- Вы, вядома, ведаеце, што нас высялялі, - глуха сказаў Карл. - Асцярога такая была, што вось Гітлер прыйдзе - і тут мы да яго ўсёй хеўрай перакінемся. А што нам было, большасці нашых, у гэтым аўстрыйскім недавучку-пэцкалі? У нас радзіма была. Іншая радзіма. Наша... Вязуць нас параходам...
- Чакай, - перабіў я. - Які параход! Не "Пугачоў"?
- Ён самы. А-а ты чаго?
- Так, нічога, кажы далей.
- А ўва мне злосць кіпіць. І вырашыў я: уцяку. Я не кацяня, каб мяне без дай прычыны куды хочаш можна везці. Я ім давяду. За ўсіх сумленных нашых, што ані сном, ані духам...
Мне пашанцавала. Уцёк. Фронт на трыбусе перапоўз, бо з нашага боку мне небяспечна было. Партызанаў знайшоў. І тыя ўзялі. Прозвішча нейтральнае, а месца нараджэння і прозвішча маці я вадой заліў ды пальцам расцёр. Дурань быў. Пасля ўсё адно расказаў, але тады, пакуль не давёў - нельга было.
...Я адчуў, што Карл варушыцца. Пасля ён надоўга змоўкнуў. А потым сказаў глуха:
- Ну, ты мне важлівае сказаў. Як пляму з усяго вартага сцёр. А то я ўсё тыя стрэлы забыць не мог.
- Агонь згас, - сказаў Фінеес. - Подаўна ўжо.
...Свіст наш аддаўся ў пустым двары. Пасля на трэцім паверсе бязгучна адчыніліся балконныя дзверы. Цень слізгануў па карнізе, і амаль адразу да нас данеслася ржавае крактанне рыны.
- Ну як? - Ролік адвязаў хатулёк, што вісеў на шыі
- Знялі пост. Дзве гадзіны таму.
- Дабрэча! Ну, мы ім пакажам пільнасць.
Узяўшы з-за памыйкі рыдлёўкі і лом, мы рушылі да месца дыверсіі, ломячы сухі бур'ян.
...Штаб-пячора была сапраўды на нашай палове схілу, прынамсі, мы так лічылі. Галоўнае, ніхто з нашых не бачыў, як і калі яны яе выкапалі: мабыць, тыя сачылі, калі нікога ў двары няма, пясок адносілі некуды далей, можа, працавалі начамі.
Што праўда, адтуліна-ўваход вышынёю ў палову метра была за адрожкам узгорка і хавалася ў дрымучым нечапаным пустазеллі - хітрыя чэрці! - так што ў трох метрах прайдзі і не заўважыш. Адкрылі яе хлопцы выпадкова і толькі таму, што "падвальныя" перамудрылі: надумалі ставіць непадалёк вартавога, які датуль стырчаў у нас на вачах, аж пакуль хлопцы не зацікавіліся гэтай акалічнасцю.
Мы ўпаўзлі ў пячору на жываце, і толькі там Карл запаліў нямецкі ліхтарык. Добры быў ліхтарык, з чырвоным і зялёнымі шкельцамі. Пры жаданні можна было пасылаць святло барвянае ці смарагдавае.
Пячора была досыць вялікая: метры тры на тры і вышынёю каля двух метраў. Столь умацаваная крапежам: аполкі, падпёртыя слупамі. Бярвенцы-лаўкі і стол-скрынка. У куце драўляныя карабіны, два самапалы і дзве нямецкія патронныя бляшанкі: адна сапраўды з патронамі, а другая з "макаронамі", нямецкім порахам.
- Угм, - сказаў Раланд. - Бач ты, да чаго яны ўжо дакаціліся. Самапалы ў ход пускаць думаюць. Гэта ж не сумленная бойка, не кулакі. Гэтак жа і вочы выпаліць чалавеку можна.
На сценцы вісеў груба намаляваны план нашага двара і самаробны плакат. На плане былі тры стралы, накіраваныя ў бок нашых дамоў і ніжняга двара. Стрэлы вялі праз памыйкі, штабелі дошак, дахі дрывотняў.
- План разраблялі, гады, - сказаў Карл.
На плакаце былі намаляваныя мы. Вядома, у пачварным выглядзе, так што здагадацца аб тым, хто ёсць хто, можна было толькі па вопратцы і па надпісах пад нагамі кожнай фігуры.
"Падлягаюць адплаце за злачынствы супраць мірных дзяржаў: Падвальнай, Пірагоўскай, Чкалава і іншых. Пасля немінучай перамогі будуць несці адказ перад народам. Крывавы дыктатар Раланд Дзмітрэнка - акунанне ў бочку для дажджавой вады (на задворках, за дрывотнямі) да непрытомнага стану з паследуючым выцверажэннем пры дапамозе хвастання крапівою і забаронаю на векі вечныя хадзіць вышэйпамянёнымі вуліцамі (якія складаюць неад'емную частку нашай дзяржавы), нават калі пашлюць за газай".
"Нямецка-фашысцкая морда Карл..." Далей ішлі пакаранні ўсім нам. Мне "суд народаў" прысудзіў туга напхаць крапівы ў порткі і звязаць рукі, каб не вызваліўся ад яе, аж пакуль не дабягу да людзей.
Ніжэй гэтых фігурак ішоў буйны надпіс:
"Наша справа справядлівая - перамога будзе за намі! Раздушым ніжнедворскую гадзіну ў яе ўласным бярлогу!"
- Бачылі? - спытаў Ролік.
Бледны як палатніна Карл здзёр са сценкі абодва аркушы. Скамячыў.
- Ну, гадаўё. Я ім "нямецка-фашысцкую морду" пакажу. Бач ты, што яны нам рыхтавалі. Сутаргава зглынуў нешта:
- Я, хлопцы, раней і не хацеў. Што, думаю, - дзіцячыя гульні! Недагулялі дзецьмі, то... Але думаў: несур'ёзная гэта справа. Кожны з нас пекла прайшоў. Але цяпер буду біць іх. Усур'ёз. Таму што дай такой свалоце волю... Гэта ж капо растуць, паліцаі пры зручным выпадку, дзярмо.
Читать дальше