Пат узяла мяне пад руку. Яна iшла побач са мной прыгожай гнуткай хадой, я адчуваў цеплыню яе рукi, бачыў, як водсветы лiхтароў краналi яе ажыўлены твар - не, я не мог зразумець, што яна хворая, гэта можна было разумець толькi ўдзень, а не ўвечары, калi жыццё было напоўнена пяшчотай, цеплынёй i надзеяй.
- Не зойдзем на хвiлiнку да мяне? - спытаў я.
Яна кiўнула галавой.
У калiдоры нашага пансiёна было светла.
- Каб на iх лiха, - сказаў я. - Што тут здарылася? Пачакай хвiлiнку.
Я адчынiў дзверы i азiрнуўся. Калiдор быў асветлены i пусты, як вузкая вулiца ў прыгарадзе. Дзверы ў пакой фраў Бэндэр былi шырока адчынены. Там таксама гарэла святло. Хасэ, падобны да маленькай чорнай мурашкi, тэпаў унiз па лесвiцы, згорбiўшыся пад цяжарам таршэра з ружовым шаўковым абажурам. Ён перасяляўся.
- Добры вечар, - сказаў я. - У такi познi час?
Ён узняў свой бледны твар з мяккiмi цёмнымi вусамi.
- Я толькi гадзiну назад прыйшоў з бюро. У мяне ж толькi вечарам ёсць час для пераезду.
- А што, жонкi няма дома?
Ён пахiтаў галавой.
- Яна ў сяброўкi. Дзякаваць богу, у яе з'явiлася цяпер сяброўка, з якой яны бавяць час.
Ён усмiхнуўся без злосцi, задаволена i патэпаў. Увайшла Пат.
- Здаецца, лепш не ўключаць святла, - спытаў я ў маiм пакоi.
- Уключым, каханы. На хвiлiнку, потым можаш зноў выключыць.
- Ты ненасытны чалавек, - сказаў я i на iмгненне азарыў святлом чырвоную плюшавую шыкоўнасць пакоя. Потым зноў хуценька выключыў святло.
Вокны былi адчынены, i ад дрэваў знадворку цягнула свежым начным паветрам, нiбы з лесу.
- Выдатна, - сказала Пат i ўмасцiлася на падаконнiку.
- Ты сапраўды лiчыш, што тут выдатна?
- Праўда, Робi. Як у вялiкiм летнiм парку. Цудоўна!
- Ты не бачыла пакоя побач, калi iшла сюды? - спытаў я.
- Не, а чаму?
- Гэты шыкоўны вялiкi балкон злева звязаны з гэтым пакоем. Ён цалкам закрыты, а насупраць няма дамоў. Калi б ты жыла тут, табе для сонечных ваннаў не трэба было б нават купальнiка.
- Так, калi б я жыла тут...
- А чаму не, - сказаў я проста. - Ты ж бачыш, праз некалькi дзён пакой будзе пусты.
Яна зiрнула на мяне i ўсмiхнулася.
- Ты думаеш, што так было б правiльней для нас? Быць працяглы час разам?
- Мы не былi б працяглы час разам, - адказаў я. - Удзень мяне ўвогуле тут не бывае. А часта - i ўвечары. Але калi б мы ўжо былi разам, то нам не трэба было б сядзець у рэстаране, а потым зноў паспешлiва разлучацца, быццам бы ходзiм толькi ў госцi адно да аднаго.
Яна крыху паварушылася ў сваiм кутку.
- З тваiх слоў здаецца, што ты ўсё добра ўзважыў, каханы.
- Так i ёсць, - адказаў я. - Цэлы вечар разважаў.
Яна выпрасталася.
- Ты сур'ёзна так думаеш, Робi?
- Вядома, чорт вазьмi, - сказаў я. - Няўжо ты яшчэ не бачыш?
Яна хвiлiнку памаўчала.
- Робi, - сказала яна потым, i яе голас зрабiўся больш нiзкi. - Як ты можаш думаць пра гэта зараз?
- Я думаю пра гэта, - адказаў я больш гарачлiва, чым хацеў, адчуўшы раптам, што зараз вырашаецца нешта куды больш важнае, чым пакой, - я думаю так, бо ўбачыў у гэтыя апошнiя тыднi, як цудоўна быць разам. Я не магу больш трываць гэтыя сустрэчы на гадзiнку. Я хачу мець цябе болей. Я хачу, каб ты ўвесь час была са мной, у мяне няма больш ахвоты гуляць у хованкi кахання, гэта не для мяне, мне нiколi не хопiць цябе, i я не хачу нi на адну хвiлiну адмаўляцца ад цябе.
Я чуў яе дыханне. Яна сядзела на падаконнiку, абшчапiўшы рукамi каленi, i маўчала. Цiха трымцеў чырвоны водсвет светлавых рэклам па-над дрэвамi i адкiдваў матавае адлюстраванне на яе светлыя туфлi. Потым святло пераходзiла на спаднiцу i рукi.
- Можаш спакойна пакпiць з мяне, - сказаў я.
- Пакпiць? - перапытала яна.
- Вядома, бо я ўвесь час гавару: хачу. Ты ж, урэшце, павiнна таксама хацець.
Яна ўскiнула позiрк.
- Ты ведаеш, што ты змянiўся, Робi?
- Не.
- Ведаеш. Ты ж i сам кажаш. Ты хочаш. Ты ўжо так шмат не пытаешся. Ты проста хочаш.
- Гэта не такая ўжо вялiкая змена. Ты ж усё роўна можаш сказаць "не", як бы я нi хацеў.
Яна раптам нахiлiлася да мяне.
- Навошта я буду казаць "не", Робi, - сказала яна вельмi цёпла i пяшчотна, - я ж таксама хачу...
Здзiўлены, я абняў яе за плечы. Яе валасы казыталi мне твар.
- Гэта праўда, Пат?
- Праўда, любы.
- Дальбог, - сказаў я, - мне гэта ўяўлялася куды цяжэй.
Яна пахiтала галавой.
- Усё ў тваiх руках, Робi...
- Я i сам ледзь не паверыў у гэта, - сказаў я здзiўлена.
Яна абняла маю галаву.
- Бывае вельмi лёгка, калi не трэба нi пра што думаць. Не рабiць усё самой. Калi можаш абаперцiся. Ах, мiлы, гэта ўсё вельмi лёгка, толькi не трэба самiм абцяжарваць сваё жыццё.
Читать дальше