Вочы ў дзеда былi нейкiя цьмяныя, зласлiва задзiрлiвы агеньчык у iх патух.
- Са мной нiчога, - сказаў ён. - Проста ехаць не хачу.
- Ты не паедзеш? - здзiвiўся бацька. - Як гэта так, не паедзеш? У нас усё ўжо сабрана, усё гатова. Трэба ехаць. Тут нам нельга заставацца.
- Хто кажа, каб вы заставалiся? Садзiцеся i едзьце сабе. А я... я застаюся. Я ледзь не ўсю ноч прадумаў. Гэта мой край. Маё месца тут. I начхаць мне на вiнаград i на апельсiны, хоць там iмi завалiся. Я не еду. Гэта мой край, хоць шчасця тут мала. Вы давайце едзьце. А я дзе жыў, там i буду жыць.
Усе стоўпiлiся вакол старога. Бацька сказаў:
- Так нельга, дзед. Усю гэтую зямлю хутка зааруць трактарамi. А хто гатаваць табе будзе? Як ты жыць будзеш? Не, заставацца табе тут нiяк нельга. Не будзе каму клапацiцца пра цябе, ты з голаду памрэш.
Дзед усклiкнуў:
- Во, сказаў! Я хоць i стары, але змагу сам пра сябе паклапацiцца. А як тут М'юлi жыве? I я гэтаксама буду. Я сказаў - не паеду, i ўсё. Бярыце бабку з сабой, калi хочаце, а мяне пакiньце - i справе канец.
Бацька разгублена сказаў:
- Паслухай, дзед. Ну паслухай хвiлiнку!
- I слухаць не хачу. Я ўжо сказаў табе, як будзе.
Том крануў бацьку за плячо:
- Та, зойдзем у дом. Хачу табе нешта сказаць. - I калi яны пайшлi да дома, Том на хаду крыкнуў: - Ма, iдзi сюды на хвiлiнку!
На кухнi гарэў адзiн лiхтар, на стале стаяла талерка, яшчэ поўная свiных костак. Том сказаў:
- Паслухайце. Дзед, вядома, мае права вырашаць - ехаць цi не ехаць, але яму нельга тут заставацца. Гэта ж ясна.
- Ясна, - сказаў бацька.
- Дык вось што. Калi яго ўзяць сiлай i звязаць, можна яго пакалечыць альбо ён так ашалее, што сам сябе знявечыць. Добра было б напаiць яго, тады ўсё ўладзiцца. У вас ёсць хоць крышачку вiскi?
- Няма, - адказаў бацька. - Нi кроплi. У Джона таксама няма. Калi ён не ў запоi, спiртнога дома не трымае.
Мацi сказала:
- У мяне, Том, засталася бутэлька снатворнага, яшчэ з тае пары, як Уiнфiлду вушы балелi. Думаеш, падзейнiчае? Я давала яму глынуць, i ён адразу засынаў.
- Можа, i падзейнiчае, - сказаў Том. - Нясi сюды, ма. Ва ўсякiм разе, праверым.
- Я выкiнула яе на сметнiк, - сказала мацi, узяла лiхтар, выйшла на двор i неўзабаве вярнулася з бутэлькай, напалову налiтай чорнай вадкасцю.
Том узяў бутэльку i паспрабаваў вадкасць на смак.
- Не гiдка, - сказаў ён. - Згатуй кубак чорнай кавы, чым гусцейшай. Колькi ж налiць яму? Ну, скажам, адну чайную лыжку. Не, лепш больш - дзве сталовыя.
Мацi налiла ў кафейнiк вады, усыпала кавы, тады адчынiла плiту i паставiла кафейнiк блiзка да вуголля.
Том з бацькам выйшлi на двор.
- Кожны мае права сам сабой распараджацца, - не сунiмаўся дзед. - Хто тут еў свiныя рэбры?
- Мы, - адказаў Том. - Зараз ма налье табе кавы i дасць i свiнiны.
Дзед пайшоў на кухню, выпiў каву i з'еў мяса. Людзi стаялi на двары, на якiм пачало ўжо святлець, i праз адчыненыя дзверы кухнi пазiралi на дзеда. Яны ўбачылi, як ён раптам пазяхнуў i пахiснуўся на крэсле, потым паклаў рукi на стол, апусцiў на iх галаву i заснуў.
- Ён i так быў вельмi змораны, - сказаў Том. - Раней часу не чапайце яго.
Нарэшце ўсё ўжо было зусiм гатова да ад'езду. Заспаная, млявая бабка ўсё пыталася:
- Што тут у вас дзеецца? Чаго ўскочылi ў такую рань? - Але яна была апранутая i паводзiла сябе мiрна.
Руцi i Ўiнфiлд таксама прачнулiся, але былi вялыя i сонныя. Ранiшняе святло iмклiва разлiвалася па зямлi. А людзi знерухомелi. Яны стаялi пасярод двара, i нiхто не адважваўся зрабiць рашучы крок. Цяпер, калi надышоў час пускацца ў дарогу, iм стала страшна, не менш страшна, чым дзеду. Яны бачылi, як паступова на фоне пасвятлелага неба выступаюць абрысы свiрна, як блякнуць агеньчыкi лiхтароў i ўжо больш не адкiдаюць на зямлю жоўтых кругоў святла. Адна за адной, з усходу на захад, тухлi зоркi ў небе. А людзi стаялi, здранцвелыя, як лунацiкi, i вочы iх глядзелi ўдалячынь, не заўважаючы таго, што было блiзка, i бачылi адразу ўвесь абсяг свiтальнага неба, усю шыр палёў, усю зямлю да самага гарызонту.
Адзiн толькi М'юлi неспакойна снаваў па двары, зазiраў праз шчылiны мiж бартавых планак у грузавiк, стукаў кулаком па запасных шынах, прывязаных ззаду. Нарэшце ён падышоў да Тома.
- Пяройдзеш мяжу штата? - запытаўся ён. - Парушыш падпiску?
I Том строс з сябе здранцвенне.
- Бог ты мой, хутка ўжо сонца ўзыдзе! - сказаў ён гучна. - Час ехаць. - I ўсе таксама выйшлi з анямення i пакiравалi да грузавiка.
- Пайшлi панясём дзеда на грузавiк, - сказаў Том.
Бацька, дзядзька Джон, Том i Эл увайшлi ў кухню, дзе, уткнуўшыся лбом у рукi, складзеныя на стале побач з лужынкай разлiтай кавы, спаў дзед. Яны ўзялi яго пад локцi i паставiлi на ногi, а ён бурчаў i лаяўся хрыплым голасам, як п'яны. За дзвярамi паднялi яго на рукi i панеслi. Том з Элам залезлi на грузавiк, перагнулiся цераз борт, падхапiлi старога пад пахi i асцярожна пацягнулi наверх. Эл адвязаў адзiн канец брызенту, накрыў iм дзеда i падставiў побач скрынку, каб на яго не цiснуў цяжкi брызент.
Читать дальше