Суд адышоў, пачынала змяркацца, нехта паглядаў пад вокнамі. Нас з мужам пакінулі сядзець, прыціхлі канваіры. Мы размаўлялі, успаміналі сына, але што скажаш у хвіліну страшэннай, безнадзейнай разлукі, калі, адарваўшы сына, раздзяляюць цябе людаеды з сям’ёй, са светам, з культурай, з усім... Гэтаксама стаяць над магіламі, ад якіх адыходзяць у пустэчу... Нарэшце нас вывелі, нават канваіры зацемілі, што судзілі нас ні за што, але што тут «не Чэхаславакія»... Нас вывелі на заснежаную вуліцу. Гарэлі агні, мы йшлі разам, канваіры за намі. Дарога была як на Галгофу. Нечаму я папрасіла мужа, каб забыў пра мяне, што буду ўдзячная кожнай жанчыне, якая аблегчыць яго цярпенні й адзіноту. Смешна было думаць пра сябе перад адкрытаю магілай, і хацелася толькі, каб другому лягчэй, каб лепей. Нябачна побач з намі крочыў сын. Імя яго мы не называлі, бо, здаецца, памерлі б ад гэтага... Нас прывялі пад нейкую вязніцу, дзе муж жыў ужо тры тыдні. На мяне чакаў «воран». Мы абняліся, і я захісталася на нагах, як у буру...
Завязлі мяне зноў у тую «амерыканку». Начальнік вязніцы, адпраўляючы мяне на суд, сказаў мне, што дадуць мне тры гады. Цяпер ён падышоў да мяне й сказаў, што хацеў, каб я была сільнай, таму махляваў... Я засталася сама, і думкі пра здзек над намі, пра сына, пра загубленае жыццё адымалі розум. У галаве стукалі словы: дзе гора, дзе боль свой дзенеш, паэтка Ларыса Геніюш?.. Прыйшоў начальнік. Мне прынеслі мае рэчы. Зямляк з Лазоў груба мяне вылаяў, і начальнік сам панёс мае рэчы да «варанка». Мяне завезлі ў вязніцу для асуджаных, у нейкі быўшы палац з вежамі, і ўпусцілі ў камеру жанчын. Як я пасля разгледзела, зямляк з Лазоў пацягаў шмат маіх рэчаў, а мужавыя скураныя светлыя рукавіцы, якія нечаму трапілі да мяне, дык знасіў дарэшты.
Народжаная ў полі, выгадаваная ў полі, часта чужая паміж людзьмі, я магла б зусім шчасліва жыць, калі б толькі слухала голасу свайго сэрца. Яно мне падсказвала заўсёды непамыльную тактыку, а я часта пачынала думаць катэгорыямі другіх людзей, і гэта мяне вяло не туды, дзе трэба...
У вязніцы я была сама, і ўжо не інстынкт, а выразныя сны вялі мяне, трымалі, папераджалі. Гэта не смешна, гэта сапраўды так! Перад арыштам снілася мне цэрква, і я ведала, што гэта цюрма. Нішто не магло мяне выратаваць. Бог адабраў розум майму мужу, і гэта быў мой лёс. У Пісэку перад кожнай непрыемнасцю папераджаў мяне заўсёды нехта з маіх памершых, асабліва перад допытамі. Мне снілася мая доля — даўгая рака, вада, дождж, і мы з Юрам, наскроз прамоклыя, брыдзем і брыдзем па ёй... Раз мне прыснілася землетрасенне, і нейкая жанчына сказала мне, што разлучаць нашую сям’ю... Так жа й сталася. То ізноў бачу я ў сне мятлу й чужы збор законаў, і цераз вакно крыху відаць свет: праясніцца вашая доля, сказалі мне, але судзіць вас будуць па чужых законах, выдадуць з Чэхаў... Мой чэшскі следавацель меў туберкулёз, быў худы, страшны, хоць малады. Аднойчы прыснілася мне, як ён прыйшоў у нашую камеру й кажа: «Доля ў нас аднолькавая. Я маю туберкулёз, а вы раны Хрыстовыя». Гэта было ясна. А ў Менску перад кожным цяжэйшым допытам збіраліся ля мяне мае бацькі, браты загінуўшыя: то крычалі на мяне, навошта сюды трапіла, то радзілі, то шкадавалі, то проста абступалі мяне навокал, заводзілі ў Жлобаўцы ў хату сваю, — і я заўсёды чулася не адна. Перад судом прысніўся мне, як і многім, старэнькі дзядок. Ён прасіў, каб не плакала, што сядзець буду 15–18 месяцаў, і насыпаў мне жменю кедравых гарэшкаў, толькі не хацеў, каб я іх лічыла... Пэўна, было іх столькі, колькі гадоў майго сроку. Я не ўсе сны сяння памятаю, але яны былі амаль прарочыя.
У камеры жанчыны мяне сустрэлі вельмі міла. Многія аба мне чулі. Накармілі мяне нечым з перадач, разважылі маё гора, бо й самыя былі ў такім жа становішчы, і калі мы нагаварыліся, я зусім спакойна заснула, нягледзьячы на паўстагоддзе маскальскага жудаснага падарунку. Мяне хутка забралі ад іх, бо я пайшла да лекара і ён убачыў на маіх руках яшчэ аўстрыйскую, пэўна, каросту. Перакінулі мяне ў брудную камеру, дзе з абстрыжанай блатной дзяўчынай мазалі мяне нейкай серай. Пасля павязлі на этап. Я ўбачыла мужа! Яначка! Быдлячы, закратаваны цягнік вёз нас у бок Польшчы, у Брэст. Вялікая вязніца з чырвонай цэглы, якая ўмяшчала ў сабе тысячы зняволеных, увабрала й нас. Апошні раз я ўгледзела мужа, калі нас раздзялялі, болей ужо я яго не сустрэла. Яго дарагая стрыжаная галава й вышчарблены зуб так і застылі ў памяці на даўгія гады.
Паверхі й сходы вязніцы ў Брэсце... На адным з іх камера асуджаных жанчын, пераважна полькі, але ёсць і нашыя з групы Дэмаха й Раманчука. Гэта сувязныя, далі ім па 90, па 100 гадоў пакарання. Бярэцца найвышэйшая кара з усіх разам узятых іншых, дык ім па 25 гадоў, як і нам. Мяне клікалі есці, памагалі, хто чым мог. Я расказвала фільмы й розныя апавяданні, мяне любілі. Побач былі мужчыны, яны перастукваліся з намі й аднойчы паведамілі нас, што майго мужа паклалі ў больніцу. Я так і прыпала да сцяны, і мяне на гэтым злапаў канваір. Начальства назначыла мне 5 сутак карцара. Жудасная адзіночка ў сутарэнні цюрмы. Пуста, толькі стоўб каменны, укапаны ў зямлю, і холад. 20 дэкаў хлеба ў суткі й адзін раз на 5 сутак талерка жудаснай зупы. Побач крычаць ненармальныя людзі. Крычаць неймавернымі галасамі, іх б’юць. Магу зразумець, што яны выліваюць сабе парашу на голаву, грызуць сцены, робіцца страшна, не магу зразумець, пашто яшчэ мучаць яны ненармальных, ужо й так пакрыўджаных Богам? Знача, розуму ў іх ніяк няма — звяры! А час ужо бліжыцца да вясны. На шырокі бліскучы падаконнік асеў пыл. Недзе зазванілі ў царкве на вячэрню, і праз закратаванае вакно прабілася вельмі яснае неба. Сонца яшчэ не заходзіць. Сэрца маё перапоўніла прага малітвы, і я пальцам па чорным запыленым падаконніку пачала маляваць голаў ХРЫСТА ў цярновым вянку. Галава выйшла цудоўна, і кропелькі крыві быццам збеглі па святым ЯГО твары. Абраз выйшаў вельмі харошы, быццам нехта натхнёна вадзіў маёю рукою, і мне пацяклі слёзы. У гэты мамэнт з грукам адчыніліся дзверы й раз’юшаны савецкі афіцэр схапіў мяне за шыю й пачаў раўсці, паказваючы на Хрыста: «Кто это, кто это?» — «ХРЫСТОС»,— кажу. Тут ён выразіўся на Хрыста такім жудасным, непаўтарымым словам, якое толькі можа прыдумаць абсалютнае бяссілле ўбогага твору ў змаганні з ніколі недасяжнай яму веліччу духу. Паўтарыць гэтага не магу. «Еще пять суток карцера дать ей за эти рисунки!» — енчыў няшчасны, сціраючы рукавом з шырокага бліскучага падаконніка голаў ХРЫСТА. А за вакном званілі соладка званы, і бліжыўся дзень ХРЫСТОВАГА ЎВАСКРАСЕННЯ. Той страшны чэкіст не раз пасля заглядаў да нас у камеру, падыходзіў, калі адвозілі мяне на этап, і з лютай нянавісцю сычэў на мяне: «Касмапалітка...» Яны прывыклі да ламання людзей на першы загад, а я пастанавіла да смерці бараніць свой духовы хрыбет, бо з паломаным хрыбтом няма чалавека.
Читать дальше