Бубель маўчаў, хадзiў па пакоi – рыпелi, як на крохкiм снезе, i пагруквалi жалезнымi падкоўкамi наваксаваныя боты.
Мiця злавiў рукамi лёгкае крэсла i, чуючы, што гудзе нейкаю пустатою галава, звiняць, як туды набралася вады, вушы, падняўся на каленi.
– Ты, брат, ягнятка, i дурное яшчэ, – Гура хустачкай выцiраў лоб, – тое самае, што, задраўшы хвосцiк, скача каля ямы. Гоп – i ўвалiўся, а вылезцi не можа.
У Мiцi яшчэ дрыжалi i падгiналiся ногi.
– Можа, цябе хто падвучыў так гаварыць? Можа, знаешся з кiм? – шырока палажыўшы локцi, Бубель прысеў за нiзкi столiк.
– Не, нi з кiм, – адвярнуўшыся, Мiця глядзеў, як за акованым жалезнымi прэнтамi акном гнала вялiкi, косы снег. На душы рабiлася холадна, па спiне бегалi мурашкi.
– Так, так, – Бубель паляпаў рукою па стале. – Ну што ж, на сёння мо даволi. Можаш iсцi. А зэшыт астанецца ў нас, для гiсторыi. Ты пiшаш не для сябе, так?
– У нас не прападзе. А ўдома скураць, сала ўкручваць будуць, – Гура зарагатаў, узяўшыся ў бокi i расставiўшы кароткiя ногi.
Мiцю здушыла нейкая пустата, што ты нават не адпомсцiш iм, гэтым двум, што цябе вось так затаўкуць, знявечаць i нiхто не ўчуе нi твайго крыку, нi болю, нi страху.
На ганку Мiцю зрабiлася лягчэй ад гэтай прэснай вiльгацi, ад снегу, што, круцячыся i мiльгаючы чорным роем, плыў з жаўтлявага каламутнага неба, ад пасiвелай калматай травы пад мiгатлiвай, як сiта, драцяной сеткай, ад белых каўпакоў на цэментовых слупках.
На другi бок вулiцы заварочвала фурманка, да колаў лiп снег, за возам аставаўся чорны след. У палукашку адно да аднаго плячмi сядзелi тыя самыя людзi, што былi ў пастарунку. Кабета з карычняватым струпам на шчацэ, накрыўшыся паласатай радзюжкай, трымала на каленях завязаную ў белую хустку падаянку.
Рыпнулi дзверы – з пастарунка высунуўся тоўсты, кароткi Гура, вочы яго хавалiся пад шырокiм, як лапата, акутым брылём.
– Пачакай, – падмятаючы на сходах доўгiм шынялём снег, ён спусцiўся з ганка i дагнаў Мiцю за драцяной сеткай. – Паслухай, што я скажу. Да нас болей не пападайся – бо заб’юць. Прападзеш, i не знайся. Ты думаеш сваiмi вершыкамi свет перавярнуць? Не такiя былi да цябе. Згiнулi ў турмах, i след прастыў. Так было спакон веку.
Мiця маўчаў, чуў толькi, як парыпвае пад нагамi крохкi свежы снег. Ад тупой злосцi балелi сцятыя скiвiцы.
Гура зашастаў сваiм доўгiм шынялём – у разрэзе з дробнымi меднымi гузiчкамi заблiшчалi высокiя заднiкi ботаў, – апярэдзiў Мiцю, не азiраючыся, яшчэ гказаў: – Падумай пра ўсё добра.
Не помнячыся, нiбы выгнаная з цёмнага хлява i перапуджаная авечка, Мiця прайшоў завулак, высунуўся на брукаваны пляц, убачыў мешанiну людзей каля яўрэйскiх крамаў, успомнiў, што сёння аўторак – у мястэчку торг, i завярнуў назад. Саромеўся папасцi каму на вочы.
Выйшаў з Дварчан – снег зрадзеў саўсiм. Паяснеў свет. На полуднi жоўкла, як плеўка на тлустым i гарачым малацэ, неба. Там нiяк не магло выбавiцца з навалы хмар сонца.
Кiс i дражджаў на дарозе снег. Пачало адлежыць. Поле абапал дарогi зрабiлася стракатым – з аднаго боку зачарнелiся тлустыя груды раллi, з другога – пучкамi лезла з-пад снегу, дрыжала на ветры рунь. Панурыўся на грудку чорны i недзе мокры лес. Крывая дарога вiлася ў лагчыну да хутара. Бялелiся стрэхi будынкаў. Бярэзiны цяпер выдавалi жоўтымi на белым снезе. Недзе, як пералiваўся, цвiркаў жаваранак. Мiця спынiўся, паслухаў – звiнела яшчэ ўсё ў правым вуху. Забiваючы дых, калола недзе ў паяснiцы. Пякло i сцягвалася гарачынёю вока – засланяючы свет, нейкая цемнаватая плеўка дрыжала перад iм. I нейкая вялiкая пустэча паднiмалася i гарэла ў Мiцевых грудзях. Яго агарнуў жаль да сябе. Няўжо праўда, што ты вось так згiнеш i нiхто не будзе ведаць, чым ты жыў, пра што думаў, што рабiў? Няўжо так было i будзе спакон веку на гэтым свеце? Няўжо Гура кажа праўду?
Дарога ўсунулася ў густы, абсыпаны снегам, нiзкi з берага хвойнiк. Запахла кiслай вiльгаццю. Гарнулася на дарогу сцiшанасць, мяшалася з гэтым нямоцным, як шастанне саломы, шумам лесу. Сыпалася раса з мокрых дрэў, дзяўбла чысты снег. Лускалi, як струкi ў гаросе, дробныя лапкi. Далей ад дарогi, у шчытнiку, цiўкала, як кiвалася, сiнiца.
Ад гэтай сцiшанасцi лесу, гэтага жаласнага цiўкання сiнiцы Мiцю агарнула гаркота, стала няведама чаму шкода сябе. Нешта даўкае, моцна, да вострага болю, сцiснула горла, на вочы набеглi слёзы, i ўсё задрыжала, закалыхалася, як у тумане. I хацелася яшчэ больш плакаць i чуць, як баляць, рэжуць ад слёз вочы. Хацелася плакаць i чуць нейкi жаль да сябе.
На цёмна-зялёных стракатых елках вецер падварушваў абвiслыя лапы; цярушачы расу, з iх спаўзаў звадзянелы снег. Вянкамi цераз дарогу гнулiся маладыя неакрэплыя бярэзiны, на тонкiх камлях ружаватасцю адсвечвала iхняя белая кара. У калдобiнах, як чай, настойвалася нерухомая вада – у ёй гнiло жоўтае дубовае лiсце.
Читать дальше