Том пайшоў у павець i прынёс адтуль iнструмент, якi наважылi ўзяць з сабой, - ручную пiлу, гаечныя ключы, малаток i скрынку з наборам цвiкоў, абцугi, рашпiль i камплект тонкiх напiлкаў.
А Ружа Сарона прыцягнула вялiкае палотнiшча брызенту i расклала на зямлi за грузавiком. Яна ледзь пралезла ў дзверы з матрацамi - трыма двухспальнымi i адным вузкiм, звалiла iх на брызент, тады прынесла яшчэ абярэмак складзеных iрваных коўдраў i кiнула на матрацы.
Мацi з Ноем усё яшчэ ўвiхалiся на кухнi, з духоўкi цягнула прыемным пахам смажаных свiных костак. Позняй ноччу дзяцей змарыў нарэшце сон. Уiнфiлд скруцiўся абаранкам проста ў пыле каля парога, а Руцi, якая пайшла на кухню паглядзець, як разбiраюць тушы, заснула, седзячы на скрынцы, прыткнуўшыся галавой да сцяны. Яна дыхала лёгка i роўна, крыху растулiўшы губы.
Сабраўшы ўсе прылады, Том з лiхтаром у руцэ ўвайшоў у кухню, следам зайшоў прапаведнiк.
- Ой, як здорава! - усклiкнуў Том. - Ты толькi панюхай, як пахне! А чуеш, костачкi патрэскваюць?
Мацi ўсё складала кавалкi свiнiны ў бачуркi, пасыпала iх соллю - i зверху, i з бакоў - i прымiнала кожны рад рукою. Яна глянула на Тома i слаба ўсмiхнулася яму вуснамi, але вочы яе былi сур'ёзныя i стомленыя.
- На снеданне добра пагрызцi свiных костачак, - сказала яна.
Прапаведнiк падышоў да яе.
- Дайце, я буду салiць, - прапанаваў ён. - Я ўмею. У вас, акрамя гэтага, яшчэ спраў шмат.
Мацi адарвалася ад работы i неяк дзiўна паглядзела на яго, быццам ён прапанаваў ёй нешта недарэчнае. Рукi ў яе пакрылiся скарынкаю солi, ружовай ад свежага мяснога соку.
- Гэта жаночая работа, - сказала яна нарэшце.
- Работа ёсць работа, - адказаў прапаведнiк. - Яе шмат - хопiць i мужчынам, i жанчынам. У вас ёсць чым заняцца. Дайце, я буду салiць.
Яна пiльна паглядзела на яго, потым налiла вады з вядра ў алавяны ўмывальны тазiк i памыла рукi. Прапаведнiк браў кавалкi свiнiны i нацiраў iх соллю, а мацi назiрала. Ён клаў мяса ў бачурку, акурат як рабiла гэта мацi, старанна пасыпаў соллю i расцiраў далонямi. Яна выцерла свае пабялелыя ад солi, апухлыя рукi.
Том запытаўся:
- Ма, а што адсюль ўзяць?
Мацi абвяла хуткiм позiркам кухню.
- Вядро, - сказала яна. - Увесь посуд - талеркi, кубкi i нажы, лыжкi, вiдэльцы. Складзi ўсё ў шуфляду i нясi да грузавiка. Яшчэ вялiкую патэльню, кацёл, кафейнiк. Калi астыне духоўка, вымеш адтуль рашотку - на ёй зручна смажыць на вогнiшчы. Добра было б узяць з сабой ночвы, толькi наўрад цi месца хопiць. Давядзецца мыць бялiзну ў вядры. Драбязу браць не варта. У вялiкiм катле можна i менш згатаваць, а калi трэба многа, у малой пасудзiне не згатуеш. Бляхi з духоўкi бяры ўсе. Яны ўлазяць адна ў адну. - Мацi яшчэ раз азiрнула кухню. - Усё, што я сказала, збяры, Том. Пра астатняе я сама паклапачуся. Каб не забыць вялiкую бляшанку з перцам, соль, мускатны арэх i тарку на яго. Гэта я пад самы канец вазьму. - Яна ўзяла лiхтар i стомлена пайшла ў спальню, яе босыя ногi бясшумна ступалi па падлозе.
Прапаведнiк сказаў Тому:
- Вiдаць, выбiлася з сiлы.
- Жанчыны заўсёды з сiлы выбiваюцца, - адказаў Том. - Такая ўжо ў iх доля, толькi калi-нiкалi на маленнях расслабляюцца.
- Так, але ж яна зусiм з ног падае. Быццам занядужала.
Мацi яшчэ не пераступiла парога спальнi i чула яго словы. Мускулы на яе расслабленым твары напружылiся, маршчыны знiклi, позiрк зрабiўся цвярдзейшы, плечы расправiлiся. Яна абвяла вачамi голыя сцены. Пуста, нiчога не засталося, адзiн толькi хлам. Матрацы, што яшчэ днём ляжалi на падлозе, вынесены. Камода i столiк прададзены. На падлозе валяюцца зламаны грабянец i пушачка з-пад тальку, некалькi мёртвых мышэй. Яна паставiла лiхтар на падлогу. Прасунула руку за адну са скрынак, што служылi крэсламi, i дастала адтуль кардонную каробку, залапаную, з падранымi куткамi. Яна села на скрынку, адкрыла вечка кардонкi. Там ляжалi пiсьмы ў канвертах, газетныя выразкi, фотакарткi, пара завушнiц, залаты пярсцёнак з пячаткай i сплецены з валасоў ланцужок для гадзiннiка з залатымi зачэпкамi на канцах. Яна дакранулася пальцамi да пiсьмаў, ледзь дакранулася да iх, разгладзiла газетную выразку са справаздачай аб судзе над Томам. Доўга трымала кардонку на каленях, i пальцы яе перабiралi пiсьмы i зноў ставiлi на месца. Потым яна сядзела, закусiўшы нiжнюю губу, аддаўшыся роздуму i ўспамiнам. I нарэшце наважылася - выняла з кардонкi пярсцёнак, ланцужок, завушнiцы, засунула руку на самае дно i знайшла там залатую запiнку. Зняла канверт з аднаго пiсьма, ссыпала туды ўсе гэтыя дрындушкi, склала канверт удвая i паклала ў кiшэню сукенкi. Потым беражлiва, з любасцю закрыла каробку i пяшчотна правяла па ёй пальцамi. Губы ў яе крыху растулiлiся. Тады раптам устала са скрынкi, падняла з падлогi лiхтар i вярнулася на кухню. Зняла канфорку з плiты i асцярожна паклала кардонку на вуголле. Кардон адразу пацямнеў. Затрапятаўся язычок полымя i лiзнуў каробку. Мацi апусцiла канфорку на месца, i ў тое ж iмгненне агонь нiбы выдыхнуў i абдаў каробку жарам.
Читать дальше