- Адсюль амаль гадзiна язды, - запярэчыў Кёстэр.
Сястра незычлiва глянула на яго.
- Мы для такiх спраў непрыстасаваныя. I лекара няма...
- Тады вы парушаеце закон, - заявiў Ленц. - Ва ўстановах такога тыпу павiнен быць пастаянны лекар. Вы дазволiце мне патэлефанаваць з вашага тэлефона? Я хачу звязацца з палiцыяй i з рэдакцыяй газеты.
Сястра завагалася.
- Мне здаецца, вам няма чаго хвалявацца, - холадна сказаў Кёстэр. - Мы вам добра заплацiм. Нам перш за ўсё патрэбны насiлкi. Да лекара вы, напэўна, датэлефануецеся.
Яна ўсё яшчэ была ў нерашучасцi.
- Насiлкi, - растлумачыў Ленц, - павiнны быць тут таксама згодна з законам, як i перавязачны матэрыял.
- Добра, добра, - паспешлiва адказала яна, вiдавочна разгубленая ад такiх багатых ведаў, - зараз я некага прышлю...
Яна знiкла.
- Вось i ўсё, - сказаў я.
- Тое ж самае магло быць i ў гарадской бальнiцы, - спакойна адказаў Готфрыд. - Спачатку грошы, потым бюракратыя, потым дапамога.
Мы вярнулiся да машыны i дапамаглi жанчыне вылезцi. Яна моўчкi паглядала ўвесь час на свае рукi. Мы завялi яе ў невялiчкае памяшканне на першым паверсе. Потым нам далi насiлкi, каб прынесцi мужчыну. Мы прынеслi i яго. Ён стагнаў.
- Хвiлiнку... - Мы паглядзелi на яго. Ён заплюшчыў вочы. - Я хачу, каб пра гэта нiхто не ведаў, - з цяжкасцю прамовiў ён.
- Вы зусiм не вiнаватыя, - адказаў Кёстэр. - Мы з пачатку да канца бачылi, як гэта здарылася, i будзем сведчыць на вашу карысць.
- Не ў гэтым справа, - сказаў мужчына. - Па iншай прычыне мне не хацелася б, каб пра гэта ведалi... Разумееце... - Ён глянуў на дзверы, куды пайшла жанчына.
- Тады гэта - самае лепшае месца, - заявiў Ленц. - Гэта прыватная бальнiца. Адно толькi застаецца: убраць вашу машыну, пакуль не з'явiцца палiцыя.
Мужчына аблакацiўся.
- Можа, вы пастараецеся для мяне? Патэлефануйце ў майстэрню... I дайце мне ваш адрас. Я хацеў бы... я вам вельмi ўдзячны...
Кёстэр адмахнуўся.
- I ўсё ж, - сказаў мужчына. - Я хацеў бы ведаць...
- Вельмi проста, - адказаў Ленц. - У нас у самiх ёсць майстэрня. Мы рамантуем такiя машыны, як ваша. З вашай згоды мы зараз адбуксiруем яе i прывядзём у парадак. Такiм чынам, у нейкай ступенi будзе добра i вам, i нам.
- Вельмi добра, - сказаў мужчына. - Вазьмiце мой адрас... Я сам забяру машыну. Цi кагосьцi прышлю.
Кёстэр сунуў вiзiтную картку ў кiшэнь, i мы занеслi мужчыну ў пакой. За гэты час прыйшоў малады лекар. Ён вымыў кроў у жанчыны на твары. Цяпер былi бачны глыбокiя парэзы. Жанчына абаперлася на здаровую руку i ўтаропiлася на блiскучую нiкелевую чашу на перавязачным стале.
- О! - цiха вымавiла яна i з адчаем у вачах адвалiлася назад.
Мы паехалi ў вёску i спыталi, цi ёсць тут майстэрня. Там у каваля мы пазычылi сталёвы трос i прыладу для буксiроўкi, паабяцаўшы яму за гэта дваццаць марак. Але недаверлiвы каваль захацеў сам паглядзець на машыну. Мы ўзялi яго з сабой i паехалi.
Юп стаяў пасярод шашы i махаў нам рукой. Але мы ўжо i самi зразумелi, што здарылася. На ўзбочыне стаяў стары "мерседэс" з высокiмi бартамi. Чацвёра мужчын рыхтавалiся адбуксiраваць пашкоджаную машыну.
- Мы паспелi ў самы раз, - сказаў Кёстэр.
- Гэта браты Фогты, - сказаў каваль. - Небяспечная банда. Жывуць вунь там. Тое, што трапляецца iм у лапы, нялёгка вырваць.
- Пабачым, - сказаў Кёстэр.
- Я ўжо iм растлумачыў, пан Кёстэр, - прашаптаў Юп. - Нячыстая канкурэнцыя. Яны хочуць забраць машыну ў сваю майстэрню.
- Добра, Юп. Пакуль што пабудзьце тут.
Кёстэр накiраваўся да самага высокага з усiх i звярнуўся да яго. Ён заявiў яму, што машына - наша.
- У цябе ёсць якi-небудзь цвёрды прадмет? - спытаў я Ленца.
- Толькi ключы, яны мне самому спатрэбяцца. Вазьмi гаечны.
- Лепш не трэба, - сказаў я. - Iм можна нанесцi цяжкiя цялесныя пашкоджаннi. Шкада, што на мне такiя лёгкiя туфлi. Няма нiчога лепшага за ўдар нагой.
- Вы дапаможаце? - спытаў Ленц каваля. - Тады нас будзе чатыры на чатыры.
- Я асцерагуся. А то заўтра яны мне разнясуць кузню. Я застануся строга нейтральны.
- I правiльна, - сказаў Готфрыд.
- Я памагу, - Заявiў Юп.
- Не лезь! - сказаў я. - Сачы толькi, каб хто не з'явiўся, i ўсё.
Каваль крыху адышоўся ад нас, каб яшчэ выразней паказаць сваю строгую нейтральнасць.
- Не пудры мне мазгi! - адразу ж пачуў я, як на Кёстэра насядаў самы высокi. - Хто першы прыйшоў, той i забярэ. Усё! А цяпер валiце адсюль!
Кёстэр яшчэ раз растлумачыў, што машына - наша. Ён прапанаваў Фогту з'ездзiць разам у санаторый, каб там ён змог упэўнiцца. Той толькi пагарддiва выскалiўся. Мы з Ленцам падышлi блiжэй.
- Вам, вiдаць, таксама захацелася ў бальнiцу? - спытаў Фогт.
Читать дальше