Добры той чэх высока цаніў малога беларуса, а вось расейскія настаўнікі не ўсе яго любілі і ён не ўсіх. Адна настаўніца, відавочна манархістка, заявіла ў школе, што няма ніякае Беларусі і т.п. Хлопчык абурыўся й сказаў: «Я маленькі й магу паказаць на карце, дзе ляжыць Беларусь, а вы велькая й гэтага не ведаеце, сорамна гэта...»
Адзін раз вярнуўся са школы вельмі задуманы, нешта тварылася ў яго дзяцінай душы. Нарэшце падышоў да мяне й кажа: «Мамачка, я сяння цярпеў за Беларусь». Я збянтэжылася: «Як жа, сынок?» А справа была такая: настаўнік, які не прызнаваў Беларусі, толькі сваю адзіную й недзьялімую Расею, расцягнуў хлопчыка на лаўцы й добра яму ўсыпаў. Можа, і была на гэта якая невялікая прычына, але чыстая дзіцячая душа добра разумела, за што яго б’юць, маленькага... У чэшскай школе было б іначай, але чужынцам у час акупацыі нельга было ў чэшскую школу.
Так горкая доля нашага народу клалася на нашую нашчадзь ужо ад дзяцінства. Не раз яшчэ білі хлопчыка за яго беларускасць, дабівалі яго фізічна й маральна. Б’юць яго яшчэ й сяння, а што будзе з маленькімі ўнукамі? Няўжо і ім давядзецца цярпець, як і нам? Што ж, што ўжо Бог ім дасць, толькі няхай не будуць горшымі ад нас, няхай не адракаюцца ад свайго, няхай будуць чэснымі людзьмі й сапраўднымі сынамі нашага Народу!
А дарагі мой Расціслаў, як толькі змог, уцёк дамоў. Хлопцы ў Берліне дапамаглі яму ў гэтым, і ён прыехаў у Жлобаўцы. Зямля гэта ўжо была нямецкая. Яе, як і другія маёнткі, прызначылі немцы для сваіх герояў вайны, а Гродзеншчыну ўжо загадзя прылучылі да свае Прусіі. Брата пакінулі пакуль што як нейкага эканома ў яго родных Жлобаўцах. Што ж, і гэта няблага пакуль што. Расціслаў аднайшоў самотную бабку Рыгорыху, старэнькую ўдаву па нашым парабку Рыгору, і ўзяў яе сабе замест маці. Пасля прыбіліся да яго нейкія хлапцы. Славачка перавёз з Гудзевіч наш перавезены туды немаведама чаму дом і стаў жыць. Гэты велікан любіў, як дзіця, маці. Для яе, вывезенай недзе ў дзікі Казахстан, ён і перавозіў гэты дом, каб мела куды вярнуцца з высылкі. Людскія сэрцы не маглі верыць таму, што й пасля вайны не спыніцца нечалавечы здзек над людзьмі, гэтага нельга было зразумець сапраўдным жыхарам старой беларускай зямлі. Так было толькі, казалі, некалі, за татараў... Але татары яшчэ не самае горшае ў гісторыі нашай зямлі. Метады нішчання людзей, чужых культур і народаў не былі ў іх так удасканаленыя, як сяння... Дарма чакалі мы з Расціславам сваіх бацькоў. Вырак смерці напісалі ім нелюдзі загадзя. А мы яшчэ верылі.
Так, як Чэхаславаччына, як і Гродзеншчына, так і нашая Зэльва, і родныя Жлобаўцы былі вайною прылучаныя немцамі да Нямеччыны. Гэта давала нам больш магчымасцяў пасылаць пасылкі адныя другім. Памагалі мы так мужавым бацькам і Расціславу. Ён перавозіў дамоў нашую хату, і я пасылала яму з Прагі цвікі, рознае жалеза й асабліва косы, яны былі вельмі добрыя й патрэбныя людзям. А волат Расціслаў заказаў сабе зрабіць касу паўтара метра шырынёю. Калі касіў, дык тры жанчыны вязалі за ім снапы. Ён быў так свята прывязаны да Жлобаўцаў, што ніяк не мог зразумець, што я туды не прыеду. Неяк не цяміў, што абавязкі жонкі й маці важней за наш родны кут...
А кут той мне сніўся начамі. Не зусім было добра там светлавалосаму Расціславу, было адзінока. Аднойчы атрымалі мы дзіўнага ліста. Расціслава праследаваў чорны цень. Ён яго часта стаў бачыць на панадворку і ў хаце. Вяртаецца сутоннем з поля, паявіцца ля яго высокі чорны чалавек, уздыхне й згіне ў паветры. Мой муж, цвярозы медык, прачытаўшы ліста, рашыў, што Расціслаў мог гэта бачыць толькі ў нецвярозым стане. Я яму так і напісала. Аказалася зусім іначай. Брат, гэты чысты і, як сляза, незаганны юнак, пачаў і піць, і курыць, як пісаў, з гора й з адзіноты. Толькі чорнага чалавека бачылі ўсе, хто тады жыў у Жлобаўцах,— і старая Рыгорыха, і дзяўчына, якую Славачка ўзяў у помач Рыгорысе, і хлапцы, якія з імі жылі. Мы з Расціславам ніколі не махлявалі, проста лічылі гэта ніжэй нашага гонару, і нельга было яму не верыць. Яшчэ сяння расказваюць сяляне аб тым чорным чалавеку, як загрудкі браў Расціслава начамі. Брат не ўсё мне аб ім расказаў, шкадаваў мяне відавочна.
Што ж, зноў старыя сямейныя духі, якія так ведамыя ў сем’ях маіх бацькоў. Можа, у цяжкі час перадсмяротны так наведваюць сваю верную нашчадзь у палёх духі іх продкаў. Нешта ж між зямлёю й небам ёсць. Брату я часта пісала, і ён называў мяне «Рыбка залатая», гэта таму, што ўсё мне хацелася аддаць яму, усё выслаць, усім дапамагчы. Чэхі мне ўсё давалі — і дзверцы да пліты, і самую пліту. Толькі дзіва мне, як гэта ўсё тады даходзіла — а даходзіла ўсё. Калі раз вечарам летнім вяртаўся Расціслаў з хлопцамі з рэчкі, да іх падышлі партызаны. Што ж, паклікалі іх у хату, напаілі, накармілі, тады свіснулі партызаны, і пазбягаліся ўсе тыя, што акружылі Жлобаўцы, не ведаючы, як брат зарэагуе на іх візіт. Ракою ж пралілі кроў нашага роду ў 41-м годзе... Партызаны пасябравалі са Славачкам. Яны завялі яго да Люціка, якога хацелі забіць за тое, што падпісаўся й выдаў на вываз бацькоў. Расціслаў, як я, хрысціянін, папрасіў іх усіх выйсці, спыніць свой гнеў і помсту пакінуць Богу...
Читать дальше