У гэты час памерла стрыечная сястра капітана Гранта, і двое дзяцей апынуліся адны, не маючы ні аднаго блізкага чалавека на гэтай зямлі.
Мэры Грант, якой у той час было чатырнаццаць гадоў, не спалохалася няшчасця, што звалілася на яе, і мужна ўзяла на сябе клопаты аб браце. За кошт суровай эканоміі і нястач, напружваючы ўсе сілы свайго розуму і цела, працуючы дзень і ноч, адмаўляючы сабе ва ўсім дзеля брата, яна здолела выхаваць яго і замяніць яму маці.
Сіроты жылі ў Дэндзі, змагаючыся з нястачамі. У Мэры былі толькі адны мары,— пра шчаслівую будучыню свайго брата.
Яна не сумнявалася ў тым, што «Брытанія» загінула, а разам з ёй і бацька. Лёгка ўявіць, з якім хваляваннем прачытала яна выпадкова трапіўшую ёй у рукі заметку ў «Таймсе», якая аднавіла страчаную надзею.
Не вагаючыся ні хвіліны, яна адразу рашыла ехаць у Малькольм-Кэстль. Нават калі яна даведаецца, што цела капітана Гранта знойдзена на бязлюдным беразе сярод абломкаў «Брытаніі»,— гэта лепш, чым пакутная невядомасць, чым вечнае мучэнне ад сумненняў. Яна ўсё расказала Роберту. У той-жа дзень дзеці селі на поезд, які ішоў у Перт, і вечарам прыехалі ў Малькольм-Кэстль. Тут пасля многіх дзён гора і адчаю Мэры зноў займела надзею.
Вось жаласлівая гісторыя, якую Мэры Грант расказвала Элен Гленарван. Дзяўчына гаварыла з вялікай шчырасцю і скромнасцю, зусім не ўяўляючы, што яе паводзіны ў гэтыя доўгія гады пакут былі сапраўды гераічнымі. Але Элен была расчулена да глыбіні душы і шмат разоў у час расказа, не тоячы слёз, абнімала абодвух дзяцей капітана Гранта.
Роберт глядзеў на сястру шырока адкрытымі вачыма. Здавалася, ён слухаў гэту гісторыю ўпершыню ў жыцці і толькі цяпер зразумеў, што зрабіла для яго Мэры, што яна выцерпела праз яго.
Абняўшы яе за шыю, ён раптам закрычаў:
— Мамачка! Мілая мая мамачка!
Крык гэты вырваўся з самай глыбіні яго сэрца.
У час гэтай гутаркі непрыкметна настала ноч. Падумаўшы пра тое, што дзеці павінны былі стаміцца ў дарозе, Элен загадала завесці іх у падрыхтаваныя для іх пакоі. Мэры і Роберт адразу заснулі, і абодва бачылі прыемныя сны.
Пасля іх выхаду Элен запрасіла да сябе Мак-Набса і коратка расказала яму ўсе падзеі гэтага вечара.
— Якая слаўная дзяўчына гэта Мэры Грант! — сказаў маёр, праслухаўшы расказ стрыечнай сястры.
— Будзем спадзявацца, што мужу ўдасца мець поспех у Лондане,— адказала Элен,— інакш становішча гэтых двух дзяцей будзе сапраўды вельмі цяжкім!
— Ён даб’ецца свайго,— сказаў Мак-Набс,— калі толькі ў лордаў адміралцейства сэрцы не цвярдзей за партландскі цэмент.
Не гледзячы на гэта запэўненне, Элен праз усю ноч не самкнула вачэй, апанаваная вялікім неспакоем.
На другі дзень, прачнуўшыся досвіткам, калі Мэры Грант і яе брат гулялі па дварэ Малькольм-Кэстля, раптам пачуўся шум экіпажа, які імчаўся на ўвесь дух. Гэта была каляска Гленарвана, які ехаў з чыгуначнай станцыі. Не паспеў Гленарван злезці з каляскі, як з парадных дзвярэй вышлі яму насустрач Элен і маёр. Маладая жанчына кінулася ў абдымкі мужа. Той моцна прытуліў яе, але нічога не сказаў. Ён здаваўся сумным, расчараваным і раздражненым.
— Ну, што, Эдуард? — запытала Элен.
— Кепска, дарагая,— адказаў Гленарван. — Гэтыя людзі без сэрца?..
— Адмовілі?..
— Так, яны адмовіліся паслаць судно! Яны нешта гаварылі пра мільёны, дарэмна выкінутыя на пошукі Франкліна, сцвярджалі, што знойдзеныя намі дакументы няясныя і маё тлумачэнне непераканаўчае, а калі яно нават і правільнае, дык гэтыя даныя адносяцца к даўняму часу, што за мінулыя два гады індзейцы, напэўна, даўно ўжо завялі сваіх палонных у глыб краіны, і ўрэшце немажліва перакапаць усю Патагонію з-за трох чалавек, ды к таму-ж шатландцаў! Гэтыя пошукі будуць небяспечнымі, не дадуць вынікаў і забяруць болей афяр, чым выратуюць людзей! Адным словам, яны выказалі ўсе магчымыя і немагчымыя пярэчанні, абы толькі апраўдаць тое, што не жадаюць дапамагчы. Прычыны гэтага адмаўлення я добра разумею: яны не забыліся, што капітан Грант змагар за незалежнасць Шатландыі. Цяпер няшчасны зусім загінуў!
— Тата, бедны тата! — закрычала Мэры Грант, падаючы на калені перад Гленарванам.
— Ваш бацька, міс?.. — перапытаў той, здзіўлена гледзячы на дзяўчыну каля сваіх ног.
— Так, Эдуард, гэта міс Мэры Грант і яе брат Роберт, дзеці капітана Гранта, якіх адміралцейства хоча зрабіць сіротамі капітана Гранта...
— Ах, міс,— сказаў Гленарван, падымаючы дзяўчыну з зямлі,— каб я ведаў пра вашу прысутнасць...
Читать дальше