Пасля трох тыдняў нашага прабывання ў Львове гатавалі далёкі этап. Валька папярэдзіў нас, што паедзем. Ля нас была камера маладых людзей, якія дабравольна перабеглі ў Саветы. Я аднойчы пачула, як адзін з яўрэяў даводзіў, што ўсе яны шпіёны. Ніяк не мясцілася яму ў галаве, што нехта нармальны можа ехаць сюды з іншых меркаванняў. Былі тут расейцы, украінцы й нават нейкі француз. Маці Марта палажыла мяне ля сваіх ног, і я заснула, а яна шыла мне мяшок, бо, ведаючы варункі на этапах, баялася за мае чамаданы. Дала яна з сабою торбачку сухароў, дзесяць рублёў, і я выменяла яшчэ ў нейкай дзяўчынкі кусочак сала за нешта з адзежы. Старшая камеры маўчала, і я толькі сцерагла рэчаў, каб яна зноў не паквапілася на нешта «загранічненькае». Маці Марце я пакінула цёплую даўгую кашульку на ноч і цёмную хустачку на памяць. Мы сардэчна развіталіся з ёю, і я добра запамятавала яе адрас у Львове. На падворку перад этапам падышоў яшчэ да нас надзірацель-яўрэй і даў мне некалькі пачак папяросаў ад Маці Марты, за што забраў у мяне апошнюю дзесятку, хоць, як відно, на папяросы Маці Марта яму грошы дала. Дала й за фатыгу.
Зноў сядзелі мы ў закратаваных, спецыяльных купэ. За мною сядзелі жанчыны, якіх адвозілі недзе на Поўнач, адкуль яны паўцякалі. Рэчаў у іх не было, толькі крыху прадуктаў, вялікая любоў да Украіны й надзея вярнуцца дамоў. Як жа ненавідзелі яны чужую зямлю, куды валаклі іх сілай, усё ім забраўшы, да жабрацкіх мяшкоў. У савецкіх цягнікоў было заўсёды некалькі вагонаў для зняволеных. Вагоны гэтыя былі падзеленыя на добра закратаваныя камеры, у якіх на нізе й на версе вязлі бітком набіта людзей. На пачатку вагону туалет, у які пушчалі людзей не паводле іх патрэбаў, але паводле капрызу канваіраў, для якіх мукі зняволеных былі дзікай разрыўкай. Так жа, паводле свайго капрызу, дзялілі яны воду людзям, і людзі часам аж душыліся са смагі, а з калёшаў ад валёнак карысталі як з туалету. На другім канцы вагону быў яшчэ карцар, туды хавалі незадаволеных, над якімі асабліва здзекаваліся. Там недзе былі й «апартаменты» для канваіраў.
Колькасць зняволеных, перавозка іх, пункты перасылак, бані і т.п. — гэта было добра зарганізаванае прадпрыемства, запланаванае ў вялікіх маштабах як нейкая часць дзяржаўнай дзейнасці й неабходнасці «мудрага» марксізму. Ад гэтага станавілася і жудасна, і смешна, нават крыху радасна з таго, як нізка скаціўся вораг усяго чалавечага ў сваіх метадах нішчэння людскасці. Такое не мае, не можа мець будучыні, бо вынішчаныя людзі не моўкнуць са смерцю, а голасна крычаць да сумлення ўсяго свету, дзе ўзровень чалавека на вышыні. Усё, што сталася ўжо нармальным для абслугі гэтага прадпрыемства й для ўсіх заправілаў гэтай дзяржавы, нармальнаму еўрапейцу сціскала горла вялікім болем людскім, бяскарна пралітай крывёю нявінных. Канваіры, нядаўнія «пераможцы» Еўропы, звярталіся да свайго, нядаўна мучанага немцамі народу з такой нечалавечай лаянкай, што скура шэрхла ад іх жудасных, рафінавана брудных слоў, у якіх мяшалі і Бога, і сваю маці, і ўсё, што для нармальнага чалавека застаецца заўсёды святым. Незразумелы садызм распасціраўся ад Сталіна да канваіраў, і ўзаемным мучэнням у гэтай краіне, здавалася, няма канца й меры. Калі ўжо мяне асуджаную вязлі далей на поўнач, я пабачыла цэлыя цягнікі з т.зв. «вагонзакаў» і тысячы лагероў ля жалезнай дарогі на Варкуту. Над абсечанымі паўночнымі вятрамі ўбогімі ялінамі ўздымаліся вышкі, вышкі й больш нічога як вышкі.
Ну а пакуль што вязлі нас у Менск. Пад вечар мы ўжо былі у Баранавічах, і нейкі начальнік, убачыўшы нас, крыкнуў: «Чамаданнае настраеніе». Гэта ён убачыў не мяшкі на вяровачцы, а сапраўды чамаданы й з гэтага дзіва мусяў крыкнуць.
У Баранавічах вязніца была вялікая, дзеравяная. Усё тут было з дрэва: і дзежка на ваду, і праславутая савецкая параша. Сховішча на рэчы там не было, так як усе савецкія парадкі яшчэ не былі заведзеныя, і мае рэчы пасля шмону далі мне ў камеру. Сядзела там ужо некалькі жанчын, пераважна маладых. Адна з іх рэкамендавалася партызанкай. Мова яе была настолькі пераплеценая нецэнзурнымі словамі, што здавалася, гэта асаблівая мова, «дыялект» партызанскі, і толькі брала дзіва, як гэта мог чуць падобнае стары беларускі лес... Жанчыны ўсё ў мяне выпытвалі, а позна ўвечары пачалі памалу нападаць на мяне, рысавацца сваёй партызаншчынай і паглядаць у бок маіх чамаданаў. Нарэшце, адзначыўшы ўсе свае «заслугі» перад савецкай уладай, яны сабраліся дзяліць між сабой мае рэчы, як ваенны трафей, але нейкі таварыш адчыніў акенца й моцна на іх прыкрыкнуў. Ён загадаў ім не чапаць мяне, і яны адсталі. Абманутыя, яны бурчалі, як кошкі, але я па дабраце душы свае дала ім нейкія драбніцы, і настрой іх адразу змяніўся. Перад сном яшчэ яны паспелі даць мне нязгоршы партызанскі канцэрт, які я з цікавасцю выслухала. Я толькі думала сабе, што там з маім мужам? Раненька, яшчэ не развіднела, нас адпраўлялі далей. Было нас пад 50 чалавек. Дзялілі нам па куску хлеба, па сырой рыбіне й па капельцы цукру. Цікава было тое, што нейкі афіцэр папытаўся, ці няма ў мяне хустачкі? Хустачка была, і ён усыпаў мне ў яе місачку цукру. Гэта быў каралеўскі жэст з яго боку! Я ўвесьь той цукер аддала мужу, але ўдзячнасць за яго доўга саладзіла маё сэрца. Пагналі нас строем, з сабакамі недзе аж пад горку, дзе загадалі прысесці на зямлі, каб нас не было відно. Канвой быў нейкі нязлосны, свойскі, і мы прыпалі да зямлі, як курапаты. Пасля прыйшоў цягнік, і зноў нас пагрузілі ў звярыныя клетачкі, мужа, на гэты раз, недалёка ад мяне, і павезлі нас у Менск. Мы ехалі Беларуссю. На станцыях спыняўся цягнік і шчодра папаўняліся нашыя клеткі. Заводзілі па-вясковаму бабы, а іх сыны з торбачкамі мужаліся й панура залазілі ў клеткі. «Мамачка, — казаў муж, — дык мы ўжо ў Беларусі, паглянь, няўжо не адчуваеш свайго паветра?» — «Адчуваю, — кажу, — аж надта, але чую, што яшчэ больш буду яго адчуваць, таму мне хацелася б быць цяпер як найдалей ад гэтага паветра, на другім канцы зямнога шару».
Читать дальше