Але Сабіна Аляксандраўна чамусьці згубіла ўсю цікавасць да Берасневіча, якую яна дагэтуль, таксама невядома чаму, выказвала. Відаць, што толькі з далікатнасці яна паставіла апошняе пытанне:
- Што ж пасля універсітэта?
- Не ведаю.
Але тут сунуў свае тры грошы Янка:
- Яго мяркуюць пакінуць пры кафедры.
- Ян! - з дакорам сказаў Уладзiслаў.
Але Янку нялёгка было спыніць.
- Што ж, для аспiрантуры ў яго галава добрая.
Вочы маці раптам пацяплелі, хоць гэтага амаль нельга было заўважыць (і на самай справе, не заўважыў ніхто).
- Ну сядайце, сядайце ж поруч. Вы курыце? Курыце. Бадай што, і я з вамі закуру.
У тонкай смуглай руцэ яе з'явілася пахітоска, паплыў сіняваты дымок.
- Вы адкуль родам?
Берасневіч адказаў.
- Так, добра ведаю, - задумліва сказала яна. - Ціхі гарадок. Цудоўныя саматужнікі калісьці жылі. Даўно я адарвалася ад сапраўднай, правінцыяльнай Беларусі, ад радзімы. А часам так і цягне туды, асабліва калі горад абрыдне. А Грына вы любіце? Вельмі? Я так і ведала. У вас вочы такія. Я была з гэтым пісьменнікам добра знаёмая. Надзвычайнай душэўнай прыгажосці быў чалавек.
- Прабачце, - нясмела спытаў Берасневіч. - Мне здаецца, што я вас бачыў недзе, толькі... не ў жыцці.
- О, акультныя размовы. Дзе ж вы маглі мяне бачыць?
- Мне здаецца... мне здаецца, што на экране. Быў нейкi яшчэ нямы фiльм, на лекцыi ў iнстытуце кiнематаграфii.
Сабіна Аляксандраўна засмяялася.
- Гэта справы дзён мінулых. Я і сапраўды была калісьці артысткай. Але паслухайце і вы камплімент. Мне таксама здалося, што я недзе вас бачыла... год трыццаць таму.
- О не, - сказаў Берасневіч. - На жаль, я не мог завязаць такога прыемнага знаёмства ў тыя дні. Мне дваццаць два гады.
- Я ведаю. Вы проста трошкі падобны на Ясеніна.
- Калі б вы нават жадалі зрабіць мне камплімент, дык лепшага не маглі б прыдумаць.
- Вы і яго любіце? Ён жа, здаецца, зараз не вельмі...
- Гэта часова, - сказаў Уладзіслаў.
- Ну што ж, тым лепш. Вось Алёнка таксама любіць яго.
Маці проста зачаравала Берасневіча ў наступныя пятнаццаць хвілін размовы. Ён адчуваў, што нават Алёнка перад ёю не больш як дзіця. Гэта была сапраўды жанчына, сапраўды багіня. Шмат бачыла, шмат перажыла. Да Алёнчыных рысаў трэба было дабавіць яшчэ вытанчанасць і нейкую асаблівую натхнёнасць - і тады атрымалася б яе маці.
Берасневіч таму падсвядома зрабіў вельмі ўдалы дыпламатычны ход. Ён падумаў і ціха вымавіў:
- Я не ведаю, ці будзе Алёнка мець ваш выраз у вачах. Але лепшага я ёй не пажадаю.
- Алёнка наша адзіная, - упершыню з сумам і цеплынёй сказала Сабіна Аляксандраўна. - Яна яшчэ будзе, вядома, мяняцца. Але такі выраз мець крый яе божа. Былі ў маім жыцці вялікія пакуты. І ў вачах застаўся след, якога я ёй ніколі не пажадаю. Не, у яе будзе іншае жыццё, шчаслівае, лёгкае. На шчасце, яна мне верыць і, здаецца, любіць больш за ўсё на свеце.
І прыбавіла пасля маўчання:
- Ну вось бачыце, як мы з вамі шчыра разгаварыліся. Чамусьці мне з вамі лёгка... А цяпер не буду вас затрымліваць. Чуеце, там пачалі танцаваць.
Усхваляваны яе апошнiмi словамi, Берасневiч не зразумеў, што гэта была простая ветлiвасць, якая нi да чаго не абавязвала. Ён быў у захапленнi.
І далей ён ужо амаль нічога не памятаў. Ён быў ля Алёнкі, глядзеў на Алёнку, сядзеў ля Алёнкі, размаўляў з Алёнкай. Ён нават хадзіў з ёю на кухню дапамагаць, спрытна рабіў тое, што загадвала.
Перашкаджаў толькі Маркіч, які таксама круціўся поруч, з тым самым сонным выразам у вачах. Ён быццам не разумеў, што перашкаджае.
Алёнка танцавала з Берасневічам мала.
- Savoir vivre забараняе. Гэта мне маці калісьці так казала.
Берасневіч не разумеў, што за важны такі пурыц гэты Savoir vivre, што ён можа забараніць танцаваць кожны танец з тым, з кім хочаш, але спрачацца не стаў. У перапынках ён, карыстаючыся тым, што людзі тут сядзелі зразумелыя, перамяшаў усю кампанію так, што груп ужо не было. Звёў студэнта-матэматыка і студэнта-біёлага. З першым расфантазіраваўся на тэму, якім бы быў свет, каб існавала толькі два вымярэнні і як у гэтым свеце галантны чалавек мог бы ўступіць дарогу дзяўчыне (вырашылі, што трэба было б пакласціся ёй пад ногі жывым мастом і пасля, калі яна пройдзе, стаць на галаву і чароўна пасміхнуцца да яе ў спіну). Біёлагу, ціхаму худому хлопчыку, казаў пра розныя таямніцы афрыканскай фауны: пра керыта, пра агогве і змяю Лаў.
Словам, усім стала лёгка і проста, і Алёнка дзякавала яму за гэта прамяністым позіркам. І так добра даў Берасневіч кожнаму магчымасць праявіць сябе, што ўсе выявіліся таленавітымі, у кожнага быў свой "канёк".
Читать дальше