Мацi неспакойна калыхнулася, але змоўчала.
Старэйшы сын, Ной, сказаў:
- Колькi ж усяго ў нас грошай?
Бацька пачаў выводзiць лiчбы ў пыле, мармычучы сабе нешта пад нос. Потым сказаў:
- Сто пяцьдзесят чатыры. Але Эл вось кажа, што трэба пакрышкi змянiць. Гэтыя, кажа, доўга не паслужаць.
Эл першы раз у жыццi прымаў удзел у сямейнай радзе. Раней ён заўсёды стаяў за спiнамi жанчын. Даклад яго гучаў салiдна:
- Машына старая, барахляная. Я ўсю яе агледзеў, перш чым купiць. Гаспадар мне зубы загаворваў, усё хвалiў яе, але я яго не слухаў. Запусцiў палец у дыферэнцыял - пiлавiння няма. Адкрыў каробку перадач - таксама няма. Праверыў счапленне, пракруцiў колы - цi ёсць васьмёрка. Падлез пад кузаў - рама не скошаная. Вiдаць, нiколi не выгiналася. Заўважыў: адзiн акумулятар з трэшчынай, сказаў замянiць. Пакрышкi нi к чорту не вартыя, затое размер распаўсюджаны - такiя заўсёды дастанеш. Ход не вельмi рэзвы, затое масла не працякае. Чаму я сказаў купляць? Таму што мадэль самая хадавая. Гэтых "гудзонаў супершэсць" на аўтамабiльных звалках хоць гаць гацi, i запасныя часткi танна прадаюцца. Можна было б выбраць за тыя грошы i большую машыну, i прыгажэйшую, але часткi да iх цяжэй знайсцi, ды просяць за iх дорага. Вось як я тады разважаў. - Апошняя фраза азначала, што ён аддае сябе на суд сям'i. Ён змоўк, чакаючы, што скажуць.
Дзед усё яшчэ быў намiнальным галавой сям'i, але ўлады ўжо не меў. Становiшча, якое ён займаў, было ганаровым, асвячоным звычаем. Аднак права на першае слова, незалежна ад таго, якое глупства ён можа сказаць, у яго засталося. I мужчыны, што сядзелi на кукiшках, i жанчыны, што стаялi ззаду, чакалi яго слова.
- Усё правiльна, - сказаў ён. - Я быў такi ж шчанюк, як ты, бегаў, задраўшы хвост, але ад справы нiколi не адвiльваў. Ты робiшся дарослым. Заключныя словы прагучалi як блаславенне, i Эл паружавеў ад задавальнення.
Бацька сказаў:
- Гучыць пераканаўча. Каб гэта быў конь, мы б не звальвалi вiну на Эла. Але ж сярод нас толькi адзiн ён аўтамабiлiст.
Том сказаў:
- Я крыху разбiраюся. Вадзiў грузавiк у Макалестары. Эл правiльна зрабiў. Усё як трэба. - Цяпер ужо Эл зусiм расчырванеўся ад пахвалы. Том гаварыў далей: - I вось што я хацеў яшчэ сказаць... ну, прапаведнiк... ён просiцца з намi. - Том змоўк. Яго словы дайшлi да людзей, што сядзелi i стаялi, але яны сустрэлi iх маўчаннем. - Ён чалавек добры, - дадаў Том. - Мы даўно яго ведаем. Iншы раз загаворваецца, але словы яго разумныя. - I ён пакiнуў гэтае пытанне на вырашэнне сям'i.
Святло паступова ўбывала. Мацi адышла ад групы i зайшла ў дом, з якога неўзабаве пачулася, як бразнулi дзверцы плiты. Праз момант яна вярнулася да рады, паглыбленай у роздум.
- Тут усяляк можна вырашыць, - сказаў дзед. - Некаторыя думаюць, што прапаведнiкi могуць наклiкаць бяду.
Том сказаў:
- Ён кажа, што ўжо больш не прапаведуе.
Дзед памахаў рукой:
- Хто ўжо быў прапаведнiкам, той прапаведнiкам i застанецца. Ад гэтага нiчым не адгародзiшся. Некаторыя лiчаць за гонар трымаць сабе прапаведнiка. Калi хто памрэ, прапаведнiк пахавае. Вяселле, своечасовае цi запозненае, прапаведнiк тут як тут. Дзiця народзiцца - хрысцiцель у вас пад дахам. Я заўсёды казаў: прапаведнiкi ёсць розныя. Да iх з разборам падыходзiць трэба. Гэты мне даспадобы. Ён без гонару.
Бацька ўваткнуў пруток у пыл i, пакручваючы яго мiж пальцаў, вырыў у пыле ямку.
- Тут не ў тым справа, добры ён цi дрэнны, а прынясе ўдачу цi няшчасце, сказаў ён. - Трэба ўсё добра разлiчыць. Радасцi мала. Зараз паглядзiм. Дзед з бабкай - двое. Я, Джон i мацi - пяцёра. Ной, Том i Эл - восем. Разашарна з Конi - дзесяць. Руцi з Уiнфiлдам - дванаццаць. А яшчэ сабак трэба ўзяць, як iх тут пакiнеш? Сабакi добрыя, прыстрэлiць рука не паднiмецца, а аддаць няма каму. Усяго чатырнаццаць.
- Гэта не лiчачы курэй, якiя яшчэ засталiся, i дзвюх свiней, - уставiў Ной.
- Свiней засолiм на дарогу, - сказаў бацька. - Без мяса не паедзеш. Павязём саланiну ў бачурках. Вось i не ведаю, куды ж мы ўсiх пасадзiм, а тут яшчэ прапаведнiк. I цi зможам мы пракармiць лiшнi рот. - Не павярнуўшы галавы, ён запытаўся: - Як ты думаеш, мацi?
Тая адкашлялася i цвёрда сказала:
- Хiба справа ў тым - цi зможам? Вось цi захочам? Змагчы мы нiчога не зможам - да Калiфорнii нават не даедзем цi куды. А калi добра захочам, дык так i зробiм. I калi ўжо на тое пайшло, дык нашы сем'i даўно ўжо жывуць у гэтых краях, але я не чула яшчэ, каб хто-небудзь з Джоўдаў або Хэзлiтаў адмаўляўся накармiць, прытулiць цi падвезцi чалавека, калi ён просiць. Сярод Джоўдаў пападалiся жмiнды, але такiх яшчэ нiколi не было.
Бацька перабiў:
Читать дальше