Кёстэр нiчога не адказаў. Ён падышоў да машыны. Яшчэ тры Фогты наструнiлiся. Яны стаялi кучкай.
- Дайце мне трос, - сказаў нам Кёстэр.
- Цiшэй, хлапец! - прамовiў старэйшы Фогт. Ён быў на галаву вышэйшы за Кёстэра.
- Шкада, - сказаў Кёстэр. - Але машыну мы забяром.
Я з Ленцам, трымаючы рукi ў кiшэнях, падступiлiся яшчэ блiжэй. Кёстэр нахiлiўся да машыны. У тую ж секунду Фогт ударам нагi адштурхнуў яго. Ота на гэта разлiчваў. У той самы момант ён ухапiў Фогта за нагу i звалiў на зямлю. Потым падхапiўся i ўдарыў у жывот другога Фогта, якi ўжо замахнуўся на яго ручкай дамкрата. Той захiстаўся i таксама ўпаў. Доўга не чакаючы, мы з Ленцам кiнулiся на двух астатнiх братоў. Мяне адразу ўдарылi ў твар. Нiчога страшнага, але з носа пайшла кроў, мой удар аказаўся няўдалым - кулак толькi слiзгатнуў па тлустай скiвiцы; я атрымаў яшчэ раз пад вока i спатыкнуўся так няўдала, што Фогт ударам у жывот звалiў мяне на зямлю. Ён прыцiснуў мяне да асфальту i абхапiў шыю. Я ўвесь напружыўся, не даючы яму задушыць мяне i спрабуючы выкруцiцца з-пад яго, каб адкiнуць яго нагамi цi ўдарыць у жывот. Але Ленц i яго Фогт бiлiся на маiх нагах, i я не мог нiяк вызвалiцца. Нягледзячы на тое, што я напружваў шыю, дыхаць мне было цяжка - кроў у носе не прапускала паветра. Паступова вочы мае пачалi заплываць туманам, твар Фогта затросся, як студзень, а ў галаве замiльгалi чорныя плямы. Ужо амаль без памяцi я ўбачыў побач Юпа - ён стаяў на каленях у рове, спакойна i ўважлiва сочачы за маiмi сутаргамi. А потым, улучыўшы адпаведны момант у нашай схватцы, ён ударыў Фогта малатком па запясцi. Пасля другога ўдару Фогт адпусцiў маю шыю i, седзячы на зямлi, злосна паспрабаваў злавiць Юпа, якi, адсунуўшыся на метр, спакойна нанёс яму трэцi смачны ўдар па пальцах i яшчэ адзiн - па галаве. Я ўскочыў на ногi, навалiўся на Фогта i ўжо ў сваю чаргу ўхапiў яго за гарляк. У гэты момант раздаўся жывёльны рык, а потым вiск: "Пусцi, пусцi!" Гэта прасiўся старэйшы Фогт. Кёстэр закруцiў яму руку за плечы. Фогт унурыўся галавой у дол, а Кёстэр упёрся яму каленямi ў спiну, працягваючы круцiць руку. Каленам ён падцiскаў яе да патылiцы. Фогт лямантаваў, але Кёстэр ведаў, што яго трэба даканаць як след, а то ён не супакоiцца. Ён рыўком вывiхнуў яму руку i толькi тады выпусцiў. Фогт нейкi час паляжаў яшчэ на зямлi. Я азiрнуўся вакол. Адзiн з братоў яшчэ стаяў на нагах, але крык брата цалкам паралiзаваў яго.
- Убiрайцеся, а то заробiце яшчэ, - сказаў яму Кёстэр.
Свайго Фогта я яшчэ раз стукнуў мордай аб асфальт i адпусцiў. Ленц ужо стаяў каля Кёстэра. Яго пiнжак быў парваны. З кутка рота ў яго цякла кроў. Яго бойка, здаецца, закончылася ўнiчыю, бо хоць яго Фогт таксама быў у крывi, але ён стаяў на нагах. Паражэнне старэйшага брата вырашыла ўсё. Нiхто не адважваўся вымавiць хоць адно слова. Яны дапамаглi старэйшаму падняцца i пайшлi да сваёй машыны. Непаранены брат яшчэ раз вярнуўся i забраў дамкрат. Ён скасавурыўся на Кёстэра, як на нячыстую сiлу. Потым "мерседэс" паехаў.
Аднекуль раптам з'явiўся каваль.
- Хапiла iм, - сказаў ён. - Даўно яны такога не каштавалi. Старэйшы ўжо сядзеў за забойства.
Нiхто яму не адказаў. Кёстэр раптам здрыгануўся.
- Свiнства! - сказаў ён i павярнуўся. - Давайце!
- Я тут, - адклiкнуўся Юп, падцягваючы прычэп для буксiроўкi.
- Падыдзi сюды, - сказаў я. - З сённяшняга дня ты - унтэр-афiцэр. Можаш палiць цыгары.
Мы паднялi перад машыны на прычэп i прымацавалi яго ззаду да "Карла".
- Думаеш, што яму не пашкодзiць? - спытаў я Кёстэра. - Наш "Карл" iмклiвы стаеннiк, а не ўючны асёл.
Ён пахiтаў галавой.
- Тут недалёка. Дарога роўная.
Ленц сеў у пабiтую машыну, i мы пацiху паехалi. Я прыцiскаў хусцiнку да носа, гледзячы ў вечаровыя палi i на сонца перад заходам. Вакол панаваў надзвычайны спакой, нiчым не патрывожаны, i адчувалася, што прыродзе было ўсё роўна, што тварыў у свеце гэты злосны мурашнiк, якi называў сябе чалавецтвам. Шмат важней было, што аблокi паступова ператваралiся ў залатыя горы, што фiялетавыя ценi змяркання бясшумна наплывалi ад гарызонту, што жаўранкi вярталiся з бязмежнай прасторы неба ў свае барозны i што паступова на зямлю апускалася ноч.
Мы прыехалi ў свой двор. Ленц вылез з разбiтай машыны i ўрачыста зняў перад ёй капялюш.
- Вiтаем цябе, дабраславёная! Ты трапiла сюды з сумнай прычыны, але ты прынясеш нам, калi кiнуць на цябе пяшчотны, няхай i павярхоўны позiрк, трыста - трыста пяцьдзесят марак. А цяпер дайце мне шклянку вiшнёвай настойкi i кавалак мыла - хачу адмыцца ад сям'i Фогтаў.
Мы выпiлi па шклянцы, а потым узялiся адразу за разборку машыны. Не заўсёды было дастаткова таго, што гаспадар машыны заключаў з намi дагавор на рамонт. Часта прадстаўнiкi страхавых кампанiй патрабавалi перадаць заказ у адну з майстэрань, з якiмi ў iх былi кантракты. Таму мы i старалiся - чым большая была разборка, тым лепш нам. Цана зборкi аказвалася потым настолькi высокай, што дзешавей было пакiнуць машыну ў нас. Мы кiнулi работу, калi ўжо сцямнела.
Читать дальше