— Досыць… — просіць літасці пані Вашамірская. — Вады!.. Вады!.. — Яе лоб пакрываецца халодным потам.
Аднаго разу, калі ў адсутнасці бернардынца ксёндз Марцэвіч даводзіў пані мо ў дзесяты раз, што грэшнаму чалавеку з'яўляецца чорт перад самай смерцю, калі ён прыходзіць па душу, каб яе ў пекла забраць, — нячутна, ціха адчыніліся дзверы пакоя, дзе ляжала пані. У пакой увайшоў чорт, высокі, з казлінымі рагамі, з хвастом, з бліскучымі вачыма…
Ксёндз Марцэвіч сядзеў каля пані і заканчваў новую імправізацыю пра чорта.
— Во якраз такі, як пані бачыла на абразах, дзе намалёваны страшны суд, — канчаў апошнія словы ксёндз Марцэвіч. — Але толькі грэшныя павінны яго баяцца…
— Мэ-э-э! — замэкаў чорт пры дзвярах. — Я прыйшоў па душу пані…
Пані з крыкам падскочыла на ложку і зірнула ў бок чорта.
Не менш за яе спалохаўся і ксёндз.
Ён пачаў класці крыжы і шаптаць:
— Згінь, сіла нячыстая! згінь! У імя Айца, і Сына, і Духа святога. Амэн!
— Не бойцеся, — сказаў чорт, — я той самы мніх, я пажартаваў.
Чорт сарваў з сябе рогі, якія стукнуліся аб падлогу, сарваў хвост — стаяў ранейшы мніх…
Ксёндз Марцэвіч кінуўся да яго з кулакамі.
Бернардынец яго далікатва спыніў:
— Я і не мніх.
Мніх зняў з сябе грым і свіснуў салаўём. Пані Вашамірская ўжо не чула і не бачыла Салаўя, бо заснула навекі.
Ксёндз Марцэвіч казеліў вочы.
— Як вам, ойча, падабаецца мой мніх і чорт? — запытаўся Салавей лагодным тонам у ксяндза Марцэвіча. — Недарма ж я быў у панскай студыі пад вашай апекай…
Салавей выняў з кішэні канчук…
— Няхай толькі ачуняю, — шаптаў пан Вашамірскі самому сабе, — тады я з імі, хамамі, па-свойму расплачуся. За ўчынак Салаўя жылы буду цягнуць з усіх прыгонных. Нікога не прапушчу.
Пан Вашамірскі ляжыць на ложку хворы ўжо некалькі дзён. Сам сабе халодныя кампрэсы да спіны прыкладвае. Ад сораму ён нават нікому з сваіх блізкіх людзей не гаварыў, што над ім учыніў пан Скшымбжыцкі, гэта значыць, Салавей.
Вось ужо трэцяя ноч пасля ўчынку Салаўя, а злосць у пана Вашамірскага расце. Ён ад болю і злосці спаць не можа. Ён глядзіць праз адчыненае акно і прыдумляе страшнае катаванне для ўсіх.
— Яны не лепшыя адзін аднаго. Кожны з маіх прыгонных, каб толькі меў магчымасць, учыніў бы нада мною тое самае, што і Салавей… Усіх, усіх люта пакараю!
Праз акно ён бачыць, як па начным небе праходзяць чорныя, як атрамант, хмары з залатымі краямі. Часам выплывае з-за хмар востры серп месяца. Зірне месяц у пакой пана Вашамірскага ды зноў схаваецца. А вецер гоніць хмары па небе, нібы пастух стады дзівосных жывёлін. То соўваюцца наперад некалькі аграмадных мядзведзяў без ног. Праз хвіліну мядзведзі перакідваюцца ў нейкую істоту без галавы з доўгімі нагамі, з залатым хвастом. Яшчэ раз хвіліну істота без галавы рассыпаецца ў стада цёмна-сініх лебедзяў. Вецер гоніць іх наперад.
Шуміць вецер у парку. Пан Вашамірскі ловіць вухам шушуканне дрэў. Непрыемна яму гэтае шушуканне — падобнае да шэптаў многіх людзей. Прыслухоўваецца пан Вашамірскі да начных галасоў у маёнтку і дзівіцца:
— Чаму ж гэта сягоння сабак не чуваць?
Ён пачынае непакоіцца.
— І бражджоткі старога вартаўніка таксама не чуваць…
Страх нападае на пана Вашамірскага.
— Што гэта можа быць?
Шуміць вецер у парку. І нібы крокі чуваць з розных куткоў вялікага дзядзінца, і нібы гоман людскі.
Пан Вашамірскі адчувае, што ў яго грудзях пуста робіцца, а валасы на галаве растуць, растуць…
Ён ціханька адчыняе акно і высоўвае галаву. Па вуглах будынкаў мітусяцца людскія цені. Невялікімі грамадкамі — па тры, па пяць чалавек.
Хацеў пан Вашамірскі крыкнуць: «ратуйце!» і не мог, язык анямеў. Хацеў ён шапнуць: «Пан Езус…», ды твар яго скрывіўся. Ён успомніў Каспараву Марыльку, што «божай маткай» стаяла ў касцёле «Кроў Езуса». Мільгануў у яго ўяўленні «дух святы» ў постаці доктара багасловіі і філасофіі ксяндза Курачковіча.
Хоць страшна было пану Вашамірскаму глядзець уніз праз акно, але вачэй адарваць не мог.
Цяпер ён пачуў гул людскіх галасоў ва ўсіх пакоях палаца. Тупат ног па мяккіх дыванах, нейкае бароканне, хрыпы, лаянкі.
Адвярнуўся пан Вашамірскі ад акна толькі тады, калі блізка за сваёй спіною пачуў у сваім пакоі гулкі свіст.
Перад ім стаялі Салавей і чорнабароды Язэп. Яны запалілі свечку, і чорнабароды Язэп звярнуўся да пана:
— Давай грошы!
Пан Вашамірскі не мог і слова сказаць ад страху, толькі рукою паказаў на кованую скрыню пад ложкам.
Читать дальше