Кельнер Ганс прынёс бялюткi халат. Альфонс разгладзiў яго i дапамог ёй апрануцца.
- Вам да твару, - пахвалiў ён.
- Моцна, моцна! - адказала яна i засмяялася.
- Рады, што вы гэта запомнiлi, - сказаў Альфонс зычлiва. - Цяплее на душы.
- Альфонс, - Готфрыд завязаў на вузел сурвэтку. Ззаду тырчалi два доўгiя канцы. - Пакуль што мы напамiнаем сабой наведнiкаў цырульнi.
- Зараз будзе iнакш. Спачатку - крыху мастацтва.
Альфонс падышоў да патэфона. Грымнуў хор пiлiгрымаў з "Тангейзера". Мы слухалi моўчкi.
Як толькi адгучала апошняя нота, з кухнi адчынiлiся дзверы. Кельнер Ганс з'явiўся з мiскай, велiчынёй з дзiцячую ванначку. Ад ракаў, якiмi яна была напоўнена, валiла пара.
Ён, сапучы, паставiў яе на стол.
- Прынясi i мне сурвэтку, - сказаў Альфонс.
- Ты будзеш з намi вячэраць, золатка? - усклiкнуў Ленц. - Якi гонар!
- Калi дама не мае нiчога супроць?
- Наадварот, Альфонс!
Пат адсунула крыху сваё крэсла, i ён сеў каля яе.
- Мне прыемна будзе сядзець каля вас, - сказаў ён усхвалявана. - Я даволi спрытна ўмею разбiраць ракаў. Для дамы гэта занадта марудная справа.
Ён узяў з мiскi рака i з неверагоднай хуткасцю пачаў разбiраць яго ёй. Сваiмi вялiзнымi рукамi ён спраўляўся так шпарка i элегантна, што ёй нiчога больш не заставалася, як толькi есцi тое, што ён так апетытна падаваў ёй з вiдэльца.
- Смачна? - спытаў ён.
- Шыкоўна! - Яна падняла чарку. - За ваша здароўе, Альфонс.
Альфонс урачыста чокнуўся з ёю i паволi выпiў. Я зiрнуў на яе.
Лепш бы яна выпiла чагосьцi безалкагольнага. Яна адчула мой позiрк.
- Салют, Робi, - сказала яна.
Яна была чароўна-прыгожая, уся радасна свяцiлася.
- Салют, Пат, - сказаў я i апаражнiў сваю чарку.
- Як тут цудоўна, праўда? - спытала яна, гледзячы ўсё яшчэ на мяне.
- Выдатна! - Я налiў сабе. - Будзь здарова, Пат.
Яе твар на момант прасвятлеў.
- Будзь здароў, Робi. Будзь здароў, Готфрыд.
Мы выпiлi.
- Добрае вiно, - сказаў Ленц.
- Леташнi "Граахскi Абтсбэрг", - растлумачыў Альфонс. - Я рады, што ты ведаеш у iм смак.
Ён узяў з мiскi другога рака i працягнуў Пат раскрытую клюшню.
Яна адмовiлася.
- З'ешце яго самi, Альфонс. А то вам нiчога не дастанецца.
- Ну добра. - Яна ўзяла. Альфонс аж свяцiўся ад задавальнення i частаваў яе. Здавалася, быццам старая вялiзная сава кормiць маленькае белае птушаня.
На адыход мы ўсе разам выпiлi яшчэ па "Напалеону" i пачалi развiтвацца з Альфонсам. Пат была шчаслiвая.
- Цудоўна! - сказала яна. - Я ўдзячная вам ад душы, Альфонс. Сапраўды, усё было цудоўна! - Яна падала яму руку. Альфонс нешта прамармытаў i пацалаваў яе ў руку. У Ленца ад здзiўлення ледзь вочы не выкацiлiся з вачнiц.
- Прыходзьце, - сказаў Альфонс. - I ты, Готфрыд.
На вулiцы пад лiхтаром стаяў "сiтраэн", маленькi i пакiнуты.
- О, - вымавiла Пат i спынiлася. Яе твар перасмыкнуўся.
- За яго сiлу я ахрысцiў яго сёння Геркулесам. - Готфрыд падняў верх. Завезцi вас дадому?
- Не, - сказала Пат.
- Я так i думаў. Куды паедзем?
- У бар. Цi паедзем, Робi? - яна павярнулася да мяне.
- Вядома, - сказаў я. - Вядома, мы паедзем яшчэ ў бар.
Мы вельмi павольна паехалi па вулiцах. Было цёпла i светла. Перад кавярняй сядзелi людзi. Iграла музыка. Пат сядзела побач са мной. Я раптам не змог уявiць сабе, што яна сапраўды хворая, мне зрабiлася горача. На хвiлiну я ўявiў, што яна здаровая.
У бары мы сустрэлi Фердынанда i Валянцiна. Фердынанд быў у выдатным настроi. Ён устаў i пайшоў насустрач Пат.
- Дыяна! - сказаў ён. - Вярнулася з лясоў...
Яна ўсмiхалася. Ён абняў яе за плечы.
- Загарэлая, адважная паляўнiчая з сярэбраным лукам... што мы вып'ем?
Готфрыд плячом адцiснуў Фердынанда.
- Узнёслыя людзi не ведаюць меры, - сказаў ён. - Даму суправаджаюць два кавалеры, ты, вiдаць, гэтага не заўважыў, стары зубр.
- Рамантыкi - толькi свiта, а не суправаджэнне, - заявiў бязлiтасна Граў.
Ленц ухмыльнуўся i звярнуўся да Пат:
- Я вам зараз замяшаю штосьцi надзвычайнае. Кактэйль "Калiбры". Бразiльскае пiтво.
Ён пайшоў да стойкi, нечага намяшаў там i прынёс.
- Як падабаецца? - спытаў ён.
- Радкаваты, хоць i бразiльскi, - заявiла Пат.
Готфрыд засмяяўся.
- Затое вельмi моцны. З ромам i расейскай гарэлкай.
З першага позiрку я зразумеў, што там не было нi рому, нi гарэлкi. Там былi змешаны сок, лiмон, мякаць таматаў i, магчыма, нейкая кропля лiкёру. Безалкагольны кактэйль. Але Пат, дзякаваць богу, гэтага не заўважыла.
Яна выпiла тры шклянкi "Калiбры", i я бачыў, як ёй было прыемна, што з ёю абыходзяцца не як з хвораю. Праз гадзiнку мы ўсе ўсталi, толькi Валянцiн застаўся сядзець. Пра гэта паклапацiўся Ленц. Ён пагрузiў Фердынанда ў "сiтраэн" i газануў. Таму не склалася ўражання, быццам мы з Пат пайшлi раней. Усё было вельмi душэўна, але ў мяне на нейкi момант на сэрцы зрабiлася тужлiва.
Читать дальше