О'Хара Джон
Далягляд (на белорусском языке)
Джон О'Хара
Далягляд
Пераклад: Уладзiмiр Шчасны
У рэдакцыi спакайнела. Паверхам вышэй, у спартыўным аддзеле, вось ужо добрае паўгадзiны iшла начная гульня ў брыдж. Супрацоўнiкi за рэдакцыйным сталом чыталi ранiшнi нумар цi проста сядзелi, абыякавыя да ўсяго, утаропiўшыся ў што-небудзь перад носам. Некалькi рэпарцёраў сядзела за сталамi. Яны пiсалi пiсьмы, рабiлi нейкiя накiды, нават займалiся белетрыстыкай, але толькi не рыхтавалi матэрыялаў у газету. Пра гэта можна было здагадацца. Прынамсi, Макгiр мог сказаць адразу. Пасля столькiх гадоў работы ён ужо ведаў амаль усё з газетнай справы. Ведаў ён, як выглядае рэдакцыя газеты на кожным этапе падрыхтоўкi нумару. Ён адкiнуўся ў крэсле i пачаў гойдацца ў iм, трымаючы ў зубах патухлую люльку. Каб тым, за рэдакцыйным сталом, не здацца такiм, якiмi ён бачыў iх, Макгiр устаў, паволi падышоў да акна i пачаў глядзець на капiтолiй. Гэты яго бок быў яму такi знаёмы.
Васемнаццаць гадоў галоўны адмiнiстрацыйны будынак штата засланяў яму далягляд. Праўда, не зусiм так. Ён сядзеў за сталом, тварам да гарадской ратушы, за якой быў вiдаць капiтолiй, дзесяць гадоў цi амаль дзесяць гадоў. Быў час, калi за ўсё начное дзяжурства ён нiчога не бачыў, акрамя скрынак з карэспандэнцыяй i падшывак газет. Можна адняць гэты час ад васемнаццацi гадоў. Можна таксама адняць i тыя чатыры месяцы, што ён прабыў у добраахвотным, але непрыемным выгнаннi ў якасцi галоўнага рэдактара "Бiкана". Паколькi рэдакцыя "Бiкана" размяшчалася на Фран-стрыт, яму не вiдаць было нават купала капiтолiя. У "Бiкане" далягляд засланяў склад фiрмы "Хольцхаймер - складскiя памяшканнi. Мiжгароднiя перавозкi". Але ўсё ж, як бы там нi было, цяпер ён глядзеў на тое, што засланяла яму далягляд васемнаццаць цi там дзесяць гадоў. Ва ўсялякiм разе гэта былi не самыя лепшыя гады. Калi ўзяць усе васемнаццаць, дык яны былi толькi крыху горшыя за дзесяць. Цяжка прызвычаiцца да шыбенiцы, калi нават i прыйшлося пагойдацца. З нейкiм пачуццём горычы Макгiр падумаў, што хулiганы маглi намаляваць дрэнныя словы на другой сцяне, цi па прапанове якой-небудзь хiтрай камiсii па пытаннях мастацтва яе размалявалi па дыяганалi ў ружовыя i блакiтныя палосы, а ён пра гэта i не ведаў. Зрэшты, ён усё ж такi дачуўся б, i, хутчэй за ўсё, калi б такая важная падзея адбылася, яму б даручылi рэдагаваць паведамленне аб гэтым. Другi бок капiтолiя быў нябачны i тады, калi ён iшоў дадому цi выпiць чарку ў бары "У Пэдзi" альбо ў рэстаране "Ласi". Калi яму трэба была кашуля, пiжама цi бялiзна, ён заўсёды купляў у краме Гроса, а не дзе-небудзь паблiзу капiтолiя. Калi, па заклiку прыроды, ён iшоў да мiс Элiзабет, дык капiтолiй аказваўся ў другiм баку. За ўвесь час блiзкасцi з Джэз яму так i не выпала зiрнуць на другi бок капiтолiя, бо кватэра, у якой жыла Джэз разам з яшчэ адной дзяўчынай, была на Хiл-стрыт, за квартал цi за два ад рэдакцыi. Ён пачаў злавацца ад думкi, што некаторыя юрысты i ўсялякiя тузы, якiя не жывуць у горадзе, калi падумаць, дык бачылi другi бок капiтолiя намного часцей, чым ён, хоць яму было лягчэй бразнуць даляравай манетай аб сцяну капiтолiя, чым у свой час Вашынгтону перакiнуць такую ж манету цераз рэчку Рапаханок, акрамя таго, ён на гэту будынiну з вапны (на гэты яе бок) глядзеў кожныя пяць з сямi начэй.
I вось цяпер, не адразу, але лёгка, ён здагадаўся, чаму гэтай ноччу кiдае работу ў рэдакцыi. Важная падстава была заўсёды, але яму не верылася, што знойдзецца што-небудзь такое i стане штуршком для такога рашэння. Так, вядома, у студзенi яму споўнiлася 43 гады. Але ўжо да гэтага ўсё больш прозвiшчаў яго знаёмых сустракалася на старонцы, дзе друкуюць некралогi. Дый не абавязкова ўсе яны былi добра знаёмыя, хутчэй, сучаснiкi ў тым сэнсе, што, займаючыся газетнай справай, ён не звяртаў увагi на рознiцу ў гадах памiж сабой i гэтымi шэльмамi. Людзi, якiх ён ведаў асабiста, памiралi адзiн за адным. Потым ён пачаў пакрысе разумець, што фiксаваў жыццё (а заадно i смерць), але ў той жа час яно абмiнала яго. Ён праседжваў яго за сталом начнога рэдактара не бог ведае якой там газеты. Несумненна, гэта i была важная падстава для намеру кiнуць работу ў газеце.
Ён паглядзеў на стол, за якiм звычайна сядзела Джэз. Яе там не было. Потым ён убачыў, як яна выйшла з тэлефоннай кабiны i накiравалася да стала Грына, трымаючы ў руках некалькi капiрак. Нешта сказала Грыну. Той кiўнуў некалькi разоў i запiсаў штосьцi ў блакноце. Потым глянуў на Джэз i ўсмiхнуўся. Макгiр сваiмi вачыма ўбачыў, як Грын памахаў ёй рукой, што азначала яго афiцыйнае "Дабранач".
Читать дальше