- Ну, а ты куды б параіў, шалапут?
- Заганіце унь у той пад'езд. Хадзем, я пакажу.
І паказаў. Шафёру ідэя нечакана спадабалася.
- Гэта ж вузкі пад'езд, - перакокваў Фінеес. - Ён на рамізнікаў разлічаны. Дом жа ж стары. То калі вы заедзеце - ніхто ж нават дзверцы да вас не здолее адчыніць, каб вас украсці. І машына не наедзе. І нічога.
Вадзіцель згадзіўся. Загнаў машыну ў пад'езд, нібы коркам бутэльку заторкнуў, і заваліўся дрыхнуць. Тады мы прыцягнулі некалькі скрынак і запхнулі іх пад грузавік. Тыл быў забяспечаны.
Мы не ведалі, чаму гэта Ролік знікаў гадзіны на дзвв сярод белага дня, але мы бачылі: ён хвалюецца. І за сябе, і за нас.
Сонца ўжо схілілася нізка, і вокны дамоў гарэлі вадкім аранжавым ззяннем, калі на вяршыні грады з'явіўся вораг. Цэлы ланцуг прыдуркаў і лэйбусаў з галоўным прыдуркам і фашыстам на чале.
Наша кампанія грэбавала біцца іначай чым "на кулачкі". І, акрамя ўсяго іншага, мы пагарджалі "падвальнымі" за тое, што яны заўсёды, нават зараз, ішлі ў бойку "ўзброенымі". Вось "карабіны", зручныя ў якасці доўбні, кіі, унь у аднаго лук, а ў другога прашча. Гэтак жа і галовы папрабіваць можна, вельмі проста.
І тут нас зноў здзівіў Ролік. Пайшоў перад нашым строем, раздаючы кожнаму па пяць скрутачкаў, з якіх стырчалі канцы шнуркоў.
- Калі выгарыць тое, што надумалі, і іхні строй расстроіцца, па майму сігналу торгайце за шнурок і кідайце ім проста пад ногі.
- Гэта што? - спытаў я.
- Гэта пад час тактычных заняткаў ужываць. Называецца "выбухпакет".
- Дзе ўзяў?
- На яўбазе ў таго гандляра выменяў сёння. Гадзіну таргаваўся, гад.
- Што аддаў? Раланд маўчаў.
- Няўжо "Цэйса" свайго?
- Не, хлопцы, бінокль нам спатрэбіцца. Ён у гарах - першы сябар, - і ўздыхнуў. - Шаблю аддаў.
Мы ахнулі. Гэта быў скарб, якім ганарыліся ўсе мы, хаця належаў ён Раланду. Нямецкая парадная шабля. Танюткая, у чорных лакіраваных ножнах, тупая, лёгенькая, з "залатым" эфесам. Нейкі афіцэр салютаваў ёю на парадах, магчыма.
- Адолець трэба, - сказаў Ролік і ўспыхнуў. - Ды чаго, як на хаўтурах? Парадная яна. Цацка. У паходзе яна нам - ну, ні да чаго. Тупая, адных жаб рэзаць. І потым, вы ж бачылі на эфесе круг, а ў крузе арол на свастыцы. На якога д'ябла нам іхні арол? Ды яшчэ на фашысцкім знаку?
Гэта сапраўды крыху мяняла справу. Ва ўсякім разе, мы зрабілі выгляд, што нам не шкада.
А ланцуг стаяў на ўзгорку і чакаў.
- Значыць так, - сказаў Ролік. - Б'ёмся амаль усур'ёз, бо іначай не павераць, не завабім. А пасля падамося назад. А пасля ўцякаць.
Мы глядзелі на тых, на градзе. Чатырнаццаць чалавек. Два на аднаго. Але горш было тое, што некаторых хлопцаў з Падвальнай не было. Замест іх былі ландскнехты і подлыя найміты з Пірагоўскай. Значыць, мы мелі рацыю і частка іхняга атрада была засланая нам у тыл.
А тыя, на градзе пачалі нас свалачыць.
- Гэй вы, калі здрэйфілі - бяжыце па хатах. А то здавайцеся. Тады адхвошчам крыху крапівой, дый канцы.
Мы маўчалі. Мы проста ішлі па схіле ўгору. Зрэдку даводзілася адскокваць ад каменя, пушчанага з прашчы. І гэта яшчэ больш распаляла нашу ярасць. Быдла паршывае! Камянямі!
- Ідзіце-ідзіце, - яны наперабой надасканальваліся ў сінонімах. - Мы вас адлупцуем. Узгрэем! Адвозім! Накладзём! Аддубасім! Гарачых усыпем!
Маўчанне ў адказ. Мы проста не спешна падымаліся на касагор. Тыя таксама чакалі. І праз хвіліну мы зразумелі, чаго. Загрукаталі за нашымі спінамі, у пад'ездзе, скрынкі, і тут жа раздаўся львіны рык разбуджанага шафёра:
- А?! Гэта вы чаго тут, мазурыкі? Вось я вам. Ах, злодзеі! Ну, чакайце! Вушы зараз вам абарву, - і адразу за лаянкай гук матора: шафёр даваў задні ход, каб мець змогу вылезці і абарваць вушы.
Я ўсміхнуўся, уявіўшы, як яны драпанулі. Нічога, болей не палезуць. Не захочуць звязвацца з дарослым. Шафёр прыкрыў наш тыл. А пакуль яны аббягуць вялізны, на ўсю вулачку, квартал, каб прыяднацца да гэтых,- шмат што можа адбыцца.
Гэта, відаць, зразумелі і тыя. Зразумелі, што чакаць цяпер няма чаго. І з дзікім згэлкам і лямантам павалілі на нас.
Праз пару імгненняў два ланцугі перайшлі ўрукапашную. Шчыра кажучы, у некалькі гзтых хвілін нам давялося кепска. Яны, праўда, ужо не кідалі камянёў, баючыся трапіць у сваіх, але кулакамі і кіямі дзейнічалі як маглі. І шмат іх было, вельмі шмат, як на нас. Занадта.
Усё круцілася ў вачах. Як у тумане, як на гіганцкай каруселі, мільгалі твары, ногі, кулакі. Вішчала, кусалася і брыкала нагамі Нонка, якую два ворагі цягнулі ў палон, але не маглі адцягнуць і на пяць крокаў ад месца бойкі. Раланд схапіўся з Гнатам і двума ягонымі целаахоўнікамі. Тыя саплі, хрыпелі і лаяліся, імкнучыся дарвацца. А гэты маўчаў, бярог дыханне і толькі з'едліва ўсміхаўся праз распухлыя вусны.
Читать дальше