– А вам што? – зморшчыў лоб палiцыянт, падымаючы вочы на Мiцю.
– Павестка, во.
Палiцыянт узяў з Мiцевых рук жоўтую паперку, нахмурыўшыся, прабег яе вачмi i падняўся за сталом: высокi, ледзьве не дастаючы галавою да партрэта. Пайшоў да чорных, абабiтых цыратаю дзвярэй.
– Паночку, так дзе ж нам яго шукацi? – падбегла за iм кабета. – Як жа ж падаянку перадаць?
– Не ведаю, – сказаў палiцыянт, не абарочваючыся, i адчынiў абабiтыя цыратай дзверы.
– Сына во арыштавалi, – уздыхнуў мужчына. – I канцоў нiдзе не знойдзеш.
– Можа, дзе затаўклi, забiлi, таму i маўчаць, – пякучым болем на вачах у кабеты задрыжалi слёзы. – Другi раз ужо забралi. Толькi паўгода дома пабыў… Ногi не адышлi яшчэ. Гумамi на пятах мяса паадбiвалi. Скалечылi хлопца.
Мiця слухаў, не спускаючы вока з абабiтых дзвярэй. Адтуль зноў выйшаў палiцыянт, махнуў галавою, паказваючы на дзверы, трымаючы за ручку, счакаў, покуль не зойдзе Мiця, i прыгрукнуў iмi.
Мiцю заклаў грудзi горкi, удушлiвы дух тытуню. На столiку, з-пад якога блiшчаў перад наваксаванага бота, у глiнянай попельнiцы тлела цыгарэта – цягнуўся, пакалыхваючыся, шырокаю пасмаю i закручваўся кудзеркамi сiваваты дым.
За столiкам сядзеў маладжавы, далiкатны з твару, толькi з нейкiмi звераватымi вочкамi пад вострымi бровамi, старшы пастарункавы Бубель. Зачасаныя набок чарнявыя валасы блiшчалi ўкладзенымi фалдамi. Мiця яго ведаў – ён прыязджаў у Верасава, калi, дзелячы зямлю, парэзалiся Чувакi.
З боку столiка, заклаўшы нага за нагу i трымаючы на калене сiнюю фуражку, сядзеў палiцыянт Гура – тутэйшы паляк з Дварчанаў – кароткi, з тоўстаю шыяю i шырокiмi плячыма.
– Садзiся – у нагах, кажуць, праўды няма. – Гура паказаў галавою на крэсла з вялiкаю, выцiснутаю на фанерцы кветкаю. Голас у яго быў тоўсты.
Мiця сеў, аглядаючы невялiчкi пакойчык з адным, забiтым жалезнымi прэнтамi, акном, з вялiкiм, як шафа, сейфам у кутку, з точанаю драўлянаю вешалкаю, на якой вiсеў шынель i шапка з доўгiм, акутым на канце брылём. З пакоя выходзiлi яшчэ адны дзверы.
– Значы, Корсак? – нагнуўшы голаў, Бубель неяк далiкатна прытаптаў свой кучаравы чубок.
– Ага, – сказаў Мiця, узiраючыся на яго белыя з ружаватымi пазногцямi рукi.
Бубель адхiлiўся ад стала, выцягнуў да палавiны сярэднюю шуфлядку i дастаў сiнi тоўсты сшытак – Мiця пазнаў, што сшытак быў яго – на вокладцы вялiкiмi лiтарамi выведзена: «вершы». Тут было ўсё, што складаў за апошнiя два гады.
– Значы, бавiмся вершыкамi? – Бубель суха папляваў на пальцы, перагарнуў сшытак – там Мiця ўбачыў нейкiя чырвоныя крэскi.
Выцягнуўшы шыю, Гура таксама заглянуў у сшытак, потым падняў чорныя, што зраслiся на пераноссi, бровы:
– Па-расiйску пiшаш?
– Не, па-беларуску, – сказаў Бубель, хмыкаючы i адкрываючы неяк з аднаго боку рот – там блiшчаў верхнi залаты зуб.
– А-а, – Гура пацягнуў рукою па шорсткай, мусiць, з учарашняе ранiцы не голенай шчацэ. – Гэта з тых, што Беларусь шукаюць.
– А нашто яе шукаць, яна пад нагамi, – Мiця спадылба цiкаваў на Гуру.
– I праўда, што пад нагамi, бо наверсе не была i не будзе, не, – заплюшчыўшы вочы, Гура пакруцiў галавою. – Пастарунак будзем саломаю крыць. Бiрачкi з венiкаў выразацьмем. – Гура пацягнуў за медны на мундзiры гузiк: – Бо з чаго iх зробiш – медзi няма…
– А пастарункаў, можа, i не будзе…
Гура разявiўся i задраў голаў. Мiця ўбачыў, як зграблася, нiбы лiст лопуху на агнi, яго шырокая тоўстая рука. I раптам учуў удар – кароткi i пякучы, нiбы ткнулi ў вока гарачым асмалкам. Гэта бiў Бубель – тою белаю рукою з ружовымi пазногцямi. Мiця адхiснуўся, але ўдарылi з другога боку – у вуху глуха зазвiнела, як што адарвалася. Ён учуў, што падае разам з крэслам, што б’юць ужо нагамi ў жывот – там востра аддаецца боль.
Мiця скурчыўся, уткнуўся лобам у каленi, закрываючыся рукамi, хаваў голаў.
Вострыя жалезныя падкоўкi секлi па спiне, пападалi ў патылiцу, зноў, нiбы каменем, смальнулi ў вуха.
Як кавальскi мех, соп i чырванеў ад натугi Гура, i папраўляў, прытоптваючы рукою свой змакрэлы чубок, Бубель. Бiлi абодва сваiмi цяжкiмi акутымi ботамi.
«Заб’юць, знявечаць… Усё, капец, не вытрываю», – халоднаю вадою аблiў Мiцю страх. I ён заенчыў. Крычаў, не помнячы што. Нават не ўбачыў, што перасталi бiць. Чуў, што рэжа, як касою, жывот, што боль доўгiм тупым цвiком сядзiць у галаве; працiнае бок, шчымяць i заходзяцца рукi, аблiваецца гарачынёю вока.
Цяжка паварушыцца, адплюшчыць вочы. Усё кружыцца i плыве, як у п’янага. I, як п’янага, пачынае ванiтаваць.
– Можа, вылежаўся, можа, досiць? – засоп, аддыхваючыся, Гура. – Во, толькi рукi вывадзгаў у смаркачы. Цьфу ты! Слабец, нацiна. А яшчэ хвост падымае. Пiсар знайшоўся… Вершыкi… Ты, брат, дзесятаму закажаш.
Читать дальше