Недалёка за Прагаю жыў у пана й даіў кароў Мікола Суддзёў. Быў гэта харошы просты хлапец з арміі Балаховіча [98] Балаховіч-Булак Станіслаў (1883–1940) — ваенны і палітычны дзеяч, генерал-маёр (з 1919). У студзені 1920 г. са сваім войскам перайшоў у распараджэнне ўрада БНР.
. Жыў з чэшкаю Мажанкаю, вельмі працавітай жанчынаю. Дзяцей у іх не было. Суддзёў ахвотна прыязджаў да нас, галасіўся да беларусаў і ўмеў жыць куды лепей за ўсіх нас, асвечаных ідэалістаў. Мяне ён вельмі любіў. Пасля вайны ўзяў савецкае грамадзянства й прынёс на яго анкеты нам. Калі я ад іх адмовілася, дык з болем зацеміў: «Вы будзеце вялікай па смерці». Паводле яго практычных разлікаў, такое не аплачвалася... Кожнаму сваё.
Былі і іншыя беларусы ў Чэхах і ў Славаччыне, але яны да нас не галасіліся, беларускія перспектывы былі не цікавыя. Каб нешта сапраўды зрабіць для народу, дык трэба было йсці на небяспеку й забывацца зусім аб сабе. Не кожнаму такое да густу, ды горай, не ўсім пад сілу. Чэхам было бяспечней. Мы вельмі спагадалі чэхам, але ім здавалася тады, што яны маюць ворагаў толькі немцаў, а ў нас ворагаў болей, ад якіх нам гразіў проста апартэід, і мы гэта добра разумелі.
Змаганне нашае пакуль што было амаль без перспектыў, але ні на што нягледзьячы, уніжаныя часта й пакрыўджаныя, мы ўпарта змагаліся за правы свае, за зямлю дзядоў сваіх, за мову нашую прыгнечаную, за сваю гісторыю й дзяржаўнасць. Ля такой барацьбы заставаліся толькі адчайныя волаты. Нямала было такіх. А іначай нам было, як чэхам. Той самы страх пасля атэнтату на Гайдрыха [99] Гайдрых Райхард (1904–1942) — нямецкi генерал, намеснiк райхспратэктара ў Празе. Жорстка душыў чэшскi антыфашысцкi супрацiў. Замах ( atentat — польск.) на яго ажыццявiлi чэшскiя дэсантнiкi, засланыя з Лондана.
, той самы боль, калі пералічваліся іх ахвяры.
У мяне без мужа было даволі цяжкае матэрыяльнае становішча. Справа ў тым, што доктар Градзіл плаціў мужу вельмі нямнога, а каб танней яму было, дык у працоўнай кніжцы ганарар мужа быў запісаны напалову меншы, бо тады меней плаціць на касу хворых для работніка і інш. Калі ж мужа забралі, дык плацілі мне толькі паводле кніжкі. Градзіл ведаў гэта, але яму такое было абыякава. На карткі пражыць было цяжка, а дакупіць што ўжо не было за што. Гатоўкі ў нас не было ніколі, бо замнога было галодных і наагул патрабуючых. Я расказала ўсё фрау Піпэр, і яны парадзілі мне схадзіць да доктара Вэхтэра, які быў начальнікам Саюза нямецкіх лекараў і загадваў усімі медычнымі справамі.
Я пайшла да яго. Гэта быў сярэдніх гадоў чалавек, даволі сімпатычны вонкава, са шрамам, як належыць нямецкаму студэнту. Гутарылі мы крыху па-чэшску, крыху па-нямецку. Я яму коратка ўсё расказала й кажу, што за такія грошы не пражыву. «А вы Градзілу казалі пра гэта?» — пытае. «Не, не казала, ён сам гэта павінен ведаць». — «Ага, не казалі, дык гэта фальшывая гордасць з вашага боку, вось што: трэба тады Градзіла падаць у суд». — «Не, — кажу, — калі мой муж не меў куска хлеба, ён даў яму працу, хоць скромную, і няхай я буду галодная, але злом за добрае не заплачу». Вэхтэра паклікалі, і я пайшла. Крыху пазней сказалі мне Піпэры, што паводле меркавання доктара Вэхтэра, дык беларусы шляхотны народ... А дапамог мне, як заўсёды, доктар Піпэр. Ён звярнуўся да чэха, прыматара, гэта знача як бургамістра горада Прагі, і ён крыху пабольшыў маленькую нашую зарплату. Жыць было можна. Да таго нашая суседка пані Мораўцава шыла скураныя рукавіцы ад крамы, дзе ёй давалі іх пакроенымі. Вось часам я памагала ёй, гэта былі дэкаратыўныя швы й няблага ў мяне атрымоўваліся. Была гэта бедная жанчына, але як жа харошая.
Юра бегаў у школу, і Свіцкі, дырэктар школы, вельмі хацеў, каб ён заўсёды быў з яго сынамі Нікам і Ванем, каб яны набіраліся энергіі й шустрасці крыху ад яго. Хлопчык вучыўся надзвычай добра. Фактычна ён не вучыўся, вечна выкручваўся й вырабляўся, але калі аднойчы настаўніца прачытала кусок нейкай цікавай прозы й загадала яму расказаць, дык малы паўтарыў гэта слова ў слова, чым непамерна здзівіў клас.
Юра быў надзіва набожны. Яшчэ маленькі штораніцы шукаў нечага пад падушачкай, што туды клаў яму ноччу ангельчык. А ангельчык быў кахаючы, шчодры, і дзень пачынаўся радасна. Калі часам той ангельчык забываўся нешта палажыць, хлопчык крыўдаваў, і раз сказаў нават «кака ангельчык», але болей такога не паўтарыў. Ангел быў добры. Хлопчык быў чысты й вельмі літасцівы для ўсяго жывога. Калі аднойчы загубілася яму любімая цацка, дык прыходжу, а ён стаіць на каленях і вядзе гутарку з добрым Бозенькам, дзе можа быць тая цацка, каб ён дапамог яе знайсці. Гэта пазней вельмі дапамагло самотнаму замучанаму юнаку перахітрыць праследавацеляў, якія намагаліся маральна яго знішчыць, і застацца добрым чалавекам. Аб Юрку, яго здольнасцях і розуме расказвалі па Празе анекдоты. Юра пісаў вершы. Почырк у яго быў немагчыма паганы, але настаўнік чэшскае мовы сказаў мне, што ўсе вялікія людзі пішуць заўсёды непрыгожа...
Читать дальше