На цёмным двары бацька i Эл пры святле лiхтара грузiлi рэчы на машыну. Iнструмент на самы нiз, але так, каб лёгка можна было дастаць у выпадку паломкi. На яго - скрынi з адзежай i джутавы мяшок з кухонным начыннем; нажы, вiдэльцы i талеркi асобна ў скрынцы. Вядро прывязалi ззаду. Нiжнi рад пастаралiся ўкласцi як мага раўней i ў прамежкi памiж скрынямi засунулi скачаныя коўдры. Зверху паклалi матрацы, запоўнiўшы машыну да бартоў, i ўсю паклажу зацягнулi брызентам. Эл прарэзаў па яго краях дзiркi за два футы адна ад адной, прасунуў у iх вяроўкi i прывязаў брызент да сярэднiх планак борта.
- У дождж, - сказаў ён, - падвяжам яго да верхнiх планак, няхай лезуць пад нiз, там не прамокнуць. А нам у кабiне дождж не страшны.
Бацька пляснуў у далонi:
- Во галава!
- Гэта яшчэ не ўсё, - сказаў Эл. - Вось знайду доўгую жэрдку, падапру ёю брызент. Будзе як палатка, не пячыся ж на сонцы.
Бацька зноў ухвалiў:
- Во галава! Чаму раней не прыдумаў?
- Не было калi, - адказаў Эл.
- Не было калi? А валачыцца па ўсiм наваколлi было калi? Адзiн бог ведае, дзе ты прападаў апошнiя два тыднi.
- Трэба ж было перад ад'ездам усё закруглiць - без гэтага не бывае, прамовiў Эл ганарыста. Потым неяк звяў i запытаўся: - А ты рады, та, што мы едзем?
- Га? Ну... рады, канешне. Ва ўсякiм разе... так. Тут нам цяжка даводзiлася. А там усё будзе iнакш - работы хоць завалiся, усё такое прыгожае, зялёнае, i домiкi беленькiя, навокал - апельсiнавыя дрэвы.
- Там што, усюды апельсiны растуць?
- Ну, можа, i не ўсюды, але ж шмат дзе.
Неба пашарэла ў перадсвiтальным святле. Зборы скончылiся - бачуркi з саланiнай стаялi напагатове, клетку з курамi заставалася толькi паставiць на самы верх грузавiка. Мацi адкрыла духоўку i выняла адтуль засмажаныя косткi, на якiх было яшчэ даволi мяса, падрумяненага, хрусткага. У паўсне Руцi спаўзла са скрынкi i зноў моцна заснула. Але старэйшыя стаялi каля дзвярэй, зябка пакурчвалiся i грызлi хрусткiя косткi.
- Бадай, час ужо бабку з дзедам будзiць, - сказаў Том. - Бярэцца на дзень.
Мацi сказала:
- Не хочацца iх падымаць, пабудзiм перад самым ад'ездам. Няхай яшчэ паспяць. Руцi з Уiнфiлдам таксама як след не выспалiся.
- Адаспяцца ў дарозе, - сказаў бацька. - Там, наверсе, добра i ўтульна.
Сабакi раптам ускочылi з пыльнай зямлi i навастрылi вушы. Потым шалёна забрахалi i кiнулiся ў цемру.
- Каго чорт нясе? - здзiвiўся бацька. Праз момант пачуўся нечы голас, якi заспакойваў сабак, i тыя, хоць яшчэ i брахалi, але ўжо не так злосна. Нехта iшоў, падыходзiў. Гэта быў М'юлi Грэйуз з насунутым на самыя вочы капелюшом.
Ён нясмела падышоў блiжэй i павiтаўся:
- Добрага ранку, людзi.
- А, М'юлi! - Памахаў бацька бядровай косткай. - Заходзь, М'юлi, частуйся свежанiнкай.
- Не, - сказаў М'юлi, - я не галодны.
- Давай, М'юлi, частуйся. Пагрызi. - Бацька ўвайшоў у кухню, вярнуўся i падаў яму цэлую жменю свiных рабрынак.
- Я не есцi вашы косткi сюды завiтаў, - сказаў М'юлi. - Iшоў мiма, прыгадаў, што вы едзеце, дай, думаю, зайду, развiтаюся.
- Хутка рушым, - сказаў бацька. - Праз гадзiну ты ўжо нас тут не знайшоў бы. Усё ўпакавана - бачыш?
- Усё ўпакавана, - М'юлi паглядзеў на нагружаную машыну. - Часам i мне хочацца паехаць, сваiх пашукаць.
Мацi сказала:
- А яны пiсалi табе з Калiфорнii?
- Не, - адказаў М'юлi. - Нiчога не пiсалi. Праўда, на пошце я не пытаўся. Калi-небудзь схаджу.
Бацька сказаў:
- Эл, пайдзi пабудзi бабку з дзедам. Скажы, каб прыйшлi паелi. Неўзабаве едзем. - I калi Эл пакрочыў да свiрна, сказаў: - А не хацеў бы ты, М'юлi, залезцi з намi на грузавiк i паехаць? Мы як-небудзь пацяснiмся.
М'юлi адкусiў мяса ад краю рабрыны i пачаў жаваць.
- Часам i мне самому здаецца, паехаў бы, - сказаў ён. - Але знаю, не паеду. Я сябе ведаю: у апошнюю хвiлiну ўцяку i затаюся, як здань на могiлках.
Умяшаўся Ной:
- Калi-небудзь памрэш проста ў полi, М'юлi.
- Сам ведаю. Ужо думаў пра гэта. Бывае вельмi тужлiва аднаму, нiштавата бывае, а бывае i зусiм добра. Ды што гаварыць! Калi вам стрэнуцца мае - я гэта прыйшоў сказаць, - калi вам хто з iх стрэнецца ў Калiфорнii, скажыце, што мне добра. Скажыце, у мяне ўсё добра. Не выдавайце iм, як я жыву. Скажыце: вось заробiць грошай i прыедзе.
- I праўда прыедзеш? - запыталася мацi.
- Не, - цiха адказаў М'юлi. - Не, не прыеду. Мушу тут заставацца. Раней, можа, i паехаў бы. А цяпер не. Я шмат што перадумаў, шмат што зразумеў. Цяпер ужо нiкуды не паеду.
Пачало крыху вiднець. Агонь лiхтароў пабляк. Вярнуўся Эл з дзедам, якi ледзь цягнуўся, накульгваючы, за iм.
- Ён не спаў, - сказаў Эл. - Сядзеў адзiн за свiрнам. З iм нешта не ў парадку.
Читать дальше