Найболей мне не падабаўся мастак Салавей. Ён быў членам Камітэту, як і ўсе, але як жа неахвотна гутарыў па-беларуску, як жа адмежаваўся ад вестак нават з Бацькаўшчыны. Як за кару прыехала да яго пасля родная сястра з Беларусі са сваім мужам і сыночкам. Ён і яго чэшская жонка не зразумелі няшчасных харошых людзей нават тады, калі памёр у Празе на менінгіт іх адзіны сынок і лёс іх далей пагнаў у няведамае на чужыну.
Вельмі нейк інтэрнацыянальна адносіўся да беларускае справы й Забэйда-Суміцкі, які не раз падтыкаў нам, што адзіны мастак Беларусі, яе слава, не мае нават свае машыны, аж пакуль Мікола не сказаў яму некалькі слоў аб тым, як трэба разумець змаганне за Айчыну, ды яшчэ ў час вайны. Жылося яму няблага, а што мы болей, нявольныя, маглі яму даць? Вузкі ў сваіх асабістых зацікаўленнях, запалоханы й недалёкі палітычна быў і мой муж. Жук быў нам абсалютна варожы, але ад нашага сяброўства й сякой-такой спагады не адмаўляўся. Сяння думаю, што такое было тады яго заданне. Вялы й недалёкі быў Буська й неразгаданы нейкі, няшчыры інж. Юрка Бурак. Кажуць, што ўсе лепшыя пражскія беларусы памерлі ад сухотаў ці паехалі ў Менск, дзе таксама доўга не пажылі.
Актыўны быў толькі Ермачэнка, болей нават, чымсьці належала, але яго актыўная дзейнасць была выразна — не на наш млын вада. Бакача нейк нагла й рашуча адправілі ў Нямеччыну на работу. Яго верная Марыя пасылала яму, што магла. Яе любоў выклікала пашану, яе ахвярнасць і чысціня, і шчырасць пачуццяў мяне здзіўлялі. Такога друга Бог дае людзям не часта, і жаль толькі, што, карыстаючыся з сяброўства жанчыны, Бакач ёй не адплачваў тым жа.
Часам паказваўся ў Прагу Вітушка [97] Вітушка Міхась (1907—2006) — палітычны і вайсковы дзеяч, адзін з лідэраў Беларускай незалежніцкай партыі, маёр Беларускай краёвай самааховы ў гады Другой сусветнай вайны, пасля 1945 г. арганізатар антысавецкай партызанкі ў Беларусі; пазней жыў у Заходняй Нямеччыне.
, які беларускасці не адрокся, але не ў галаве яму было мяняць высокі матэрыяльны ўзровень жыцця на крыжовую дарогу шчырага змагання за Беларусь. Вось больш-менш гэта было тое, што ў Празе. На фоне іх ціхі, абсалютна чужы нам яўрэй Вольфсан, які дасканала ведаў, што перажыць вайну і ўсе няшчасці таго часу трэба і яму, і яго дзецям, і нам усім. Прыходзіў ён часам да нас, маўчаў. Малады інж. Калоша, худы й вымучаны некалі беспрацоўнасцю й такі можна сказаць голадам, тым цяжкім голадам, калі ўсё ёсць і толькі няма граша, каб пад’есці, цяпер ажаніўся з Ольгай Вяршынінай і быў недзе на нейкай рабоце. Не памятаю, можа, нат выехаў недзе. На вочы нейк не пападаўся.
Ольга Вяршыніна была дачкою нейкага вельмі для мяне загадачнага чалавека, беларуса, безумоўна, але я яго ў жывых не застала. Жанаты ён быў з чэшкаю, якая разам з ім вельмі памагала ў свой час новапрыбыўшым беларускім студэнтам у Празе. Яны радзілі ім, як умелі, падкармлівалі, калі трэба, і для многіх былі як бацькі. Казалі, што Вяршынін — гэта было не яго ўласнае прозвішча. Пасля Калошу чэхі выдалі саветам разам з намі. Не ведаю, на сколькі быў ён засуджаны й дзе яго выслалі. Ведаю толькі, што нарэшце ён вярнуўся ў Прагу, але Олі свае ўжо не застаў, яна з труднасці пакончыла самагубствам. У каго былі дзеці, не ведаю.
Даволі паважнай фігурай сярод пражскіх беларусоў быў Васіль Русак, слуцкі паўстанец. Гэта быў энергічны дзеяч, вельмі шчыры беларус, але, паводле мяне, недалёкага маштабу. Ён па жонцы меў краму, дзе таргаваў і зарабляў няблага, меў харошую вілу за Прагаю й не меў дзяцей. Часам ён фінансаваў «Іскры Скарыны» ці нешта іншае, што пераважна афармляў да друку доктар Грыб. Русак вельмі любіў усюды быць першым, што яму не заўсёды ўдавалася. Гаварыў, дык на нейкім славянскім эсперанта. Многа каму крыху памагаў, але казалі, што кожную дапамогу землякам заносіў у спецыяльную кнігу, так мовячы, для парадку. Дзядзька ён быў не благі й не дурны, але крыху арыгінал. Не мог зразумець, як гэта такому скромнаму Геніюшу, які ў свае гады не дабіўся нават капіталу, можна мець усе забэйдаўскія кружэлкі. Мала яшчэ тыя кружэлкі, але яшчэ такую беларускую жонку? Пасля ад’езду Яначкі ён явіўся да нас з падаркамі, з прадуктамі, лепш кажучы. Прынёс усяго пакрысе й вельмі быў уражаны тым, што я яму за ўсё заплаціла й забараніла болей нешта для нас прыносіць. Ён розна мудраваў, як гэта дапамагчы мне. Выдумаў, што яму трэба схаваць у мяне прадукты, бо немцы могуць зрабіць рэвізію ў краме. «Не, не,— кажу,— сябра, нічога мне вашага не трэба». Разыходзілася яму аб тое, каб я менавіта напісала аб ім паэму й пры гэтым аб слуцкім паўстанні. Не мела я тады часу нават выслухаць гэтых спраў, чаго вельмі шкадую сяння. Русак меў добры голас і ахвотна спяваў у аматарскай групе оперных чэшскіх артыстаў у Празе. Яго выдалі чэхі недзе ў 1945 годзе, і ў лагеры, кажуць, забілі яго. Аднойчы ў лагеры на Інце я загледзелася на адну жанчыну, вельмі да яго падобную. Яна была са Слуцка і, як аказалася пасля, яго родная пляменніца Каця Русак...
Читать дальше