Скарына. Затое мне ў іх давялося не аднаго сабаку з'есці.
Вартаўнік. Тады пішы і мяркуй, як мы за тваю адседку некаму бакі намнём.
Скарына. ( весела, узбуджана ). Ды давядзецца ўжо!.. ( Ціха .) А пляменніка Рамана сюды не вядзі ― пастка ўсім тром. Закрыецца ― не вылезем.
Вартаўнік. Сапраўды, гэта нікому не ў шапку, як нячысцік падкоціцца. ( Вяртаецца, вымае з-за пазухі скрутак. ) Аладкі з'ясі. Анэльчыны, з макам.
Скарына( бярэ скрутак ). Еш дурань, бо то з макам...
Вартаўнік. Не забыўся полацкай прымаўкі?..
Скарына. Памятаю...
Вартаўнік выходзіць. Грымяць запоры.
Сцэна зацямняецца.
ІХ
З успамінаў Скарыны
Кёнігсберг. Герцаг Альбрэхт праглядае ліст з падвешанай да яго пячаткай.
З'яўляецца Скарына.
Скарына( з паклонам ). Рады вітаць вас, пан герцаг...
Альбрэхт. Рады вас бачыць, шаноўны доктар. Мне ўчора сказалі, што вы атрымалі ад сваіх блізкіх нядобрую вестку, якая вымагае часовага ад'езду з Кёнігсберга.
Скарына. Так, ваша міласць, і толькі таму, каб знайсці справядлівасць у судзе і абараніць свае маёмасныя правы, парушаныя несумленнымі людзьмі... Хоць больш за ўсё мяне занепакоіла раптоўнае нагоршанне здароўя жонкі... Пры ёй двое малых.
Альбрэхт. Вельмі вам спачуваю.
Скарына. Шчыра дзякую.
Альбрэхт( крыху напышліва ). Спадзеючыся на наша хуткае спатканне, калі вы вернецеся да нас сям'ёю, і пацвярджаючы нашы самыя сардэчныя да вас адносіны, мы рады дапамагчы вам нашай просьбаю да слаўнага друга нашага канцлера Гаштольда быць да вас уважлівым і спагадлівым.
Скарына. Сардэчна дзякую вам.
Альбрэхт. Мне надзвычай прыемна зачытаць наша пасланне да пана канцлера, каб тым самым яшчэ раз выказаць нашу вам глыбокую павагу і самыя высокія ацэнкі вашай годнасці. І не доўгага нашага знаёмства было дастаткова, каб мы палюбілі вас назаўсёды.
Скарына. Вельмі крануты. Вельмі...
Альбрэхт( не гучна, але ўрачыста чытае пасланне ). «У абарону пана Францыска Скарыны з Полацка, доктара медыцыны.
Да пана Гаштольда, 16 мая.
Паклон шлём і ўсякае зычанне са шчырай гатоўнасцю нашай да ўчынення рознага роду міласцей. Знакаміты і высакародны, з выдатных сяброў найдаражэйшы.
Не так даўно прыбыў пад нашу ўладу выдатны і шматвопытны муж Францыск Скарына з Полацка, доктар прыгожых мастацтваў і медыцыны, даравіты выкладчык, падданы Вашай высокай Міласці і найслаўнейшага горада Вільні грамадзянін. Звярнуўшы ўвагу як на яго сапраўдны і дзівосны талент, так і найвышэйшае майстэрства, якое ён дэманструе са здзіўляючым бляскам і вопытнасцю, якую набыў, відаць, не інакш як толькі праз сваю шматгадовую працу і падарожжы дзеля пазнання мноства ведаў, мы міласціва прыпісалі яго да ліку і кола нашых падданых і верных мужоў і паставілі яго ў рад тых, да каго прыхільна адносімся...
Просім, каб вышэйназваны доктар Францыск, наш падданы і слуга, не быў пакінуты на волю лёсу, але, згодна з нашым пажаданнем і дзеля неабхоцнасці і нашага цеснага сяброўства, няхай Ваша слаўная Вялікасць будзе добры да яго, параіць і дапаможа ў яго справе з бесстароннасцю і справядлівасцю як чалавеку дастойнаму, рэкамендаванаму. За гэта мы Вам як сябру вельмі прыязнаму і ўсім Вашым з усякай рупнасцю і дбайнасцю аддзякуем...
Дадзена ў Кёнігсбергу 16 мая 1530-га". ( Перадае грамату Скарыне .)
Скарына. Мне толькі і застаецца, што шчыраю і сумленнаю працаю пацвердзіць усё вамі сказанае.
Альбрэхт. Такое ж пасланне Віленскаму сенату я перадам вам перад ад'ездам.
Скарына схіляе галаву.
Сцэна зацямняецца.
X
Кракаў. Чалавек у чорным і Бона .
Чалавек у чорным. Што ўдалося ў Кёнігсбергу?
Бона. Доктар зрабіў памылку, якую яму ніколі не выправіць.
Чалавек у чорным. Дакладней!
Бона. Паверыў хлусні нашага выведніка і не паверыў каралю.
Чалавек у чорным( настойліва ). Дакладней!
Бона. Пры адным слове нашага выведніка, што яго жонка раптоўна захварэла, а сваякі накінуліся на спадчыну яшчэ не памерлай, доктар пакінуў Кёнігсберг і памчаў у Вільню.
Чалавек у чорным. Пры чым тут кароль?!.
Бона. Не так даўно кароль па просьбе доктара ўдзельнічаў у разглядзе судовай справы па абароне спадчыны яго жонкі. Суд вынес рашэнне, якім уся рухомая і нерухомая маёмасць замацоўвалася за жонкаю і дзецьмі доктара на вечныя часы, а яе родзічам было загадана «ў тым вечнае маўчанне меці».
Читать дальше