— Іх у мяне няма, дзіця маё,— адказала Элен.
— Вы згубілі іх?
— Не. Мой муж павёз іх у Лондан — гэтага патрабавалі інтарэсы вашага бацькі; але я вам пераказала іх змест слова ў слова. Павінна толькі сказаць, што, на няшчасце, вада знішчыла большую частку слоў, не пашкадавала і ўказання даўгаты месца крушэння...
— Абыйдземся без яе! — усклікнуў Роберт.
— Безумоўна, мой хлопчык,— адказала Элен, усміхаючыся з яго рашучага тону. — Ітак, вы бачыце, міс Грант, што цяпер змест дакументаў вядомы вам ва ўсіх дэталях, у такой-жа ступені, як і мне самой...
— Зусім правільна, пані, але... мне хацелася-б бачыць почырк бацькі.
— Ну, што-ж, напэўна, мой муж заўтра вернецца. Гленарван узяў з сабой гэтыя дакументы, каб, падаўшы іх лордам адміралцейства, дабіцца неадкладнай пасылкі судна на пошукі капітана Гранта,
— Ці магчыма гэта? — запытала маладая дзяўчына. — Няўжо вы зрабілі гэта для нас?
— Так, дарагая мая, і я штохвілінна чакаю адказу ад Гленарвана.
— Пані,— з дрыжаннем у голасе сказала міс Грант,— у мяне няма слоў для таго, каб выказаць сваю падзяку вам і містэру Гленарвану!
— Дзіця маё,—адказала Элен,— мы не заслужылі вашай падзякі; усякі іншы зрабіў-бы на нашым месцы тое-ж самае. Абы толькі прадбачаная надзея выратавання не аказалася дарэмнай... Зразумела, да прыезду мужа вы застанецеся тут.
— Пані, я не магу злоўжываць вашай дабратой... Мы-ж вам зусім чужыя...
— Чужыя? — перапыніла яе Элен. — Ні вы, ні ваш брат не чужыя ў гэтым доме! Застаньцеся, я хачу, каб пасля прыезду Гленарван адразу мог расказаць дзецям капітана Гранта, якія прыняты захады для выратавання іх бацькі!
Нельга было адмовіцца ад такога ласкавага запрашэння, і Мэры Грант з удзячнасцю згадзілася астацца.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ
Прапанова Элен Гленарван
Элен нічога не сказала дзецям капітана Гранта аб тым, як лорды адміралцейства сустрэлі хадайніцтва Гленарвана. Яна таксама ні словам не намякнула, што капітан Грант трапіў у палон да паўднёва-амерыканскіх індзейцаў. Нашто было засмучаць небаракаў-дзяцей і зацямняць толькі што ўспыхнуўшую іскру надзеі зноў сустрэцца з бацькам? Ведаючы, што гэта не дало-б ніякай карысці, Элен змоўчала пра ўсё гэта. Адказаўшы на распытванні Мэры Грант, Элен Гленарван у сваю чаргу пачала распытвацца ў маладой дзяўчыны пра яе жыццё і становішча на гэтым свеце, дзе яна, як відаць, была адзінай заступніцай малога брата.
Чуллівы і шчыры расказ Мэры Грант яшчэ болей павялічыў сімпатыю, якую яна ўнушыла пасля першай сустрэчы.
Мэры і Роберт былі адзінымі дзецьмі ў капітана Гранта. Гары Грант страціў жонку ад нараджэння Роберта і ў часе сваіх доўгіх адлучак пакідаў дзяцей пад наглядам сваёй добрай старой стрыечнай сястры. Капітан Грант быў смелым мараком, які надзвычай добра ведаў сваю справу. Ураджэнец і сталы жыхар горада Дэндзі ў графстве Перт, ён быў карэнным шатландцам. Бацька яго, надзвычай адукаваны чалавек, даў яму закончаную класічную асвету, лічачы, што веды нікому не пашкодзяць, нават капітану дальняга плавання.
Першыя дальнія плаванні, спачатку ў якасці памочніка, а пасля ў якасці шкіпера, сцвердзілі яго рэпутацыю выдатнага марака, і к моманту нараджэння Роберта Гары Грант ужо меў сякія-такія зберажэнні.
У гэты час яму прышла ў галаву смелая думка, якая зрабіла яго папулярным у Шатландыі. Як Гленарваны і рад іншых шатландскіх сямействаў, Грант лічыў Англію прыгнятальніцай Шатландыі. Інтарэсы Шатландыі, на яго думку, не супадалі з інтарэсамі Вялікабрытаніі, і ён рашыў стварыць вялікую шатландскую калонію на якім-небудзь з акіянскіх астравоў. Можа ён марыў, што ў адзін выдатны дзень гэта калонія — па прыкладу Паўночна-амерыканскіх злучаных штатаў—даб’ецца незалежнасці, той незалежнасці, якую немінуча рана ці позна заваююць Індыя і Аўстралія? Магчыма, што марыў. Магчыма нават, што ён расказаў каму-небудзь пра свае таемныя надзеі. Таму нядзіўна, што англійскі ўрад адмовіўся садзейнічаць ажыццяўленню яго планаў. Болей таго, ён ставіў капітану Гранту такія перашкоды, якія ў іншай краіне загубілі-б смельчака.
Але Гары Грант не здаваўся. Ён звярнуўся з адозвай да сваіх адназемцаў, пабудаваў, выдаткаваўшы ўсе свае сродкі, карабль і, падабраўшы каманду з сваіх аднадумцаў, накіраваўся на даследаванне буйных ціхаакіянскіх астравоў. Дзяцей ён пакінуў пад наглядам стрыечнай сястры. Гэта было ў 1861 годзе. На працягу наступнага года, да мая 1862 года, ад яго рэгулярна прыходзілі весткі, але пасля адплыцця з Кальяо, у чэрвені 1862 года, ніхто нічога не чуў больш пра «Брытанію», і «Гандлёвая і мораходная газета» не магла больш паведаміць ні аднаго слова пра яго лёс.
Читать дальше