А час ішоў. Цяпер усё выглядала яшчэ больш безнадзейным, чым напачатку. Корзун так і сказаў падпалкоўніку, калі прыйшоў на чарговы даклад. Той папракнуў:
— Хутка ты здаўся, лейтэнант. Ці, можа, забыўся, што цярпенне — твая самая моцная зброя?
— Мне не часу шкада, — не пагадзіўся Корзун, — баюся, што мая падазронасць на сумленнага чалавека цень кіне.
— Ну, гэта ад цябе залежыць. Зрэшты, у адным ты, бадай, маеш рацыю. Важдаемся доўга. Таму давай паспрабуем падштурхнуць падзеі.
— Якім чынам? — не зразумеў лейтэнант.
— Папросім старшыню райспажыўсаюза выступіць у газеце. Хай раскажа пра растраты, выяўленыя ў магазінах. І Сяркову ўспомніць, не надта крытычна, а як сам факт: у час выручку не здала. Раптам той, хто сцягнуў грошы і пакуль тоіцца, асмялее.
— А калі асмялеў ужо, да нас?
— Думаеш на Буевіча?
— Не хачу, ды…
— Вось і не трэба, — перабіў Шарай.
— Усё роўна высветлю, за якія грошы матацыкл куплены, — упарта сказаў Корзун.
А сын Буевіча, як на тое, на асцярожнае пытанне сакратара камсамольскага камітэта завода, які пытаў у яго па просьбе Корзуна пра матацыкл, пажартаваў: «На хлебе ды на вадзе сядзеў, па капейцы збіраў».
Якая ні была непрыемная для Корзуна сама гэта думка, ён усё больш разумеў, што рана ці позна, а прыйдзецца зноў сустрэцца з Буевічам.
Тым часам у газеце з'явіўся артыкул, аб якім гаварыў падпалкоўнік Шарай. Прайшло яшчэ некалькі дзён. І ўсё безвынікова. Корзун ужо быў сабраўся да Буевіча, як нечакана пазванілі з банка. У грошах, якія здаў універмаг, знайшлі соценную купюру са слядамі сцёртага надпісу. Узрадаваны, Корзун заспяшаўся да начальніка, але таго не было на месцы. Давялося самому прымаць рашэнне.
Дырэктар універмага, якога Корзун папрасіў выклікаць да яго касіраў, здзівіўся, але, ні аб чым не пытаючы, выканаў просьбу. Жанчыны адна за адной заходзілі ў кабінет. Ніхто з іх не запомніў пакупніка з соценнай купюрай. Гэта было тым больш дзіўна, што, як паведамілі з банка, яна была ў той дзень адзіная ў выручцы. Касіры звычайна такія рэчы не прапускаюць. Значыць, або не хочуць сказаць, або… яны сапраўды не бачылі гэтай купюры.
— Вось-вось, — падліў масла ў агонь дырэктар універмага, — самі пераканаліся, ніхто не ведае.
— А мы гэта зараз праверым, — зірнуў на яго лейтэнант і звярнуўся да маладзіцы, якую выклікалі апошняй: — А што вы нам скажаце?
— Што гэта вы за нас узяліся, таварыш лейтэнант? — за жартаўлівым пытаннем жанчыны адчувалася хваляванне.
Корзун быў з ёю крыху знаёмы, ведаў, што яна працуе ў трыкатажнай секцыі нядаўна, яе перавялі сюды з кніжнага магазіна, дзе яна зарэкамендавала сябе з найлепшага боку. І ўсё-такі, нічога не тлумачачы, спытаўся пра купюру. Яна не ведала. Тады ён пацікавіўся:
— Вы ўчора не пакідалі работу?
— А што здарылася? — яшчэ больш занепакоілася яна.
— Значыць, пакідалі?
— Так, але мне Іван Сцяпанавіч дазволіў,— касірка павярнулася да дырэктара, чакаючы падтрымкі.— Сына трэба было забраць з садзіка. Заўсёды муж забіраў, а ўчора на раёне затрымаўся…
— Хто вас замяняў? — нецярпліва перапыніў яе Корзун.
— Валя… Хруцкая. У нас усё роўна хто замяняе, у нас брыгадная адказнасць.
— Ды я не ў прэтэнзіі,— засмяяўся Корзун, — дзякуй вам і даруйце, што патрывожыў.— У яго быў добры настрой, яму здавалася, што ён, нарэшце, выйшаў на след.
— Што яны там натварылі? — спытаў дырэктар.
— Нічога такога, што мела б дачыненне зараз да вашага універмага, — супакоіў яго Корзун. Ён не хацеў дачасна прыцягваць увагу да той купюры.
Неўзабаве Корзун стаяў перад Шараем.
— Таварыш падпалкоўнік, я ведаю, хто ўкраў грошы. Дазвольце выклікаць Хруцкую.
Падпалкоўнік паглядзеў на лейтэнанта з цікавасцю, спытаў:
— Што яна павінна табе расказаць?
— Купюру яна мяняла, а даў яе Валюжэніч.
— Чым дакажаш?
— Надпісам… Імёнамі дзяцей Лісавых.
— Каця, Зіна, Мішка? Ай, лейтэнант, лейтэнант… На той купюры, што ў банку, напісана: «539 рублёў». Экспертыза ўстанавіла.
— Але ж яе, напэўна, мяняў Валюжэніч.
— А калі і так? Ці гэта крымінал? І, наогул, мы з гэтымі надпісамі ледзь самі не заблыталіся. Не было іх, лейтэнант, не было.
— Як гэта? Мне Сяркова сама казала. І на пошце я пытаўся, яна званіла.
— Правільна, званіла. Раней, з іншай прычыны…
— Таварыш падпалкоўнік, — неспадзяваны ход Сярковай так уразіў Корзуна, што ён нават не заўважыў, як перабіў старэйшага. — Выходзіць, яна сама?
— Бачыш, твая версія мела сэнс і патрабавала праверкі. Я спачатку яе таксама прыняў. А пасля мяне насцярожыла адна акалічнасць. Чаму, думаю, Сяркова не захацела пабачыцца са сваім каханым? Раней жа, каб сустрэцца, за любую нагоду хапалася. А тут пасылаюць, а яна адмаўляецца. Між тым, з жаніхом яны рассталіся добра, і пра Хруцкую нічога яшчэ не ведае. Застаецца адно — чамусьці ўзлавалася. І я падумаў, ці не пачала яна, прыкінуўшы ўсё ў галаве, падазраваць яго? Гэта здалося неверагодным: абараняць жаніха перад табою і ў той жа час называць прыкметы, якія могуць дапамагчы злавіць яго, калі ён злодзей. І тады я падумаў: а калі гэта з яе боку хітры ход, каб адвесці небяспеку ад жаніха? Ты быў заняты сваёй версіяй, і я вырашыў успомніць старое. Сам паехаў у Клін. Не да Сярковай, ад яе нічога пакуль што не даб'ешся, хоць, вядома, сустрэцца з ёй прыйдзецца. Даведаўшыся, што яна схлусіла пра пошту, я пабываў у Лісавых. Так стала вядома, што на грошах ніякіх паметак не было. Вывад напрошваўся адзіны: варта пацікавіцца тым, каго хочуць выгарадзіць. Далейшая распрацоўка версіі дала новыя матэрыялы. Аказалася, што і Валюжэніч у тыя дні пабываў у абласным цэнтры. Браў адпачынак за свой кошт, нібыта па сямейных абставінах. Ніякімі сямейнымі справамі ён там не займаўся. Па нашай просьбе з яго ў горадзе вачэй не спускалі. Паблукаў па вуліцах, набыў у некалькіх ашчадных касах семдзесят дваццацірублёвых аблігацый трохпрацэнтнай пазыкі, паабедаў у рэстаране і ўночы вярнуўся дадому.
Читать дальше