ЮСЦІНАС МАРЦІНКЯВІЧУС
ТРАВА I КАМЕНЬ
Трава і камень: Вершы. З літоўскай.— Мн.: Маст. літ., 1981 — 159 с., 1 л. партр. (Паэзія народаў СССР)
РэдактарН. I. Тулупава.
МастакМ. А. Вецік.
Мастацкі рэдактарУ. М. Якунін.
Тэхнічны рэдактарЛ. М. Шлапо.
КарэктарТ. В. Трубач.
Белым-бела ўсё навокал, белым-бела!
Паміж небам і зямлёй расталі межы.
Бестурботна снег палотны свае сцеле,
Вее радасцю ягоны подых свежы.
Я прыжмуруся, ўпаду ў сумёт дзе-небудзь,
Як пад сонцам, расхіну наросхрыст грудзі —
Хай пальецца белізна мне ў сэрца з неба
Бестурботнасцю пяшчотнай і бясконцай.
1958
Цені клаліся на паплавы,
чэзлі сонца барвяныя блікі.
Урачыста над цішаю плыў
гул званоў, што на пацеры клікаў.
А ў ваколіцы дню наўздагон
першы трактар гурчаў дзелавіта.
Людзі беглі, забыўшы пра звон,
каб дзівосным тым дзівам дзівіцца.
I ў гурчанні матора глухім звон
свой голас нашчэнт замарудзіў:
можа быць, першы раз перад ім
шапкі скінуць забыліся людзі.
1956
Ніколі не бачыў
Такога прыгожага захаду сонца.
I ў светлым настроі такім
Я ніколі не быў.
Рассеяліся ўжо на ўсходзе
Грымотныя хмары,
I сэрца нарэшце
Знайшло супакой,
Здаецца, нібыта я змог
Разгадаць таямніцу,
Якая патрэбна для ўсіх
I святая для ўсіх.
Не ведаю толькі:
Ці хопіць жыцця,
Каб паспець мне пра гэта
Хоць трохі сказаць.
1958
Хачу гаварыць пра зямлю,
Ды слоў не хапае ў мяне,
Таму гаварыць буду словамі іншых.
Я чуў, пра зямлю гаварылі «мая».
I людзі, сціскаючы зубы,
Ад ворагаў і ад сяброў баранілі
Змест гэтага слова.
Я чуў, як маліліся людзі зямлі
I ў шчырых малітвах прасілі:
«Ты, родная наша матуля-зямля,
Нас накармі, апрані нас».
Я чуў, пракліналі людзі зямлю,
I ў гэтых праклёнах бяссільных
Спрадвечнаю скаргай гучала жальба:
«Не маці ты — мачыха злая».
Я чуў, называюць «нашай» зямлю,
Аб ёй прыгажэй і не скажаш.
Бо ў слове тым «наша» змяшчаецца больш,
Чым скажа нам слова «мая».
1956
Мора сцюдзёнае і нежывое —
Быццам твар хворага,
Забінтаваны белай павязкай.
Няма вачэй —
I не відаць яго дум.
Няма губ —
I не чуваць стогну.
I няма твару —
Толькі белая павязка.
На беразе чайкі
Мітусяцца і крычаць,
Што мора памерла,
Што пакінула іх.
1961
Далёка
Па зямлі, што ў смузе веснавой падсыхае,
Дзяўчынка бяжыць.
Ёй, напэўна, семнаццаць гадкоў,
I ёй нельга не бегчы.
Валасы з паркалёвай сукенкай
Трапечуць, як сцяг.
А зямля, што чакае сяўбы,—
Ёй мільёны, мільярды гадоў,—
Як зярняты ў сябе,
Ногі белыя гэтай дзяўчынкі прымае.
Яшчэ ўсё так далёка —
Дык адкуль гэта радаснае прадчуванне ўраджая?
1961
На беразе сосны. Чакаюць. I чайкам зайздросцяць.
I ў прострадзь глядзяць: ці не плыве карабель?
На самым світанку. Заружавелі лёгкія ветразі.
I — ток хвалявання
стрункія целы працяў.
Замітусіліся ўвішныя чайкі.
А карабель усё плыў, не спыняўся, мінаў.
Мабыць, да іншага берага, мабыць, да іншых соснаў.
У якіх шчаслівейшая доля.
У якіх літасцівейшы бог.
I раптам ускінулася ў паветра
і — паляцела,
як птушка,
адна сасна...
I рынуліся ўслед за ёю іншыя,
незвычайна
сабою уражаныя...
Астатнія так і памерлі,
не здагадаўшыся паляцець.
1961
Я пушчу сягоння сэрца прагуляцца.
У самоце захацелася застацца.
Ахінае вечар мяне змрокам,
I такім спакоем некранутым,
I такою лёгкасцю раскутай!
Адышлі трывогі так далёка.
Ахінае вечар мяне змрокам.
Я пушчу сягоння сэрца прагуляцца.
У самоце захацелася застацца.
Я прашу: не затапчыце толькі сэрца!
1960
Працягваюць рукі, напружваюць вочы,
Зблытаўшы яву і сны,
Да ісціны людзі крочаць і крочаць,
Хоць ісціна — самі ж яны.
Читать дальше