць у жыццё й прагнуць выжыць. Начамі часта разлягаліся крыкі: «Пашто б’еш мяне?» Некага мучылі ўсё, некага білі, было нейк жудасна.
Аднойчы, ужо ў 49-м годзе, выклікалі мяне й павялі недзе далёка на гору. Канваіры, пераважна паганыя людзі, змушалі нас закладваць рукі назад, і так было мне цяжка йсці. Пасля, відно, нехта йшоў насустрач, ён так павярнуў мяне да сцяны й так трэснуў маім лобам у сцяну, што мне пацямнела ў вачох. Пасля валок мяне далей, далей... Нарэшце завёў у кабінет Цанавы, жудаснага сталініста, які сядзеў у кабінеце, высланым жудасна зялёнымі дыванамі, выбітым дрэвам. Сядзеў гэты крывапіўца за пісьменным сталом, а злева, за другім сталом, сядзеў чэх і паглядаў на мяне пераможна. З мяне быў цень: скура, косці, крыху мужнасці ў сэрцы й рэшта — злосць. Цанава запытаў мае персаналіі, як гэта яны робяць заўсёды, і загадаў скінуць каптурык з галавы, я не скінула. Тады пачаў крычаць: «Хто Абрамчык?» — «Мой друг», — кажу. «Хто Абрамчык, хто Абрамчык?» — «Дэмакрат», — адказваю. «А ты ведаеш, што гэта — дэмакрацыя?» — верашчыць. «Государственный строй, основанный на трёх принципах французской революции», — кажу, і называю тыя прынцыпы па-французску, і пытаюся іранiчна, можа, перакласці. «Не, не трэба!» Спачатку, праўда, ён пытаўся ў мяне, на якой мове са мною гаварыць, ці па-расейску, ці выклікаць чэшскага перакладчыка? А я яму й кажу: «Так, як вы яўляецеся міністрам беларускай дзяржавы, дык гаварэце па-беларуску!» Ён ашалеў! Навокал, я ўбачыла, стаяла многа мужчынаў, нейкія ваенныя, і яны ледзь не смяяліся, калі ён казаў: «Вы достаточно хорошо говорите по-русски!» Праўда, я сказала тады, што расейскай моваю не валодаю дасканала. Ну й вось пачынаецца: «Аддай архіў, аддай архіў БНР!» — «Няма ў мяне яго, — адказваю, — і я не ведаю, дзе ён!» — «Бить ее, допрашивать день и ночь», — верашчыць няшчасны генацвалі. А я, цень чалавека, выпрасталася й кажу яму: «Без волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я не баюся вас!» — «Вы её испортили, она себя держит, как дама», — верашчыць кат. А я крычу, што Бог са мною і я не баюся. Я пасля думала, скуль узялася сіла? Мяне вывелі, і там напалі на мяне следавацелі. Нейкі Харашавін, якога тады назначылі начальнікам следственнага аддзела, крычаў: «Біць цябе сам буду, сцягну з цябе трусы». А другі, нейкі скрыўлены, страшны, енчыў: «Павесіць яе на вуліцах Мінска!» — «Яшчэ не вырасла тая бярозка, на якой вы мяне будзеце вешаць, — крычу, — усіх нас вам не перавешаць!» А яны ледзь не лінчуюць мяне й верашчаць: «Ты хочаш на наша месца!» Ага, думаю, во што вам галоўнае, вам народ не патрэбны, не ў галаве, вам месца! Як схопіць мяне злосць! Знача, я думала, што са мною канец ужо, што так аслабела я й арганізм біцця не вытрымае. Вядуць мяне, а я хачу крыкнуць мужу, папрашчацца з ім, бо ён сядзеў у той вязніцы недзе. Але я гэтага не зрабіла, падумала, што бедны весткі пра маю смерць не стрывае. У камеры я страціла сілу духу й кінулася на калені, як заўсёды перад нарамі, і замерла, абсалютна замерла ў малітве, як быццам перастала жыць. З калень я ўстала другім чалавекам, па-новаму нейкім сільным і зусім спакойным. Для мяне існавала толькі цяпер мая Радзіма. Недзе былі мае сябры далёкія, мой сын, брат, які адзіны выжыў з вайны. Быў спакой у людзей, агні гарадоў, чалавечнасць, а ў мяне — адчайны бой з усімі сіламі адзічэлай рэакцыі, не, не за сябе, але за Радзіму маю, за нашую праўду, за зняволены-пераняволены наш народ, які трапятаўся, як рыба ў сеці, каб жыць. Я не ведала, што йсці на смерць за Радзіму не страшна, а лёгка, весела, амаль святочна. Усё было пры мне, г.зн. маё сэрца й праўда. Што ж, я нашчадак прагнучых волі, шмат з нас лягло памостам для будучых дзён нашай Радзімы, якое ж я маю права баяцца згінуць за справу, за якую палеглі яны? І Цанава, і Коган, і Харашавін, і паламаны садыст, і вырадак той з Лазоў ля Воўпы сталі не страшнымі, а нікчэмна малымі перад веліччу нашага лёсу, які трэба было здабываць. Пад вечар зноў адкрылася кармушка й гугнявы голас канваіра сказаў: «Хто на «Г»?» Я спакойна пайшла насустрач лёсу. «Рукі назад!» Я йшла лёгка, нат не ўгіналіся ногі. На гэты раз мяне прывялі ў кабінет майго другога следавацеля, дзе сустрэў мяне паламаны садыст і яшчэ некалькі катаў. Яны зноў абяцалі вешаць мяне на вуліцах Менску, але я спакойна на іх паглядала й чакала далейшага. «Ві паэт? — азваўся жыдок-следавацель. — Ві вершаплёт! У нас у дзесяцілетках лепш сяння пішуць, ну?» Прысутныя рагаталі з гэтага, а ён нейк падазрона крывіўся. Нарэшце кампанія пакінула кабінет, варожа на мяне паглядзеўшы, следавацель маўчаў. Я спакойна чакала абяцанага біцця. На стале ляжала прэс-пап’е, дык я, не хочучы, падумала, што калі ён мяне зачэпіць толькі, дык я схаплю тое прэс-пап’е, і трэсну яму па лобе, і буду біцца з ім да апошняга! Аднак ад маіх ваяўнічых намераў «выратавалі» таго жыдка ягоныя паводзіны. Ён нечакана спакойна на мяне загледзеўся й сказаў: «Ну, говорите, что ви хотите, я буду писать». Пасля асцярожна папытаўся ў мяне пра БНР, і я яму сказала неабходнае. Ён пісаў. Аб біцці болей не было мовы.
Читать дальше